Выбрать главу

Брылёвы разважанні пра мастацтва, пра мастакоўскую шчырасць, аб праўдзе ў творчасці і ў жыцці, пра добрае і дрэннае далёкія ад самамэтнага голага тэарэтызавання, яны пазбаўлены і малой долі эстэцкай гульні. Яны падмацаваны творчасцю, увасоблены ў ёй ды і самі з'яўляюцца непасрэдна мастацкай творчасцю. Гэта чалавечая і мастакоўская пазіцыя. Прычым пазіцыя гэтая на працягу ўсяго творчага шляху пісьменніка прынцыпова нязменная. Яна толькі паглыбляецца, удакладняецца, пашыраецца (дастаткова нагадаць тут хоць бы аповесць «Ніжнія Байдуны»).

Любы творчы прынцып, любая мастацкая пазіцыя — і самі па сабе як тэорыя, і яшчэ ў большай ступені ўвасобленыя ў творах — заўсёды вывяраюцца жыццём: жыццём чалавека, жыццём народа і краіны. Вывяраюцца ўрэшце часам.

Першая кніга Янкі Брыля «Апавяданні» выйшла ў 1946 годзе. Прадмову да кнігі напісаў Кандрат Крапіва. У перыёдыцы творы пачалі з'яўляцца яшчэ раней. Як бачым, больш за 50 гадоў беларускі чытач ведае творы пісьменніка, чытае ўважліва (яны патрабуюць якраз такога чытання), вывучае ў школе, ліцэі, інстытуце і ўніверсітэце, думае над жыццём і літаратурай.

І можна з усёй адказнасцю сцвярджаць, што той чытач, якога пісьменнік займеў на пачатку свайго творчага шляху, і па сённяшні дзень яму не здраджвае. Больш таго, кола чытацкае ўсё пашыраецца і пашыраецца. Нягледзячы ні на якія сацыяльна-палітычныя змены, тым больш на літаратурную і кніжную моду. Такое выпрабаванне часам вытрымліваюць не ўсе. Колькі літаратурных імёнаў, а яшчэ больш твораў, якія ў свой час, нават ужо зусім нядаўна, ну, проста грымелі, раптоўна зніклі. І адчуванне такое, што незваротна. Чаму? Напэўна, не толькі таму, што новыя імёны і новыя творы іх пацяснілі і выцеснілі. Хоць і на гэта забывацца нельга. Сучаснаму чытачу яны аказаліся непатрэбныя па прычыне больш сур'ёзнай — прычыне іх духоўнай недастатковасці для сённяшняга стану грамадства, стану чалавека.

Брыля ж чытаюць, як і чыталі. Чытаюць сур'ёзна, уважліва, чытаюць па патрэбе душы. Чытач не расчараваўся ў ім. Бо ў пісьменніка не было палітычна-кан'юнктурнай мітусні, падладжвання пад непатрабавальны густ чытача, не было і няма спекуляцыі.

Ёсць каштоўнасці эстэтычныя і этычныя, асноватворныя, непераходныя ў жыцці і ў літаратуры: высокая адказнасць за выказанае слова, найдасканалейшае майстэрства, вернасць праўдзе і шчырасць.

Пра што піша Янка Брыль?

Пра вечнага працаўніка, пакутніка і творцу, гаротніка і вечнага шукальніка, простага чалавека. Пра дзяцей ягоных і бацькоў. Пра такі складаны, пакутлівы і гераічны лёс радзімы. Карацей, піша пра тое, што хвалявала нас учора, хвалюе сёння і будзе хваляваць заўтра. Пра тое, што непадуладнае часу, пра тое, на чым, як кажуць, свет стаіць.

«Ціхае, цёплае адчуванне любасці да роднай зямлі, прыроды, нашых людзей, нашай мовы і песні заўсёды жыло ўва мне і жыве. І дома ў розны час, і ў людзях заўсёды было, — у Заходняй, у войску і на вайне, у палоне і ў час ўцёкаў, у далёкіх паездках на поўнач і поўдзень сваёй, савецкай краіны, і за межамі яе». Так пісаў Брыль у свой час.

Тут не проста прыгожыя словы. Гэтаму верыш, гэта сапраўды так. Бо інакш адкуль тады гэты чысты і светлы настрой любасці, якім наскрозь пранізаны творы пісьменніка, іх празрысты эмацыйны лад, іх жыццесцвярджальны, аптымістычны настрой, празрыстасць і чысціня слова і фразы. Або адкуль тады боль, роспачлівасць, адчай, што наскрозь пранізваюць аповесць з такой простай звычайнай назвай — «Муштук і папка». Ці велічная, драматычна-эпічная стрыманасць аповеду і эмацыйнага ладу такіх твораў, як «Маці», «Memento mori», «Дваццаць». Або дзе крыніца адкрытай паўнаводнай чыстай лірычнай плыні ў рамане «Птушкі і гнёзды».

Раман гэты — адзін з самых асабістых твораў Янкі Брыля. Асабістых не толькі паводле духоўна-эмацыйнай напоўненасці, надзвычай адкрыта суб'ектыўнай, але і насычанасці падзеямі і фактамі непасрэдна аўтабіяграфічнага характару і зместу.

Жанр рамана даў сапраўдную прастору чыстаму, празрыстаму, глыбокаму лірызму пісьменніка. Лірызм Брыля — гэта не толькі настрой, эмацыйны лад, не толькі «лірыка слоў». Лірызм — стыхія, агульная атмасфера, паветра, вызначальная сіла творчасці. Выбар характараў: душэўна багатыя, надзвычай чулыя і ўражлівыя; прынцып іх стварэння: менш паказваюцца ў дзеянні, а больш праз аналіз унутранага свету — раскрыццё іхніх думак і пачуццяў; развіццё і вырашэнне канфліктаў у маральна-этычным плане; рух сюжэту як рух унутраны, рух думкі і пачуццяў, сюжэтныя счапленні, якія пераважна ідуць па настроі, асацыятыўна; дыялогі, у пераважнай большасці пабудаваныя на адпаведным настроі, ім пранізаныя; мова, эмацыйна афарбаваная — усё абумоўлена лірычнай прыродай таленту Янкі Брыля, вынікае з яе. Спосаб асэнсавання рэчаіснасці ў яго ў асноўным эмацыйна-паэтычны. Усе падзеі падаюцца праз прызму ўспрымання галоўнага героя. Асабістае лірычнае «я» пісьменніка выяўляецца вельмі непасрэдна, афарбоўвае ўсё шчырым, глыбокім пачуццём. Калі чытаеш твор, успрымаеш не столькі сам па сабе факт, падзею, гісторыю таго ці іншага персанажа, колькі іх пачуццёва-інтэлектуальны адбітак, пэўны настрой, імі выкліканы.