Ад новай хаты з ашклёнай верандай, з кветкамі ды слоікамі суніц у вялікіх чыстых вокнах, з тэлеантэнай над шыферным дахам па сцежцы ў траве ідуць да ракі дзве дзяўчынкі. Большая з доўгімі чорнымі косамі, у стракатай сукеначцы не да каленяў, голыя ногі, рукі і твар хораша загарэлі. А меншая, светлая, што пацешна тэпае перад большай, загарэла-голенькая ўся, да поўнай святасці без крыльцаў.
Недзе далей ёсць яшчэ два галышы — яны нядаўна таксама прайшлі па сцежцы да ракі. Хлопчыкі з горада — блізняты, «купленыя оптам».
Так мне толькі што гаварыла іх цётка, маладая вясёлая леснічыха, маці дзяўчатак.
— Яны там купляюць у горадзе, не тое што нам тут буслы, дзякуй Богу, прыносяць.
— Малавата купляюць, — сказаў я.
— Грошай, відаць, у абрэз.
— Дый вам не надта носяць. Буслы з бусліхамі. Хоць і за так.
«Бусліха» Яня звонка смяялася — грудзі шчодра трасліся, зубы чыста блішчалі. Пасля ўздыхнула:
— Ой, Міхайлавіч! Хоць бы нам гэтых на ногі паставіць. Цяперашнім светам. Тома ўжо ў трэці пойдзе, а Натка такое ж яшчэ горкае дзіця… — Зноў засмяялася. — Учора плакала, чаму ў яе няма пісунчыка, як у Андрэя з Валеркай. Во як! Дурное яшчэ.
Яна пайшла, а я яшчэ ўсё весела маўчу. Бо меншая леснічаначка, колькі б мы з ёю разоў на дзень ні сустрэліся, усміхаецца мне ці то ўжо сарамліва, ледзь не па-дзявочы, ці то неяк зусім па-даросламу асэнсавана і шматзначна. Скажам, учора, калі я застаў іх, голенькую тройку меншых, без Томы-наглядчыцы, у пяску над ракою. Залатая галоўка, Наташа, усміхнулася крыху спадылба, і вачыма, і губкамі, і па-сталаму растлумачыла нам:
— Гуляем тут.
Нібы яна, трошкі старэйшая за дваюрадных брацікаў, адказвае за іх і рада, што ўсё ідзе ладам.
Бог мой! — больш за паўвека таму назад была ў мяне такая самая сяброўка, мала старэйшая за Наташу, але з вельмі ж падобнай усмешкай…
Недзе ў далёкай, незнаёмай мне Ліепаі ўжо таксама, калі жыве, пастарэла калісьці светленькая Тоня Латышка, у дзеда якое была перад хатай вялізная ліпа, адна з трох на ўсе нашы Аўсянікі.
У дзеда было таксама імя і прозвішча, аднак яго называлі Прочым, ад расейскага «впрочем», якое ён прывёз у маладосці з горада і паўтараў залішне часта, з важнасцю. А маленькую Тоню празвалі Латышкай таму, што бацька яе і сапраўды быў латыш. У першую сусветную вайну наша вёска два з палавінай гады лічылася прыфрантавой, кіламетраў з дваццаць на ўсход ад акопаў, і ў ёй было людна ад салдатні. У дзеда Прочыма быў адзін сын, Цімох, і тры дачкі, меншая яшчэ падлетак, сярэдняя так сабе, нават таўкачаватая, а найстарэйшая з усіх дзяцей, Надзя, была прыгожая і трохі ганарыстая, бо яшчэ і шыла на машыне. Яна ўпотай злюбілася з адным салдатам, латышом, часць якога пасля раптам некуды перавялася, нават ноччу. Спачатку той Франц, што і паехаў не развітаўшыся, пісаў, а потым і пісем ужо не было. З ганаровай Надзі хто за вочы, а хто і ў вочы смяяліся, некаторыя аж надта задаволена, а Тоня — па тагачаснаму акрэсленню — з'явілася на свет незаконна: байстручкай.
Прочымава ліпа, першая ліпа ў маім жыцці, была не проста вялізная, — яна была непараўнана большая за ўсе тыя ліпы, якія мне потым давялося бачыць у многіх вёсках, гарадах, лясах і парках вялікага свету. Яна таксама соладка пахла, і звонка гудзела ад халадочку зямлі да бясхмарнага неба, і ўся аж варушылася ад пчол. Але, у адрозненне ад гэтай, што над ракою, яна была тады яшчэ і страшная. У садзе ў Тонінага дзеда стаяла некалькі вулляў, яны былі кожны на розны колер прыгожыя, і таксама страшныя — не падысці. Удзень усе пчолы гудзелі на ліпе, — бясконца многа іх, і кожная пякучая, ажно вочы запухнуць, калі джыгане.
Тоня пчол не баялася. І ў той наш дзень яна мне сказала на вуліцы:
— Хадзем, Юрык, да нас — я паабедаю, тады пойдзем да вас — ты паабедаеш.
Так яно ў нас, малых, было заўсёды. Каб я сказаў раней, пайшлі б да нас, а то ж яна сказала першая. Зрэшты, мне сёння захацелася пайсці спачатку да іх, і я не стаў камандаваць, а адразу згадзіўся.