Ну, а Валодзя Казак быў маім сябрам заўсёды, паміж усімі іншымі дружбамі.
12
Вясной і на нашу… ат сабе вёску, вяртаючыся хто з Паўднёвай, хто з Паўночнай Афрыкі, а хто з Заходняй Эўропы, апускаліся птушкі. Пара буслоў, шпакі і ластаўкі. Асталяваўшыся пасля выраю дома, любыя госці так і не ўмелі толкам расказаць, дзе былі ды што бачылі. Хоць і гаварылі яны — хто клёкатам, хто мітусліва-прастадушным шчэбетам, а хто гуллівым песенным перайманнем — даволі-такі многа, аднак усё, як здавалася нам, толькі пра радасць вяртання, сустрэчы з нашай, і для птушак роднай вёскай.
Шпакі і ластаўкі — драбяза, якую, каб і вельмі хацелася, не падлічыш. І гэта — прыемнае адчуванне, нібы на зоркі гледзячы, таксама незлічоныя. А бусел — у нас яшчэ кажуць бацян — адзін са сваёю бусліхай, і мы іх віталі, можна сказаць, персанальна. Убачыўшы першага бацяна, мы, хлапчукі, з радасным галёканнем куляліся на падсохлых мясцінах, а дарослыя дзеўкі ледзь не плакалі, заўважыўшы яго не ў палёце, а ўжо на гняздзе: замуж сёлета выйсці не ўдасца… Дзед Богуш, дык той аднойчы, пры мне, нават і павітаўся ўголас:
— Здаровы быў, божая птушка! Каб жа лета нам добра з табой пералетаваць!
І глядзеў на буслянку, задраўшы белую бараду, прыжмурыўшы вочы пад сівымі бровамі.
А мне было вельмі зайздросна, што не на нашым, а на іхнім гумне была адна ў Аўсяніках буслянка. І я туды, на прыгуменне да Богушавых, бегаў часта, балазе яны блізка жылі, і мамін крык: «Юрык! Цэвак няма!» добра даходзіў туды ад нашага парога.
У той час, напрадвесні, сама кросны па хатах ткаліся, і для малых была бясконцая, нудная работа — сукаць уток з вялікіх клубкоў на цэўкі, што намі ж і наразаліся з роўных, гладкіх прутоў малінніку ці сухадрэўка. Такую цэўку з праткнутым мякішам (сёння ўжо ўсю тую тэхніку трэба растлумачваць), насукаўшы на яе нітак, укладалі ў чаўнок. Сукала было драўлянае, з вялікай качулкай-махавіком, а ў рух яно запушчалася бясконцым ляпаннем насліненай далонню па валіку. Процьму тых нітак даводзілася перасукаць з клубкоў на цэўкі, — то шэрых, на будзённы шарачак, то святлейшых, на палатно кужэльнае, то каляровых, на мудрагелістыя дзяругі-перабіранкі. Далонь аб той гладзенькі валік абаб'еш да пухліны, а толькі што, здаецца, выбег за парог — ізноў: «Юрык!..» А тут жа на вуліцы, дзе падсохла ўжо, і «чыжык», і «лапта», і госці такія — бусел, шпакі!..
Ніколі нам не пазнаць было — той самы гэта бацян, што летась быў, ці, можа, сын яго з маладзіцай, а то і проста новыя, якім на гэты раз спадабалася якраз тут. Ці, можа, жонка ў каторага адгэтуль, з леташніх буслянят, што вось сюды свайго і прывяла…
Было і такое адным прадвеснем, што на нашу пару, так і не разгаданую, напаў адзінец. Бойка была заядлая — з пікіраваннем аднаго бусла на дзюбу, штыхам настаўленую буслам другім, з кумільганнем па скаце высокай страхі, калі яны счэпяцца як у грудкі, з пераможным клёкатам законнага гаспадара, калі той чужаніца адлятаў кудысьці, на іншую бойку.
Усё буслінае жыццё праходзіла навідавоку. І гняздо ён падрамантоўваў, і жаніўся, як на трыбуне, і буслянят выседжваў, толькі галава тырчала днямі над гняздом. Вярнуўшыся з балота з купінай ці ламачынай, а то і са спажывай на чатыры лапкі, ён радасна клекатаў, і клёкат гэты вёска спагадліва чула і познім прыцемкам, і на світанні. Часамі бусел саскокваў з гнязда на страху, абыходзіў яго з бакоў і выкідаў адтуль вераб'іныя гнёзды. Нашылася гэтых падсуседзяў многа, і хоць бы ж ужо ціха жылі, без валтузні і вэрхалу, далі б гаспадару ў свабодную хвіліну пастаяць, падумаць на адной назе…
Раней за бусла, а тым больш за ластавак, з'яўляліся ў вёсцы шпакі.
Днямі я думаў, а дакладней сказаўшы — у маіх гадах неяк зноў па-дзіцячы адчуў, які гэта цуд, якое шчасце — зрабіць вясною шпакоўню. І смешна стала, успомніўшы, як я вучыў дачку-пяцікласніцу рабіць «домік шпаку». Было ў яе такое хатняе заданне, па недарэчнай у гэтым выпадку політэхнізацыі. Так захапіўся бацька, паказваючы, што сам і пачаў, і кончыў. Не хапала толькі бярозы, каб разуцца і залезці найвышэй. Ды не ісці ж мне было за Таццянай у школу.