Бацьку — сорак чатыры. Ён пасярэдзіне. Абняў у поясе старэйшага, стройна-высокага пятнаццацігадовага Валодзю. Меншага бацька называў па-гарадскому Ігнашай, а імені Ігнат, Игнатий па святцах, не любіў. Меншы ці самахоць, ці па ўдалай падказцы фатографа абняў аберуч бацькаву левую руку, на локцевым згібе, і злёгку прытуліўшыся да гэтай дужай і добрай рукі з ледзь не дзіцячым яшчэ, чыстым, сур'ёзным выразам твару. Падлетак на чатырнаццатым годзе.
Усмешка ў мяне. Ад таго, што нядаўна расказваў Шура, Ігнатаў адзіны сын, на шэсць гадоў маладзейшы за мяне пляменнік. З бацькавых слоў успомніў ён, як тыя два выпускнікі местачковага вучылішча пайшлі ў Адэсе на славуты базар Прывоз, а там купілі «сініх», баклажанаў, вельмі ж смачных з выгляду, і паспыталі іх на хаду, і ўпотай папляваліся.
На хлопцах строгія цёмныя гімнасцёркі, шырокія рамяні з адпаведнымі спражкамі. З якімі «сімваламі» на іх, наогул чыя гэта форма — ўжо і спытацца няма ў каго. Усе мае знаёмыя, што ў розны час вучыліся ў гарадскім, паадыходзілі ў вечную памяць.
Зноў адхіленне ў мяне. У адзін час з нашымі ў Міры вучыўся Ўладзімір Жылка, у сталасці — таленавіты паэт і таксама сталінскі асуджэнец. Над старонкамі грунтоўнай кнігі пра яго жыццё і творчасць мне прыемна і сумна думалася і зноў вось думаецца, што яны, падлеткі з Загора і Макашоў, і зналіся, і сябраваць маглі…
А галоўнае, што, гледзячы на абарваны здымак, уявілася, дык гэта ўзаемнае шчасце: хлопцам мець такога бацьку, а яму — такіх сыноў.
Па гімназічным «Свидетельстве» за шосты клас, прысланым сёлета мне з архіва адэскага сельгасінстытута, можна меркаваць, што Валодзя літаратуру любіў. Паміж двух «хорошо» і дзевяці «удовлетворительно» горда ўзвышаецца адно «отлично» — па расейскай мове і «Словесности» (там гэта з вялікай літары). Аднак большым кніжнікам мне бачыцца Ігнат. Таму што і вершы яго, юнацкія і пазнейшыя, я чытаў, і ў перапісцы нашай з ім у 1944–1960 гадах бывала гаворка пра літаратуру. У яго — Дастаеўскі, о! «А вы, инженеришки человеческих душ, мелко плаваете». І непасрэдна гутарылі мы з ім пра любімыя кнігі ў летнія дні сорак шостага года, калі ён са сваім Шурам, студэнтам, нядаўнім афіцэрам-франтавіком, гасцявалі ў мяне ў Менску і ў вясковых родзічаў. Са здымка мне ўявілася, што хлопец, які абнімае бацькаву руку, што іменна ён просіць у нашага папы (па-гарадскому ўсё) грошай на той поўны збор Жукоўскага, які значна пазней і мне даў нямала высокае асалоды. Просіць, добра ведаючы, што адмовы не будзе, як ніколі не было. А бацька дае, як даваў і будзе даваць, з тою шчаслівай гордасцю, якую мог ведаць сын патомнага «дваровага» мужыка, што так шчасліва выбіўся ў людзі: праваднік першакласных вагонаў!..
І яшчэ адно, ужо зусім сваё, тады мне адчулася — жаль, што на маю долю дружбы з бацькам прыйшлося так мала…
Ранейшых здымкаў Валодзі і Ігната не захавалася, а быць яны, трэба думаць, былі. Як было ў іх і маленства, якое праходзіла там, дзе і маё, наша з Мішам (другая дружная пара), і іхнія ўспаміны пра маленства мне ў асноўным не вельмі цяжка ўявіць. Тое, што ўспаміналася аднаму з іх на таежным лесапавале, на будаўніцтве Беламорканала, а другому за перадсмяротнымі кратамі, у горадзе з паэтычнаю назвай Белая Царква. Дашкольнае і школьнае маленства ў родным Загоры, у старадаўнім Міры, з яго замкам і паркам, з шумнымі кірмашамі, дзе так цікава было патаўчыся, з царквой, у якую іх, «гарадскіх», вадзілі, з касцёлам, у які з'язджалася навакольнае панства, з сінагогай і ешыботам, каля якіх снавала многа пейсатых «падрабінкаў», сваіх і замежных, з мячэццю для агароднікаў і кажушнікаў татараў.
Было дзевяць вёрстаў дахаты, стары гасцінец, па якім у свой час нямала выхадзіў ды выездзіў і я…
З матчыных расказаў пра зусім малога Валодзю помніцца тое, як ён, дачакаўшыся бацькі з Адэсы, спаць лажыўся ў абдымку з яго чыгуначніцкай шапкай, — каб той ноччу не ўцёк у свой далёкі таямнічы Горад, каб потым зноў так доўга не прыязджаць. І такое яшчэ — як ён аднойчы, ужо крыху старэйшы, некуды знік, прапаў, і мама была ў вялікай трывозе. «Можа, дзе ў Каралевец ужо з віціннікамі заплыў?!» Ад гэтага сказа, які дакладна запомніўся, добра пахне мне роднай гісторыяй. І Каралевец, а не Кёнігсберг, і віціны, віціннікі, да якіх на Нёман, шэсць вёрст па нашай ціхай лугавой Вушы, не наўда і дабрацца. Прынамсі, ва ўяўленні запрацаванай, спалоханай маладзіцы. Яшчэ ж і гаварылася — і тады, і ў маім маленстве: «Лусту адкрою табе тоўстую, як віцінніку!..» Чалавеку цяжкай працы.