Дарэчы, улетку сорак першага, калі прыйшла акупацыя, у пакінутым сельсавеце нашы знаёмыя бачылі спісы людзей, якіх не справіліся вывезці на ўсход. Там — з-за мяне — значылася і наша сям'я, і яшчэ дзве сям'і, у тым ліку і ўдовай бяднячкі Турчыхі з дзецьмі, два старэйшыя сыны якое таксама былі з польскага войска ў палоне.
Дзядзькавай хатай, каморкай, пограбам, хлявом і гумном карысталіся далейшыя сваякі, а потым яшчэ ўсё пры Польшчы, ён напісаў нам прадаць будынкі і пляц і грошы выслаць яму, бо і жывецца туга, і хварэюць жонка і ўнук. Перапіскай ды перасылкай займаўся я. Памятаю з прыемнасцю, як паслаў тыя злоты, а таксама і недаўменне помніцца, з якім чытаў дзядзькавы радасна-ўдзячныя каракулі, з пералікам тых звычайных і не вельмі дарагіх у нашым мястэчку рэчаў, якія там, у Саветах, купляюцца цераз загадкавы, экзатычны «Торгсин». Скажам, бялізна, порткі, чаравікі…
Пасля вайны старому не палепшала…
Ды ён заставаўся самім сабою, усё яшчэ службістам.
Нам ён сказаў, што вызваліцца ў шэсць гадзін і будзе нас чакаць. А пакуль што, як мы зразумелі, ён на рабоце. Людзі зрэдку ідуць праз брамку, у каго трэба праверыць перонны, каму адказаць на пытанне, што ён тым часам, гаворачы з намі, і рабіў.
Здарылася так, што мы, без віны вінавата, увечары прыпазніліся да яго. І тут я ўспомніў тое, што чулася пра дзядзьку ад старэйшых сямейнікаў: што і нервовы ён, і крыўдлівы, і рэзкі бывае, хоць і душэўны чалавек, і любіў спяваць украінскія песні, асабліва са сваёю галасістай хросніцай, нашай Вілітай. Гэта і ў Загоры, калі ён туды прыязджаў, і ў Адэсе, дзе яна вучылася шыць, а ў вайну і ў бежанстве была. На нас ён пакрыўдзіўся, пабурчаў, што мы «знайшлі раднейшых», а тут і вячэра даўно гатова, і суседзі запрошаны. Мы з жонкай павінаваціліся, ён хутка адышоў, разгаманіўся. Пад смажаную скумбрыю, якая і сапраўды астыла, пад памідоры, кабачкі і іншую смакату мы выпілі маленькімі чарачкамі «Червоного міцного», ад чаго Адэса цяплей спалучылася з Украінай, а адтуль — і з нашымі роднымі мясцінамі.
Ён гаварыў па-адэску. «Я слышал за тебя по радио, но думаю: не напишу! Кто чей племянник — я твой или ты мой? Почему Улита мне пишет, а ты что — не можешь?» Хвалячы каго-небудзь, гаварыў: «Это — тот парень». «Слушай, голубчик, сюда…» Да Ніны маёй звяртаўся «мадамачка». «Внучаньку», як і на пероне, пагладзіў па галаве. Паскардзіўся на сваю пенсію: шэсцьдзесят гадоў у адным дэпо, а плацяць капейкі. «Обидно, голубчик Ваня! А все равно — приболею когда, не выйду, так и кажется, что там без меня все поезда постали!..» Праз мноства небеларускіх гадоў прарывалася і наша, загорскае. «Колхоз там хочуць рабіць? Так жа з нашых гор трактары к чорту пазвальваюцца!» А яшчэ і такое, зусім ужо сваё:
«Ванячко, сэрцо маё ўсё баліць. Стары я, адзін-адзіночанькі…»
Калі яго субкватаранты, пажылая бяздзетная пара, што і з падрыхтоўкай вячэры дапамагалі, сціпла развіталіся і пайшлі, я нарэшце спытаўся — пачакаўшы і прыцішана:
— Дядя Павел, как же это с Володей нашим случилось?
Стары, заслужаны рабочы, партрэт якога вісіць на вакзале, бацька двух камуністаў, старэйшы з якіх яшчэ і герой, ён адказаў мне зусім «па-старарэжымнаму», не вельмі і прыцішаючыся:
— Жидова партейная погубила его, вот как!..
Так мы з жонкай другі раз за дзень пачулі тое, чаго не было ў пісьмах. Што нейкі М., партыйны сакратар, жыд, калі Валодзя, загадчык саўгаснага аддзялення, па справядлівасці выкрасліў яго са спісу на ўзнагароджанне, спадцішка насмуродзіў у гістарычнае «куды трэба». Былі ў яго і сувязі, і памагатыя, на беспартыйнага «паляка», радня якога за мяжой, ды яшчэ і «памешчыкі», таго «куды трэба» хапіла…
Цяпер — пра тых, кім дзядзька папракнуў мяне, сказаўшы пра «раднейшых за яго».
Ігнат яшчэ вясной сорак пятага пісаў мне: «Дяде Павлу и Наде по некоторым причинам не пишу». Маё заходніцкае неўразуменне ён праясніў праз год пры сустрэчы. А нядаўна яго Шура, калі мы зноў закранулі гэтую тэму, яшчэ раз растлумачыў тыя «некаторыя прычыны». Сам ён, Ігнат, спачатку свяшчэннік, пасля «перековки» на Беламорканале са сваёй папоўскай маланадзейнасцю схаваўся за ўральскім хрыбтом, а Валодзя наогул «вораг народа» — што гэта за сваяцтва для дзядзькі з яго сынам-камуністам? А для Надзі — мужаў брат і поп былы, і зэк? А для самога Ігната — з адзіным сынам, за якога дрыжалася ўсю вайну, які павінен далей вучыцца? І асцярожнасць тут, і ўсемагутны таварыш Страх!..