Выбрать главу

Тыя «некаторыя прычыны», сцішнаватае для нас з жонкай пачужэнне родных людзей паміж сабою мы ў нейкай меры адчулі і самі. У адносінах дзядзькі з удавой і сіротамі найстарэйшага пляменніка, сына «голубчика Антона», а тым больш да сваякоў па жонцы другога пляменніка, Ігната. Здалося нават, што ўсе яны, бліжэйшыя і далейшыя родзічы, нібы толькі дзякуючы нашаму прыезду і дачуліся адны пра адных, схамянуліся, што вось жа поблізу жывуць, а так даўно не сустракаліся, не ведаюць дакладней: хто, дзе, што…

На «Сквере 9-го Января», які я памятаю як «Старосенную площадь», дзе замест сённяшніх пастарэлых таполяў і акацыяў была проста бязмежная для малечы прастора, стаіць у рад некалькі аднатыпных, невысокіх камяніцаў з брамамі і тунельнымі ўваходамі на квадратныя «італьянскія дворыкі», замкнёныя сценамі — на тры паверхі адна, ад вуліцы, і на два з цокалем з трох іншых бакоў, з вялікімі вокнамі і балконамі — у сярэдзіну. Мяркуючы па колішніх расказах старэйшых і па сваёй памяці, а цяпер і па некалькіх дзвярных візітках, якія паспелася заўважыць, кватэры тут здаўна і пераважна заселены беларусамі. Лейка, Літвінка, Радзюк, Шавейка, Стэльмах, Булдык, Пляскач… У большасці гэта ўжо дзеці і ўнукі тых, што наязджалі ў Адэсу-маму на лягчэйшы хлеб і часцей за ўсё ўладкоўваліся на «жалезнай дарозе». Удала сяліліся паблізу ад вакзала, які цяпер, пасля ваеннага разбурэння, адбудаваны па-сучаснаму, а дамы — тыя самыя.

Зайсці ў нашу былую кватэру, паказаць яе жонцы, а перш за ўсё пабачыць самому, я не змог, бо там не было нікога дома. Зайшлі мы толькі да Ігнатавых сваякоў па ягонай Веры Раманаўне. Старая мачаха, пажылая сястра па бацьку. Выпадкова, па-суседску пабачыўся там і з мамінай, нібы спрадвечнай сяброўкай, якая пляснула далонькамі і развяла іх, пачуўшы, чый я: «Господи, такой крошка был! Сколько же лет прошло?..» А ў іншым доме, цераз адзін, праясніўшы нумарацыю, якая змянілася, мы знайшлі нарэшце і засталі дома тых, каго хацелі пабачыць першымі.

Вузкі, бедны пакойчык. На тое маё, у сорак дзевятым, яшчэ маладое ўспрыманне — немаладая жанчына, як пішацца даўно і часта, са слядамі былое красы, не вельмі здаровая з выгляду. Надзя, «Надежда Ивановна Бриль». Беларуска, па бацьках зямлячка, з не надта далёкага ад Загора Бярозаўца. У дзявочым прозвішчы Трыбуць расейскае вымаўленне даўно адкінула мяккі знак і пераставіла націск з другой на першую галосную — Трибуц. Нават такой беларускасці не засталося.

Праз нейкі месяц яна мне напіша: «…Вы все стоите перед глазами, особенно Вы, Ваничка (разрешите мне называть Вас так, как-то роднее), — как много общего у вас с Володей!..» А тады, спачатку, была таксама стрыманасць. «По некоторым причинам»? Аднак не доўга. Потым пайшлі і гутарка блізкіх людзей, і плач, і трохі смеху…

Віктар — бялявы, моцна загарэлы, быстры адэскі галубятнік і рыбак. У мамы, — яна мне сцішана расказвала, — быў клопат і страх, калі ён, у іхняй чуткай камунальнай камеры з дзвюма койкамі, малым сталом каля сцяны і традыцыйнай «керосинкой» у кутку, аднойчы закрычаў… «подумайте только!» — пра Сталіна: «Я ненавижу его! Он убил моего папу!..»

Набліжалася першае верасня, яму трэба было ў сёмы клас, а яшчэ не сабраўся, падручнікаў ды сшыткаў не купіў. Я тады, ужо трэці год, быў «пры грашах»: за той час выйшлі два зборнікі, вясной апублікавалася ў часопісе першая частка рамана. Мы былі з Віктарам адны ў пакойчыку, жанчыны выйшлі ў магазін. І вось я з грошай, якія заставаліся да Менска, працягнуў хлопцу купюрыну: меншыя грошы былі ў жонкі. Ён сумеўся: «Мне никогда таких денег не давали. У мамы нет. Она мне не разрешила бы взять…» Заплакаць можна ад такога, але я стрымана і з няёмкасцю ўгаварыў яго ўзяць і пайсці, адразу цяпер, купіць усё, што трэба. Потым, калі ён хутка вярнуўся з бярэмем кніжак і сшыткаў, мы і далей былі адны ў пакоі, зноў трэба было ўгаворваць пляменніка рэшту пакінуць сабе. «Нет, дядя, я отдам их маме». Строгасць выхавання? Сталенне ў беднасці?.. Кранае гэта і помніцца. І вывад я для сябе зрабіў тады, на некалькі гадоў наперад…

Валя жыла асобна і з'явілася пазней.

Сярод маіх пляменнікаў — большасць дзяўчат. Калі я ўпершыню ўбачыў «адэскую Валю» (ёсць і другія Валі, вясковыя), іх, пляменніц, было чатырнаццаць. Няёмка перабіраць, ацэньваць, але пятнаццатую, Валодзеву, я любіў, здаецца, найбольш. Перад усім, вядома, з-за яе трагічнага сіроцтва. Дый так, сама па сабе, яна была слаўная. Добрая, шчырая, шчабятліва вясёлая. І ўся наша радня яе любіла. Гэта — пазней ужо, пасля таго, як я ўлетку пяцьдзесят дзевятага ездзіў на толькі што купленай «Волзе» ў адэскі дом адпачынку ўкраінскіх пісьменнікаў, а вяртаючыся адтуль з прыемнасцю пачаставаў нашу Валю радзімай бацькоў. З жонкай, траіма дзецьмі і госцяй — на Кішынёў, Львоў, Берасце, з заездам у Белавежскую пушчу, і — у нашу сталіцу, Загора. Дзе жылі яе цётка і дзядзька. Тады ў суседнія Маласельцы, дзе яшчэ адзін дзядзька. Пасля ў «далёкае» па-ранейшаму, за цэлых семнаццаць вёрст, Палужжа, дзе найстарэйшая цётка. І ўсюды столькі дваюрадных, і ўсе так шчыра рады ёй!..