- Я чэх Эдуард Новак, доктар з Пражскай ваколiцы. Мой бацька, калi ўмiраў, сказаў мне: памятай, што некалькi блiжэйшых да нас пакаленняў чэхаў будуць жыць дзеля таго, каб Чэхiя асталася навек свабоднай. Мой бацька памёр за два гады да таго, калi немец каваным ботам стаў нам на горла. Я памятаю свайго бацьку i шаную яго. Немцы мабiлiзавалi мяне ў сваю армiю. Я ўцёк i туляюся, выпрасiўшы сабе ў чалавека пад Слонiмам адзежу.
Эдуард Новак тут i астаўся, таксама чакаць будучынi. Самым галоўным яго клопатам стала Марына. Ён раiў ёй i лекi: спакой, цiшыню i сон. Пад канец той восенi нейкi, можа нават i заблудны цi збiты з тропу немец скiнуў дзесьцi тут свой груз бомбаў. У чыстым полi i сярод дня. Аддалены грукат дайшоў да вушэй Марыны, i яна змянiлася з твару. Вельмi можа быць, што ў яе падсвядомасцi пачалi ўзнiкаць карцiны перажытага. Яна ўпала ў адчай i смутак, i хвароба яе як бы адкiнулася. I найвялiкшае гора было тое, што яна зноў пакiнула бачыць. Эдуард Новак не адыходзiў ад яе. Ён хадзiў сам у блiзкае Залессе, дзе жылi ў зямлянках людзi, i даставаў там Марыне хлеб. Ён жа ёй зрабiў i труну, i гэта бачылi тыя ўчатырох, калi толькi што з'явiлiся сюды. Калi Марына ляжала ўжо нежывая, Эдуард Новак стаў на каленi, пацалаваў ёй ногi i сказаў, душачыся горам:
- Няхай жыве Чэхiя! А я да старасцi цябе памятаць буду.
Гэты самы чэх i кiраваў цяпер, у гэты познi вечар, усю сваю ўвагу на студэнта Ўладзiмера Ярмалiцкага. Калi Мiкалай Сямага скончыў шаптаць студэнту пра сябе, чэх стаў над студэнтам i, крывячы вочы на печ, дзе калываўся немец з апухлым тварам, сказаў, горача i як бы тонам важнага паведамлення:
- Калi Марына памерла, мне цяжка было на цэлы той дзень астацца пры маёй надзеi на мой зварот на бацькаўшчыну. Я хачу сёння саснiць Марыну, а табе жадаю саснiць тваю мацi ў родным доме.
- А я ўжо снiла Марыну, - абазвалася нечакана Гануся, i на яе голас азiрнулiся ўсе. А яна абвяла кожнага з iх вачыма, i выраз яе твару быў такi, быццам яна хацела сказаць: "Якое было б шчасце, каб вы ведалi, як мне цяжка жыць! А калi i лепш стане, то нiводная ж з нябожчыц з мёртвых не ўстане". Пячаць вялiкага смутку ляжала на яе твары. Выраз яе твару быццам прыгнятаў увесь свет.
- Як густа зоры ў небе сталi! Усё неба ў зорах! - раптам сказаў студэнт i прыўзняўся на локцi. Вочы яго кiравалiся ў акно, за якiм была зорная ноч i сiлуэт вялiкага дрэва.
- Млечны Шлях! - моцна сказала Гануся, павярнуўшыся да акна. - За дзень да вайны, калi мы яшчэ i не думалi, што яна будзе, мы з Марынай цэлую ноч прастаялi на балконе i глядзелi на Млечны Шлях. Гэтая зорная дарога так вабiла кудысьцi нас! Мы тады з Марынай маўчалi-маўчалi...
- Нашто мне зоры, калi iх не бачыць Марына! - бурна сказаў Мiкалай Сямага i сцiснуў зубамi нiжнюю губу.
- Божа, якое зорнае неба бывае ў Чэхii, - не менш бурна сказаў Эдуард Новак i застыў перад акном. Студэнт, як уражаны доўгачаканай радасцю, не адрываючыся, глядзеў у зоры. Ён перарваў маўчанне ўзбуджаным шэптам:
- Уночы пасля дажджу, калi мокрая кара шасцi вязаў пахла на ўвесь свет, заўсёды ясныя былi зоры.
- Калi я быў малы, над Бранчыцкiм маёнткам заўсёды ясны быў Млечны Шлях, - сказаў той, што так перамёрз быў у летнiм пiнжаку.
Пачалося маўчанне. Усе як ёсць маўчалi i кiравалiся тварам i вачыма ў неабдымны свет прасторы, сярод якога стаяла гэтая хата. Адзiн толькi немец з апухлым тварам нешта ўсё шморгаў нагамi аб печ. Калi Гануся зiрнула на яго, то ўбачыла, што ён стараецца злезцi з печы. Нарэшце ён нейк няспрытна саскочыў з яе i, прыклыбаўшы да акна, прыпаў iлбом да халоднай шыбы. З тым сваiм ранейшым жудасным акцэнтам, ломячы расейскiя словы, ён прагаварыў:
- У мяне дома ёсць пятнаццацiгодняя Гертруда. Яна любiць глядзець на зоры.
I раптам адбылося нечаканае. Гануся аж уздрыганулася. Апухлы свой твар ён наблiзiў да Ганусiных вачэй i пачаў гаварыць. Чамусьцi гэта было падобна, што ён хоча сваiм страшным хрыпатым голасам праспяваць тое, што хацеў сказаць.