- Спускайся за мною.
Нейк бокам яна з'ехала на двор па вяроўцы. Яны яшчэ бачылi, як паволi спускаецца ён. У наступную секунду яны рушылi ў дарогу. Яны прайшлi паўз Марынiну магiлу i пайшлi лесам. Сямага дастаў з-пад трухлявага бервяна тую аўтаматычную зброю i набоi да яе, якую ён тымi днямi чысцiў, калi не знаходзiў сабе месца пасля пахавання Марыны.
- Гэта яшчэ ў першы месяц, калi я прыйшоў сюды, я знайшоў на шашы i не ўмею як з яе страляць, - сказаў ён да Ярмалiцкага.
Новак абмацаў зброю i панёс яе. Аддаляючыся ад узлесся ў глыбiню лясной сцежкi, Мiкалай Сямага колькi секунд прыглядаўся да чорнага сiлуэта роднага дома, якi дажываў апошнiя свае хвiлiны. Агню яшчэ не было. Яшчэ стаяла цiхая цемень. За лесам яны мiнулi зямлянкi, дзе тлела нуднае жытло некалькiх сем'яў. Ранiца застала iх далёка ад таго месца. Яны iшлi моўчкi, думаючы пра тое, як, адышоўшы з кiламетр ад зямлянак, яны ўбачылi былi за сабою зарава. Гэта быў момант, калi боль душы i смутак скалынулi Сямагу. Трэцiм днём яны дайшлi да другiх зямлянак, да якiх Сямага калiсьцi даходзiў, калi хадзiў шукаць людзей i добрых навiн. Там яны начавалi, там разжылiся на дарогу хлеба i там дачулiся, што хата згарэла, як свечка, i ў ёй пагарэлi бадай-што ўсе немцы. Толькi адзiн цi два выратавалiся. Праязджалi на матацыклах палiцаi i казалi. Гэтае падарожжа на пачатку зiмы навек асталося ў iх памяцi. Гануся ад хады i ветру паружавела; Ярмалiцкi разышоўся, i яму пачало здавацца, што немач пачала пакiдаць яго. Мiкалай Сямага думаў, што яго вылечыў добры яго настрой. Можа i так. На сто васемнаццатым кiламетры, дзе было скрыжаванне дарог i адкуль пачыналiся месцы, ужо знаёмыя Ўладзiмеру Ярмалiцкаму, яны ўсе аж жахнулiся ад нечаканага дзiва: на абмерзлай абочыне грунтавой каляiнiстай дарогi, якая за крокаў сто адсюль скрыжоўвалася з шашою, сядзелi: з апухлым тварам немец i варшаўскi нешчаслiвец. Яны ўдваiх угiналiся ў торбу i нешта елi з яе. Пухлiна з твару таго немца ўжо намнога сышла. Ён быў у лапцях i ватоўцы з аўчынным каўняром. Варшавяк быў у кажуху. Гануся пазнала гэты кажух: у яго быў апрануты той таўсматы. Гэтае спатканне было ў такой меры непрыемнае, як i нечаканае. Сямага, Новак, Ярмалiцкi i Гануся хацелi стараной абысцi нечаканых падарожных. Але варшавяк iх заўважыў, пазнаў i рушыў проста на iх. Як да свайго, ён кiнуўся за Ярмалiцкага:
- Яны ўсе пагарэлi! Але я яшчэ сабе кажух выхапiў, а гэтага апухлага я ў лесе спаткаў. А пасля мы машыну напаткалi i сюды прыехалi. Браточак. Гэты немец да мяне прычапiўся i не хоча адчапiцца. Куды я, туды i ён. Я iх ненавiджу. Я служыў iм дзесяць год, а яны мяне навек жабраком i бадзякам зрабiлi.
- Гэта ты думаў, што яны цябе зробяць князем ад Ломжы да Смаленска? сказаў з адчаем у голасе Сямага.
- Не, я да яго, - ён кiўнуў на Ярмалiцкага, - дай мне прытулак да канца вайны ў свае мацi. Пасля вайны я азалачу цябе. Я сумысля на Слуцак кiруюся. Але ён цягнецца за мной, гэты апухлы.
Ярмалiцкi нiчога не адказаў, i ўсе пайшлi ў дарогу. Калi праз крокаў сто Гануся азiрнулася, то ўбачыла, што тыя двое iдуць следам. Iх заўважалi ўсе астатнiя дзён пяць дарогi. Назiркам яны iшлi следам. Ярмалiцкi з кожным новым днём усё жвавеў. Цяпер ён пазнаваў ужо асобныя дрэвы i камянi пры дарозе. Ужо ён заводзiў усiх у знаёмыя хаты, дзе-небудзь наводдалек ад дарогi. Людзi яго пазнавалi. Ён стаў зусiм ясны вачыма i настроем. У яго калацiлася сэрца, калi ён сказаў, што дарога зараз пойдзе ўнiз i там вiдзён будзе родны дом i шэсць старых вязаў. Дарога сапраўды пайшла ўнiз. Сiняя iстужка далёкага лесу была перад iмi на блiзкiм даляглядзе. Дзень быў хмурны i мяккi. Намаразь раставала. Шэсць вязаў вiдны былi добра. У гэты час канца восенi i пачатку зiмы яны былi голыя. Але чаму яны такiя чорныя i як бы без голля? Ярмалiцкi шпарка iшоў i не адрываў ад iх вачэй. Гануся, Новак i Сямага iшлi за iм, i няпэўнае чаканне iх стала трывожным. Ярмалiцкi раптам стаў прыглядацца да старых вязаў, i жвавасць пакiнула яго. Моўчкi i не гледзячы ў вочы сваiм спадарожнiкам, ён падвёў усiх да вязаў. Вязы былi без голля i знiзу даверху абсмаленыя. Адлежная намаразь цякла па абвугленай кары тонкiмi струменямi i ападала кроплямi. Ярмалiцкi сцямнеў тварам i сказаў:
- Мокры вугаль нiчым не пахне... Унь мой дом. - I паказаў на кучу асмалкаў, крыху наводдалек ад вязаў. Асмалкi i попел былi i ля самых дрэў. Нейкая рэч на зямлi за асмалкамi, там, дзе была не прыцярушаная яшчэ снегам дарога, узяла на сябе яго ўвагу. Як аслупянелы ён стаў над ею. Гэта быў кавалак дошкi з вяроўкаю i надпiс на iм: "Я, Галена Ярмалiцкая, павешана законнаю нямецкаю ўладаю за тое, што не хацела сказаць, дзе мой сын". Гэта з яе шыi! Вяроўка! Дошка!.. Уладзiмер Ярмалiцкi прыцiснуўся лбом да абвугленай кары блiжэйшага вяза i ўвесь страсянуўся. Нi Новак, нi Мiкалай Сямага з Ганусяй не абазвалiся i словам. Яны стаялi як анямелыя. Толькi Гануся падышла да яго i пачала кiдаць вачыма ў бакi.