Выбрать главу

Павольныя крокi чулiся дзесьцi вельмi блiзка. У цiшынi мокрага дня i пустога месца яны былi як нечаканая трывога. Усе, i Ўладзiмер Ярмалiцкi, паднялi твары i ўбачылi, як паволi падблiжалiся сюды двое. Першы iшоў той самы, у якога раней быў апухлы твар. З твару яго пухлiна ўжо сышла зусiм. У лапцях i ватоўцы з аўчынным каўняром, ён трымаў пад пахаю напакаваную нечым торбу i ўсё iшоў, проста i роўна. За iм на крок iшоў варшаўскi нешчаслiвец у кажуху. Немец падняў адну руку, а другая трымала торбу. Здавалася, што ён хоча аддаць прывiтальны салют. Уладзiмер Ярмалiцкi хапiў з рук Эдуарда Новака зброю, шпаркiм рухам ускiнуў яе i стрэлiў. Немец упаў тварам у асмалкi i не паварушыўся. Варшаўскi нешчаслiвец пабег на ўсе сiлы i доўга вiдзён быў, пакуль не згiнуў дзесьцi за ўзгорыстым гарбом дарогi.

Гануся, Ярмалiцкi, Новак i Сямага шпарка пайшлi з гэтага месца, поўныя расчаравання, смутку i маўклiвасцi. Як дайшлi яны да Асiпавiцкiх лясоў, як асталiся там назусiм у партызанах, як Сямага знайшоў там свайго швагра i сястру Веру - гэта асталося ў iх душах навек. На Ганусiным твары з'явiлася новая рыса. Мiкалаю Сямагу яна нейкiм чынам нагадвала бляск вачэй нябожчыцы Надзеi ў момант iх першага спаткання ўвосень тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятага года.

1944

АПОВЕСЦІ

Лявон Бушмар

Раздзел першы

I

Звераватую панурасць Лявону Бушмару перадаў бацька - княжацкi дробны арандатар. Памёр ён тады, калi Расея ваявала з немцамi. Акрай таго лесу, якi ўсё жыццё сваё вартаваў яго бацька, арандаваў ён ад князя добрую дзялянку зямлi. Калi ажанiўся i аддзялiўся ад бацькi - забудаваўся на арэндзе, усё ў лiк арэндных выплатак князю. Гэта быў стары моцны, як дуб, пражыў ён на свеце год, мусiць, з дзевяноста i рабiў усё да самых апошнiх дзён сваiх. Нават казалi, што гадзiн за дзве да смерцi з'еў яшчэ пару цвёрдых антонавак - гэтак сканаў у памяцi i без думак пра смерць; доктара пры iм не было нiколi, ад самых малых дзён i аж да сканання. Не любiў ён дакторскiх лекаў, зваў гэта прымхаю, панскаю выдумкаю, хоць паноў сам не цураўся. Не верачы ў дактароў, ён гаварыў, што чалавек павiнен як мае быць працаваць, колькi трэба выспацца, у меру, смачна з'есцi - i тады будзе здароў. Калi прыязджаў, бывала, у свае лясы князь, ён, разам з iншымi княжацкiмi дзедзiчамi i гэтакiмi, як сам, дробнымi арандатарамi, заўсёды з'яўляўся ў маёнтак - стаяў там з усiмi перад ганкам па гадзiны дзве без шапкi, пакуль выйдзе павiтацца з iмi князь. Тады цалаваў князю ў калена (у руку цалавалi толькi самыя буйныя дзедзiчы i маёнтаўскiя фундатары) i iшоў адразу дадому, нiколi не застаючыся пагаварыць з людзьмi.

Малады ваўчок - Лявон быў ужо дарослы хлопец тады, калi памёр бацька, але яшчэ ў салдаты не папаў праз гады свае. Незадоўга да смерцi бацька колькi раз гаварыў яму:

- Ты, сынку, глядзi, каб не папасцiся адно ў войска, а калi вайна зацягнецца, дык i пагатоў пра гэта думай, што ж, я ўжо век свой пражыў, можа, i не будзе мяне хутка на свеце, дык думай сам. Калi прыйдзе пара iсцi ў салдаты, дык напрамiлуй Бог старайся як-небудзь выкруцiцца. Можа, грошай трэба будзе паткнуць доктару цi якому iншаму гаду, дык што ж ты зробiш. Трэба дык трэба! Я сам не служыў, грашыма адкупiўся, i нябожчык дзед твой ад рэкрутаў захаваўся: некалькi год засаб стуляўся, часамi, расказваў, цэлы тыдзень пралежыць, бывала, у хляве пад гноем; дык не канечне i табе iсцi служыць лiха ведае за што чорту лысаму.

А калi вайна была з палякамi, Лявону прыйшла ўжо была пара iсцi ў войска, але так усё iшлося, што не лiшне ён i клопату ўжываў, каб не iсцi то адступленнi, то наступленнi, то прыхоўваўся крыху, так яно i сыходзiла. Толькi калi ўжо вайна канчалася, выйшаў быў загад такi, што ўсiм дэзертырам будзе даравана, калi ў тры днi самi з'явяцца. У Лявона, вядома, i ў думках не было з'яўляцца, ды, можа, i не чуў ён пра гэты загад, седзячы, як воўк, у сваёй лясной гушчырнi, але з блiзкiх залесных хутароў два хлапцы сабралiся ехаць i яго падгаварылi:

- Дурны ты, што ты выгадаеш, калi будзеш сядзець дома! Можа, неўзабаве, кажуць, замiрэнне будзе, дык доўга служыць не давядзецца, а так - усё роўна не падаруюць.

- А цi праўда, што цяпер нiчога не будзе?

Яму паказалi друкаваны загад. I хоць ён чытаць не ўмеў, але друкаванай паперцы паверыў i такiм чынам праслужыў у Чырвонай армii нешта з год. Расказвалi, што чырвонаармеец з яго выйшаў несамавiты. Страляў ён добра (разам з бацькам найлепшымi паляўнiчымi былi), але палiтграмата - дык гэта была для яго пакута. Чытаць яго таксама ледзьве-ледзьве навучылi, але ж калi ён пасля вярнуўся дадому, дык адразу i гэта забыўся.