Спачатку быў цiхi настрой. Бушмараў брат, расчулены i ўзлагоджаны, успомнiў свайго хлапчука:
- Бывала, адна ўцеха была, прыедзеш дадому, распрагаеш каня, а ён пад нагамi трэцца, памагаць лезе. Часамi i крыкнеш на яго, i ўшчунеш, калi пасваволiць, але як памёр, дык сам палез бы лёг на яго месца, абы падняць яго.
На твары яго засвяцiлася чуласць. Жанкi заплакалi, уцёр слёзы i сам Бушмараў брат. Так прайшоў абед, а як выйшлi на ганак, каб разысцiся, той жа самы Бушмараў брат не сцярпеў:
- У мяне адрэзалi палавiну ўсяе зямлi, але я хоць толькi што на арэнду быў сеў, але ён!
Ён ткнуў пальцам на брата:
- О! Спрадвеку арэнду плацiў.
- Нiчога не зробiш, - сам жа адказаў брат.
- Чаму гэта не зробiш! - зароў Бушмар.
- Можа, што i зробiш, - хiтра сказаў Вiнцэнты.
Меркла ў лясах. Гусцiлася цёплае неба, адвячорак цадзiў паплаўныя туманы.
Рэчка ўлiлася ўжо ў свае берагi, цякла цiха-цiха. Магутнасць вясны жыла ў лясах i ў полi.
Бушмарава постаць чарнелася над рэчкаю.
Ён зноў быў адзiн. Брат паехаў дзён праз тры пасля матчынага пахавання. Бушмар жа яшчэ некалькi дзён, як выбiты з свае каляiны, не задумваўся нi над чым. Амiля каля яго чула сябе нiякава, кожны адвячорак пакiдала ў сялiбе яго аднаго, начаваць хадзiла ў вёску. Можа, таму, што ад Бушмара слова цяпер больш як калi цяжка было выцягнуць.
- Я пакiну служыць тут зараз, - сказала была раз Амiля.
Ён не пачуў цi так нiчога не адказаў.
На змроку высокая постаць узвышалася над рэкаваю лукою. Чалавек маўчаў, як i ўсё, што было навокал яго. Доўга стаяла высокая постаць. Змрок пагусцеў, неба яшчэ не запалiла зораў.
Чалавек азiрнуўся i пайшоў паволi назад. Храсткi яго носа варушылiся, бровы з'ехалi нiзка i зраслiся.
Маленькая жанчына iшла па траве. У руках яна несла чаравiкi, ад работы ружавеў твар. Яна iшла подбегам ад гумна. Вольнай рукою папраўляла валасы i глядзела кудысьцi паверх усяго. Яна напаткалася высокаму чалавеку. На адзiн момант вочы iх спаткалiся, але чалавек адвярнуўся i пайшоў на высокi ганак. Жаночая постаць прыгнулася ад таго ўзроку мужчыны, больш заспяшалася. От яна сядзiць на ганку i абуваецца. Марудзiць, абцiрае ногi аб мокрую траву, цiха навокал, нiкога нiдзе няма. Жанчына ўстала, яна ўжо гатова была iсцi.
- Дык я пайшла ўжо, заўтра на свiтаннi прыйду, - моцна гаворыць яна тое, што i кожны дзень у гэтую самую пору.
Але чамусьцi яшчэ марудзiць. Яшчэ нагнулася паправiць у чаравiку шнурок, шнурок нешта завязваецца доўга, раптам iрвецца, i яго трэба звязаць. Iдзе жанчына паволi, унурыўшы галаву, трымаецца роўна, як бы чуючы ўсё яшчэ на сабе той момантны зiрк.
Яна iдзе паўз разваленую пуню; пахне з яе прэлая салома i веснавая цвiль. Тут жанчына пайшла шпарчэй, але чалавек выбягае на ганак i моцна заве сабаку:
- Галас, Галас!
Жанчына бачыць здалёк, як цераз двор iмчыцца да гаспадара сабака, як сам гаспадар сыходзiць з ганка. Яна прыпыняецца i глядзiць: а можа, там здарылася што, яна ж тут усю гаспадынiну работу адна парабляе, можа, чаго i не дагледзела.
Чалавек жа адагнаў ужо ад сябе сабаку i iдзе цераз двор. От пайшоў ён шпарка. Яна вельмi павольна паварочваецца да дарогi i iдзе сабе: яна ж ужо развiталася - сказала, што пайшла.
За брамаю гарачая хада магутных ног дагнала яе. Яна не азiрнулася, але чула на сабе чужую буру. Тады з востраю, непераможнаю, пакутнаю i страшнаю радасцю пайшла шпарчэй, штосьцi бяздумна ўгадаўшы ў гэтым. I тады ж пачула, як схапiла яе тая чужая бура. Бушмаравы рукi ўзнялi яе высока, пад звярыным дыхам яго валасы з-пад хусткi казытнулi твар. Слабасць i раптоўны ўздым страсянулi яе. Разам з тым ласкавая хiтрасць прайшла па твары яе.
- Я чуць не вярнулася, думала, што здарылася, - шапнула яна i змоўкла зусiм.
Бушмар цераз увесь двор бегам нёс яе назад на руках.
Праз паўгадзiны яна нехаця выйшла на ганак. У расчыненых дзвярах неўзабаве з'явiўся за ёю Бушмар. Яна сышла з ганка, вельмi паволi зноў моўчкi пайшла да брата цi толькi зрабiла выгляд, што iдзе. Бушмар збег з ганка за ёю. I з трох крокаў зноў схапiў яе на рукi. Хiтрая жаночая ўсмешка лягла на твар яе. Яна ўзмахнула рукамi, вызвалiўшы iх з-пад Бушмаравых, узняла ўгору галаву i ахапiла яго за шыю. Бушмар панёс яе зноў у хату.