Выбрать главу
емцы абстрэльвалi гэтую мясцовасць з гармат. Усюды ўзнiмалiся ўзрывы. Пыл з дымам раз'ядаў вочы i грудзi. Крамарэвiч хацеў прыўзняцца i адчуў, што ранен у грудзi. Кроў закарэла i пакiнула iсцi. Уночы свяцiў месяц. Крамарэвiч хацеў стаць на ногi i ўпаў у непрытомнасць. Вельмi можа быць, што жудасны холад, якi можа быў i ад хворасцi, вярнуў яго да памяцi. Ён калацiўся з холаду i не ведаў, колькi часу ён так праляжаў. Заходзiла сонца, i зямля была мокрая, мусiць, нядаўна прайшоў дождж. З нечалавечай натугай Крамарэвiч усё ж такi падняўся на ногi i паспрабаваў паволi iсцi. Яго вадзiла ўбакi, i ў вачах стаялi чорныя кругi. Сам не ведаючы куды, ён усё iшоў, растапырыўшы рукi, быццам мацаючы паветра i трымаючыся за яго. Разышоўшыся, ён аднак жа пайшоў лягчэй. Ён садзiўся i лажыўся на зямлю i зноў iшоў. У адным месцы, дзе чарнелiся кусты i дрэвы, ён чуў зусiм блiзка ад сябе нямецкую гаворку i ледзьве мог схапiць грудзьмi паветра. На рассвiтаннi ён бачыў, як прайшло палявой дарогай многа нямецкiх танкаў. Ён лёг пад куст палявога быльнягу i не варушыўся. I нiколi так моцна, як у гэтыя моманты, не ныла яго душа па Алесi, Ганцы, Толю i ёй, добрай яго жонцы, такой блiзкай i роднай жанчыне. I па тым кутку пры лесе, дзе сэрца многа знаходзiла цiхай радасцi i дзе ўцеха з малога была лепш за радасць з вялiкага. Пераляжаўшы так многа гадзiн, ён зноў пайшоў. Ужо ён быў слабы i ад раны, i ад голаду. Многа сiлы адабрала i ўся гэтая валтузня. Ён ведаў адно. Па ўсёй мясцовасцi панавалi ўжо немцы, а мясцовасць была незнаёмая. Яшчэ праз паўсутак ён дацягнуўся да нейкай дробнай вёсачкi, дапаў да скошанай i прывялай травы каля частакола з рассунутымi прутамi. Бязвусы, босы i ў чорнай рубашцы без падпяразкi чалавек угледзеў яго i разгаварыўся з iм. Ён паспагадаў яму ў няшчасцi i паклаў на леташнюю салому ў сваёй пунi. Кожны дзень ён прыносiў яму два разы хлеб i малако, i так пайшоў тыдзень за тыднем. Адно што душа была не на месцы, а так усё iшло добра. Хоць паволi, марудна, як свiтанне ўвосень, але варочалася здароўе, а значыцца, у чалавека i надзеi ажывалi. Антон Крамарэвiч, ужо ўвосень, упершыню выйшаў з пунi, ахоплены одумам, што яму цяпер рабiць. Гаспадар яго быў чалавек цiхi i баяўся немцаў. Ён распытваў па людзях, што дзе чуваць, а пасля падоўгу сядзеў з Крамарэвiчам, i яны раiлiся i думалi, як далей трымацца i цi трэба Крамарэвiчу падавацца цяпер у свой раён, дзе аставалiся жонка i дзецi. Хадзiлi аднак жа чуткi, што ў тым раёне, далёкiм адгэтуль, многа нямецкага войска, i там людзi забiлi трох гiтлераўскiх афiцэраў, i карны атрад там даўно ўжо, i няма як туды паткнуцца. Вельмi можа быць, што Крамарэвiч занадта рана падняўся з саломы i не вылежаў хваробы да канца. Бо праз невялiкi час рана адкрылася i хвароба адкiнулася. Ён зноў ляжаў на саломе ў пунi, пад кажухом i ў ботах, бо восень была позняя i пачыналiся замаразкi: снег пайшоў, i маразы пачалiся. Стала зiма. А ён усё ляжаў. Добры лёс паслаў яму чалавека з душой i розумам. Ён прыводзiў да Крамарэвiча доктара, i той сказаў берагчыся i раней часу не ўставаць. Так i зiма прайшла, i вясна настала. I толькi як высахла зямля, Антон Крамарэвiч па-сапраўднаму ўбачыў, што ён як мае быць робiцца здаровы. На пераломе вясны на лета ён цвёрда надумаўся брацца ў свой бок. А там будзе вiдно, што i як далей. Скрываючыся i трымаючыся глухiх закуткаў, ён больш як тры тыднi iшоў у свой бок. Да знаёмай стараны ён дайшоў якраз тады, калi яна апустошылася. Многа людзей забраў з сабою карны атрад. Казалi, што многiя апынулiся ў канцэнтрацыйным лагеры, а многiх пагналi ў Германiю. Дзе-нiдзе Антон Крамарэвiч натыкаўся на чутку, што далёка адсюль, па дарозе ў лагер, многа людзей уцякло з-пад варты. Iм памаглi партызаны, напаўшы на канвой i перабiўшы яго. Самымi гарачымi днямi Крамарэвiч прыйшоў у свой пасёлак. новую сваю хату ён знайшоў з забiтымi дзвярыма i вокнамi, так, як i пiсала яму калiсьцi жонка. Што ж да старой хаты, то яна была як пустка якая: усё паадчыняна, паразварочвана, кiнута абы-як, i нi душы нiдзе. Крамарэвiч кiнуўся па суседзях. Але толькi ў двух хатах знайшлiся людзi. Астатнiя хаты пуставалi. Суседзi казалi ў адзiн голас, што трое Крамарэвiчавых дзяцей i жонка знiклi немаведама дзе. Разам з тысячным цi большым натоўпам людзей i iх гналi некуды. А цi ўцяклi яны, цi не - невядома. I што з iмi, i дзе яны - нiхто не ведае. Антон Крамарэвiч абышоў увесь раён, дападаў куды толькi мог i нiчога не дазнаўся. Вялiкае гора здушыла яго. Да самай глыбокай восенi ён стаў сумным вандроўнiкам. Дзе ён толькi нi быў! Абышоў круг на сотнi кiламетраў. Быў i ў тым баку, дзе з-пад варты ўцяклi людзi. Дзе што чуваць было яму спанаднае, ён кiраваўся туды. I на след не напаў. Нарэшце, ужо ўбачыўшы марнасць сваiх пошукаў, ён узгадаваў у сабе прагу знайсцi дзе сляды партызан i астацца з iмi. Але партызаны сваiх слядоў напаказ не выстаўлялi. Дзе грамаздзiлiся на дарозе куча лому з разбiтых машын i парваных гранатамi на кавалкi немцаў, там, здавалася, яшчэ цiшэй было, як дзе. На дрэвах спявалi сабе птушкi, i спакойна шастала трава пад ветрам. Здавалася, што тут няма i не было нiкога нiдзе жывога. Адзiнокi, як саломiна на дарозе, Антон Крамарэвiч зноў рушыў у свой бок. Ужо нiякiх цвёрдых намераў ён не меў. Дзесьцi ў глыбiнi душы была толькi, як яснасць сонца па той бок хмар увосень, надзея, што пакрысе, як павелiчэнне дня к вясне, выкiруецца ўсё на дабрыню i шчасце. На гэта патрэбен час, i ён радаваўся кожны вечар, што яшчэ адзiн дзень мiнуўся. Так, у маруднай хадзе, ён прычакаў позняй восенi. Ужо быў кастрычнiк, i дзiўна, як гэта так доўга стаяць цёплыя днi. Хоць поле было i пустое, хоць трава была злеглая i збляклая, але часам, з вялiкай задумы, здавалася, што зараз над прыгрэтай сонцам травiнай загудзе пчала. А ў лесе зусiм было цёпла. Часамi яшчэ чуўся пiск камара. Антон Крамарэвiч дайшоў да роднага кутка ў канцы ночы. Было холадна i мокра. Мiнулым днём доўга лiў дождж. Крамарэвiч падыходзiў да лесу. Сцежка, калiсьцi знаёмая, губiлася ў змрочным падлеску. Ён доўга шукаў сцежкi i з прыкрасцю крывiўся, калi пад нагамi трашчала ламачча. Ён кружыўся на адным месцы, убiўся ў мурашпiк, пакаўзнуўся i выцяўся тварам аб зямлю, усхапiўся i, ужо не шукаючы больш сцежкi, рушыў проста ў прастор памiж дрэвамi. Тут жа адразу пачалося поле, i як быццам сцежка чарнелася i вiлася ўгару на ўзвышша. Ён пайшоў сцежкаю i ўбачыў перад сабою дрэва з ададранай галiнай. "Гэта тая самая арабiна, каля якой я некалi араў i на нiзкi сучок торбу з хлебам вешаў". Ён прыгнуўся, абмацаў сук. Сэрца яго як бы ўздрыганулася. Ён пайшоў шпарчэй. Ужо добра свiтала. Дзень пачынаўся ясны. Ён падышоў да шасцi хат. Дзесьцi тут у хляве рыкала карова. Ён падышоў да новай сваёй хаты. Усё таксама яна стаяла з забiтымi вокнамi i дзвярыма. Але бярвенне ўжо яе пачарнела. Быццам стараючыся адкаснуцца ад страшных прывiдаў, ён паддаў ходу, проста да той старой хаты. Ён тады яе замкнуў, калi пакiдаў яе апошнi раз. Ён здалёк бачыць: замок вiсiць на дзвярах, нiхто не зачапiў нiчога. Ён увайшоў у двор. Тое самае ржавае i сплюшчанае ў бляху вядро валялася пад нагамi. Пасярод двара стаяла вада. Белы певень, худы i нейкi доўгi, з вострым i высокiм грэбенем на галаве, спалохаўся чалавека i з крыкам, узмахваючы крыллем, рынуўся наўцёкi. Ён адзiчэў у адзiноце. Ён пакiнуў след пасля сябе, ён начаваў перад вокнамi на плоце. Крамарэвiч згубiў ключ у часе свайго вандравання. Ён падняў камень, адбiў прабой i адчынiў сенцы. Як яго ўразiў пах вiльгацi ў хаце! Першае сонца бiлася ў акно i ляжала на столi. Са сцяны тырчаў той самы драўляны крук, убiты яшчэ дзедам, на якi два цi можа тры пакаленнi вешалi вопратку, хусткi, шапкi. Смутак здушыў Крамарэвiчу грудзi. Ён зноў пад гэтым крукам, пад якiм быў малым, пад якiм часта курыў, седзячы тут на лаве. Яго душа ныла аб тым, што яшчэ так нядаўна было, напаўняла жыццё i радавала чалавека. Ужо ж быў даведзены да даху дом. Гэта нiчога, што заканчэнне дома адклалася, самае большае было зроблена. А дзецi! Старэйшая Ганка ўжо даўно пiсьмы яму пiсала. Яго душу рвала тое, што ён зноў апынуўся ў дзедаўскай хаце, быццам злы лёс сумысля не даваў яму выбрацца на прасторнейшую сцежку, чым тая, па якой iшоў дзед. А каб ён i скончыў дом, i пажыў год цi два ў iм. Тое шчасце было б нiчым перад тым няшчасцем, што цяпер агарнула яго. Ён быў адзiн, без дзяцей i жонкi, без нiкога на свеце. Што з таго, што ён мае дзве хаты! Навошта цяпер канчаць новую хату, калi iх няма. Хоць цэлую вулiцу дамоў дай яму. Гэта толькi павялiчыць яго смутак, нiчога яму цяпер не мiла, няма яму цяпер за што зачапiцца, каб жыць. I няма каму скардзiцца, над душой вiсiць гад з гадаў, бязлiтасны прышэлец з чужой зямлi. Пакуль чалавек жыве, ён ратуецца ад усякай злой навалы. Каб уняць свой смутак, Антон Крамарэвiч падумаў, што трэба ж жыць на свеце. Ён выйшаў, набраў лому, напхаў у печ i падпалiў. Некалькi разоў ён падкiдаў у печ дровы. Печ нагрэлася, па хаце пайшла парнасць. Ён падумаў, што будзе чад, i яму карцела iсцi шукаць людзей i зноў пытацца, цi не ведаюць дзе следу яго жонкi i дзяцей. Замест замка ён укруцiў дротам клямку i рушыў з двара. Той белы худы певень выткнуўся з-за вугла, i зноў убачыў чалавека, i зноў кiнуўся ў лес з крыкам. "Як адзiчэла птушка! Нейк жа i жыве адна, начуе сабе на плоце, жывiцца сама". Думаючы аб усемагутным жыццi, якое на кожным кроку ўкараняецца i iмкнецца да красавання, адчуваючы гэта ўсёй душой сваёй, ён пайшоў у той вялiкi пасёлак, дзе быў раней цэнтр раёна. Там ён гаварыў з людзьмi, нiчога не выяснiў i каб трохi, дык трапiў бы ў рукi палiцаяў, якiя заўважылi нейкага новага тут чалавека. Добрым змрокам вярнуўся ён дадому. Праз пабiтую шыбу дзьмуў па ха