Выбрать главу

А ўвосень работы стала многа, хоць нядоўга прыходзілася прыпыняцца на адным месцы - тыдзень, два - не больш, але затое далей ужо пэўная праца чакала.

Любіў Улас працаваць у глушы восенню. Сытыя вёскі тады. А ў здаровыя ясныя дні «баб'яга лета», калі белае павуцінне блытаецца ў іржышчы за гумнамі, плавае ў чыстым сінім паветры, звон пілы гучна аддаецца ў прасторы.

Весела робіцца за працаю тады...

У пору, калі восень гатавалася ўжо ўступіць месца зіме, работы па вёсках больш яшчэ стала...

Было хоць ясна ад сонца, але холадна.

Начамі былі першыя марозы, але ў палях мала было ім што замарожваць - восень была сухая.

Па аўсяным іржышчы, каля хутароў, цягаліся крыклівыя гусі, а ў чыстым полі і на паплавах панавалі вясёлыя вароны.

Буян-вецер радасна гайсаў па полі, пераскакваў цераз кусты, з песняй забягаў наперад, зазіраў холадам у вочы, трапятаўся за каўняром, блытаўся ў вусах і бародах. Чуць-чуць ад яго пазвоньвала за плячыма піла; боты стукалі размерана, паважна.

- От каб дзе, здаецца, на адным месцы засесці, не люблю цягацца. Каб дзе гаспадарку якую завесці, - сказаў Кузьма.

- Па мне, - адказаў Улас, - можна засесці, можна і хадзіць. Мне ўсё роўна. А пакуль што добра было б прыпыніцца дзе сягоння на работу, цягнуцца далёка ахвоты няма ветрам такім - у вочы сыпле і з ног збівае.

- І ўсяго табе?

- Усяго. Табе другое дзела. Прывык ты к аднаму месцу з малых дзён. А мне ўсё роўна.

- Трэба будзе ў вёсцы якой паклапаціцца, каб на вясну зямлі кавалак адвялі - там і засяду, калі граніца дадому не адкрыецца. Зімою падумаю.

- Падумай сабе... А сяла не відаць нідзе... Заварочваецца як бы вецер з другога боку...

Потым змоўклі і ціха ішлі далей, аддаўшыся глухой дарозе - куды прывядзе... Як дарога крута спусцілася ўніз, узышлі на мосцік над вузкаю рэчкаю. Чыстая вада, сціснутая абкошанымі берагамі, баялася некуды спазніцца і ўсё плыла-плыла, падганяючы сама сябе. Вецер шараваў рэдкімі калівамі пакалечанага быдлам плюшніку аб берагавыя карчы.

- Што гэта ён там робіць, - сказаў Кузьма, ткнуўшы пальцам налева.

Улас стаў і прыгледзеўся.

Там, на жоўта-зялёным беразе, дзе пачыналіся нізенькія кусты ядлоўцу, сядзеў, прытуліўшыся к караваму пню крывое, голае вярбы, рыжы мужык у жоўтым, доўгім кажусе. Ззаду за ім цягалася чорная кабыла, пашчыпваючы нізенькую мёрзлую траву, а вецер падмахваў пасмамі яго доўгае, чырвонае барады, ад чаго падобнымі яны былі да языкоў полымя на вогнішчы ўночы.

- Што гэта яму прыйшло ў галаву пасвіць каня гэтакаю парою?

- Не, гэта ён там так нешта робіць другое.

- Можа і гэтак... Давай сядзем на мосце - аддыхнём і закурым. Ды папытаем, дзе тут вёскі якія ёсць.

Яны селі на халодным мосце, глядзелі ў адно месца, і здавалася ім, што сонца як бы грэць трохі стала.

Рыжы мужык падышоў к пільшчыкам. Высокаю і лёгкаю фігураю сваёю стаяў ён проста пры самым мосце ўнізе, улажыўшы рукі ў рукавы кажуха і ад холаду чмыхаючы тонкім гарбатым носам.

- Аддыхаеце?

- Але.

- Далёка ідзіцё?

- І далёка і блізка. Дзе работа будзе з пілою - нідзе не брышкуем. А сёлы далёка тут?

- Блізка.

- А ты гэта, чалавеча, што каня пасеш гэтакаю парою?

- Пасу, - усміхнуўся крыва рыжы.

- Такі праўда пасеш?

Рыжы скрывіў рот і шырока ўсміхнуўся.

- Ну? - дапытваўся Кузьма. Яму хацелася ведаць, чаго гэта такою парою сядзіць мужык на поплаве. Усімі сваімі пачуццямі і думкамі ён сам быў селянін, і гэта цікавіла яго.

- Ёсць, браце, прычына сядзець мне тут, - загаварыў рыжы. - Вартаўніком сяджу, вось што. Унадзілі ездзіць поплавам - бліжэй, а дарогай - кружней. Па чарзе выходзім кожны дзень, аж абрыдзела. Я сяджу тут і прашу Бога, каб каго чорт нагнаў - не памілую, дубінаю голаў растаўку сукінаму сыну. Проста хочацца, каб хто праехаў. Вось слаўна было б.

- Э-э-э... дык табе, як я бачу, пра поплаў мала клопату, а пра чужую голаў!

- Да гэтага давялі.

- Вось штука... Што бывае з чалавекам часам, гы-гы-гы-гы!..

- Чаго рагочаш, - агрызнуўся рыжы на Кузьму.

- Ды так. Я не з цябе, а з таго, што з чалавекам часам бывае.

- Эх, каб ты згарэла, - гаварыў рыжы, - ніхто, як на злосць, не едзе, як бы ведаюць, што я вартую.

Рыжы ціха, як бы сам над сабою, усміхнуўся. І ўсе яны ўсміхнуліся, потым закурылі. Рыжы ўжо ўсадзіў нос у жменю Кузьмы, дзе тлела запалка, але, не прыкурыўшы, раптоўна ўскінуў галаву ўгору, прыслухаўся і азірнуўся. Там, дзе ён нядаўна сядзеў, грукалі калясьмі драбіны. Рыжы кінуў папяросу ў рэчку і сам пабег па беразе. Драбіны ўехалі ў кусты, ён узаскочыў на каня і кінуўся ўслед.