- Што табе, цётка? - запытаў паціху Мікітка.
- Боль... усюды...
- Даўно?
- Часта хапае...
- Адкуль жа ты?
- Так хаджу... бежанка...
- Мусіць, заразлівая нейкая хвароба, - сказаў паціху Мікітка рыжаму, - гэтакія хваробы на ўсіх пераходзяць.
- І рабі што хочаш, - развёў рукамі атарапеўшы рыжы. А ўжо ў наступны момант забыў ён усе свае думкі, гледзячы ў вочы кабеты і сам адчуваючы тое, што было ў іх. Страшную пустату, якая з'явілася на месцы ўсякіх думак, разам запоўніла нешта новае, дагэтуль незнаёма вялікае па сваёй сіле і страху, які з'явіўся з ім. Тут было і не перажываемае ніколі прагненне не бачыць таго, што свяцілася ў вачах жанчыны, было жаданне чалавека ахваціць розумам усё гэта, роспач чалавека, зразумеўшага слабасць свайго розуму для гэтага.
І яшчэ далей на крок адышоўся рыжы ад хворай к дзвярам.
«Гэта ж смерць ужо», - мільганула ў галаве яго вострая думка, і яго абхапіў прыліў смутку.
Енкі хворай глушылі яго; здавалася яму, што чутны яны ўсяму свету. Апрача хворай і яго было ў хаце чатыры сонных чалавекі, а яму здавалася, што поўна хата людзей, што яны таўкуцца ва ўсе бакі і падымаюць страшэнны шум. Здавалася яму, што поўна хата ў яго заразы, што ліпне яна на сцены, лезе ўсюды, задаўшыся адною мэтаю - згубіць яго. І, як у гарачыню піць, захацелася яму цішыні і спакою. Ён аж прыжмурыў вочы, але шум ад гэтага як бы павялічыўся. Тады ён, невядома дзеля чаго, сказаў у бок Мікіткі:
- Хоць бы агонь у лямпе прыкруціць трохі.
Усё гэта цягнулася некалькі кароткіх момантаў, пасля чаго ён крута павярнуўся і пайшоў у сваю палавіну. Там, накінуўшы на голаў кажух, ён доўга стараўся заснуць і не мог...
Першымі ад енку жанчыны прачнуліся цыганы. Яны ў неразуменні перакінуліся адзін з другім некалькімі словамі, азірнуліся па хаце. Жанчына застагнала мацней. Тады яны абодва ўсталі, падышлі бліжай і глянулі ёй у твар. Там выразна адбівалася ўсё тое, што бачыў рыжы, толькі ўжо з большай сілай.
- Нейкая вельмі заразлівая хвароба, - сказаў Мікітка, сам не ведаючы, дзеля чаго.
І цыганы абодва глянулі адзін аднаму ў вочы, як бы не разумеючы, што робіцца вакол іх. А потым, як бы згаварыўшыся, разам выйшлі на двор і сталі запрагаць коні. І ўжо толькі там, на двары, ходзячы каля прывычнага воза, многа гаварылі, перабіваючы адзін аднаго. Потым пайшлі ў хату, забралі свае рэчы і пайшлі к гаспадару.
Там яны зноў глянулі адзін аднаму ў вочы, як бы адчуваючы сваю віноўнасць перад нейкім за тое, што робяць.
- Х-х-х-хузяін, э...х-х-хузяін, бяры грошы за начлег.
- Палажы на стол, - абазваўся рыжы, не высунуўшы нават галавы з-пад кажуха.
Ён саўсім не здзівіўся, што цыганы сабраліся ехаць. Ён цяпер рабіў натугі, каб пераканаць сябе ў тым, што ў хаце ў яго ўсё звычайна, спакойна і ціха, нічога надзвычайнага не робіцца. Ён не глянуў нават на грошы, не пацікавіўся, колькі яму цыган палажыў іх на стол, не выйшаў нават вароты зачыніць за цыганамі. Ён толькі чуў, як загрукаў на двары калясьмі цыганскі воз па прымёрзшай зямлі, і тады падняўся і стаў хадзіць па хаце.
А цыганы, выехаўшы за вароты, зноў загаварылі. Яны адчувалі сябе лёгка, як бы ўцёкшы ад вялікай бяды.
Выехаўшы ў поле, адзін падпоўз па саломе к перадку і моцна пагнаў коні па сухой, асвечанай трохі асеннімі зорамі дарозе, а другі весела падсвістваў у такт стуку конскіх капытоў.
Ад стогнаў хворай кабеты прачнуўся і жабрак. Ён падняў трохі голаву, высунуўшы яе з-пад халата, і паглядзеў на хату. Кабета ляжала на падлозе, Мікітка падсунуў ёй пад голаў нейкую вопратку, а сам пайшоў на сваё месца, сеў там і стаў ківацца ўзад і ўперад, як бы разгадваючы трудную задачу.
Разгледзеўшы ўсё гэта, жабрак павярнуўся вачыма к сцяне, падцягнуў калені к самай барадзе, увесь сагнуўся, скорчыўся, стараючыся нічога не чуць, нічога не бачыць, як можна менш займаць месца, нікому не замінаць і быць ні для каго незаметным.
Але заснуць ужо яму не ўдалося.
Прачнуліся пільшчыкі. Мікітка ўсё ківаўся... стараўся да нечага дадумацца. Аж скура на лбе ў яго сабралася ў тры глыбокія маршчыны.
Першым падняўся Кузьма, каб паглядзець, хто гэта і чаго стогне. Ён угледзеў ківаючагася Мікітку.
«Нешта некае тут ёсць», - падумаў ён і штурхануў пад бок соннага Ўласа. Той падняў голаў, з маўчлівым запытаннем у вачах. Кузьма стаяў ужо, нагнуўшыся, над хворай.