Выбрать главу

Вільготная зямля глуха аддае стукам пад калёсамі і капытамі коней, са стукам мяшаюцца дробныя званы жалеза ці бляхі вазоў, і яшчэ галасы людской гаворкі ды крыкі на коней, як зыкі кропель вады з дзіравага вядра ў ціхую ноч пры студні.

Едуць фурманкі па цёмнай дарозе; ззаду следам навісае вялікая ноч, наперадзе паўзе яна, як бы хітра паманьваецца.

Ні зямлі, ні неба не відаць.

На пярэднім возе ехаў Алесь Мяльгун - шырокі ў плячах і высокі хлапец. Гэта яго голас мацней за ўсё чуўся, калі ён падганяў свайго каня. З задніх фурманак яго постаць вырысоўвалася шырокаю цёмнаю лапінаю, і голас выяўляў многа гордасці сабой, усім тым, што і як ён робіць.

І яшчэ дзяўчына сядзела з ім.

На другой фурманцы ехаў Павал Грыбок - хлапец з танклявым хрыплым голасам. Ён часцей за Алеся Мельгуна гукаў на свайго худога коніка, каб той не аставаўся ад сытага пярэдняга каня. У голасе яго адчувалася наіўна-сталая ўпэўненасць, што, вось, раблю я так, як і ўсе, разам з усімі я еду, хоць зусім яшчэ малады, яшчэ нават з падлеткаў не выйшаў, а так, як і іншыя, - сталы гаспадар.

З свайго воза Павал Грыбок добра бачыў, як Алесь Мяльгун часта прытульваў да сябе дзяўчыну і чуў, як яны паціху гаварылі.

З задняй фурманкі насмешна далятаў да Паўла грубы і зычны, як брэх здаровага сабакі, голас Сёмкі Цераховіча:

- Павал, паглядзі, як галубкі буркуюць.

Павал нічога не адказаў, бо было яму неяк нялоўка перад Сёмкам, - ці то неглыбокая злосць, што ён варушыць у ім мінулае. З'яўляліся ў яго толькі чыстыя, як вада, і павольныя думкі аб гэтым.

Тады былі нудныя зімовыя дні і ночы. Хаты, як трухлявыя грыбы, хаваліся ў сыпучым мёрзлым снягу, дымілі ўгору дымам з каміноў і баязліва блішчалі на халодным сонцы маленькімі акенцамі.

Людзі хадзілі ўшушканымі ў лахманы - абы трохі больш чаго ўздзець на сябе ды ўгрэцца.

Вечарамі хаты прабавалі гульнуць ціха просценькімі дзявочымі песнямі за пражай, хлопцы жартаўліва не давалі ні спяваць, ні прасці.

Насця, як вугаль, чорная, маленькая нейкая, і гэтакая любая, і, разам з тым, можа ад гэтага такая далёкая, што яму, Паўлу Грыбку, худому, вастраносаму, з бародаўкамі на непрыгожым твары, не было смеласці падысці да яе і гаварыць з ёю так, як гаварылі ўсе іншыя. Толькі раз, у цёмных сенях, як ішлі дадому, схваціў ён яе раптам за руку, ды так і дайшлі да яе хаты цераз усю вуліцу.

«Можа гэта яна тады - от, абы пацвяліцца», - думае цяпер Павал. А тады былі спатканні на цёмнай ад зімовай ночы вуліцы, заваленай снегам. Была яшчэ тады вельмі ж вялікая нуда, што з гэтага не можа нічога выйсці, бо гэта ж у яго нічога няма, зусім голы двор ды пустая хата, дый сам ён, як гнілы грыб, часта хварэе. Але былі спатканні вельмі доўга, і Насця была такая ж блізкая, як і далёкая.

Вясною дык пачалі ўсе гаварыць пра гэта, і тады ж Насця пачала хадзіць з Алесем Мельгуном. Паўлу не хацелася тады жыць, а пасля пачало праходзіць гэта ў яго, і ўжо цяпер толькі злосць на шчаслівага Алеся Мельгуна, крыўда на тое, што сам ён ва ўсім мізэрны такі, што нават, калі што і было, як у добрых людзей, дык і то цяпер тыя ж самыя людзі праходу не даюць.

- Но! - гукае Павал на каня ў адказ на насмешныя словы Сёмкі Цераховіча з задняга воза; і гэта ў яго выходзіць па-балагольску:

- Ё, ё...

Ззаду з Сёмкам Цераховічам едзе стары Тодар Дрозд - хітры і самаўпэўнены. І яны пачынаюць удвух гаварыць між сабою.

«Мусіць, нарочна гэта яны так моцна, каб чуў я», - думае сярдзіта Павал і слухае:

- Бач, падла, едзе сабе з Алесем, усё роўна як з гаспадаром, а гэты Грыбок трухлявы ззаду аж млее, мусіць, бачачы. Куды яму, смаркачу, яшчэ было зачэпвацца з ёю, а яна чорт яе ведае нашто яго за нос цэлую зіму вадзіла. Цяпер ён аж кашляць пачаў з нуды.

Павал пазнае голас Сёмкі, і яму ўяўляецца яго сытая гадкая постаць, шырокі твар, увесь у вуграх, і здаровыя валасатыя кулакі. Паўлу хочацца саскочыць са свайго воза, схваціць дзе-небудзь на дарозе камень ды даць ім з размаху ў голаў Сёмку, каб таму аж чэрап трэснуў. А пасля яшчэ большая нянавісць да Тодара Дразда, калі той пачынае гаварыць:

- Яго, значыць, бацька многа грашыў на сваім жыцці, вельмі ж баб многа мяняў, як у смалакурні служыў, ды яшчэ хварэў чорт ведае чым, дык ад гэтага і Павал выйшаў гэтакі нядошлы, як гнілы. А яшчэ рызыкуе, будучы гэтакім смаркачом.

- Бач, бач, - радасна раптам перабівае сам сябе Тодар, - дальбог жа вунь, ліха яму, прыціснуў, здаецца, да сябе, ды як галубіць... Эй, ты там, Алесь, асцярожна, а ты, Павал, чаму не глядзіш?!

Павал углядаецца наперад і бачыць, як чорная постаць Насці, няясная ўночы, як голас хворага дзіцяці, злілася з постаццю Алеся, а пасля, як закрычалі ззаду, яна адсоўваецца ад яго - усё такая ж далёкая і зноў усё любая.