І такая глыбіня крыўды, злосці і жадання паскардзіцца некаму з'яўляецца ў Паўла, што хочацца пакінуць гэтыя цёмныя вазы, гэтых людзей, з якімі давялося ж то неяк разам з'ехацца, калі выязджалі з вёскі ў горад. Хочацца Паўлу пайсці цёмным полем да таго месца, дзе за чорнымі дзівоснымі абрысамі нечага начнога з'яўляецца маленькая ясная лапінка, - гэта месяц, мусіць, спрабуе выбіцца з-за хмар. Робіцца там трохі святлей, вызначаюцца трохі шырокія далі, завуць яны да сябе сваім размахам і воляй, і там як бы няма нікога такога злога, гадкага.
- Павал, Павал, глядзі, - зноў дабягае да Паўла голас Тодара з задняга воза, голас нейкі цвёрды, слізкі, як мокрая гадзюка.
Павал на хаду паволі злазіць з воза; раптам чуе, як на пярэднім возе пачынаюць рагатаць. Голас у Насці бязвінна-гуллівы, без хітрасці: проста затым гэта рагоча яна, што смешна ёй; а рогат у Алеся страшны, як удар абухам па галаве, - і колькі ў ім самаздавальнення, жадання патаптаць усё сабе пад ногі, быць над усім вышэй, і ўжо ўпэўненасць, што мацнейшы за ўсіх ён тут.
Павал паволі прывязвае лейцы да аглабіны і чакае задняга воза.
- Ты што, глядзець не хочаш? - падае голас Тодар. - Прамаргаў ты, браце, дзяўчыну, яшчэ як прамаргаў!
- Нічога ты, Павал, браце, не варт, - дадае цвёрда Сёмка, - не варта было чапаць дзяўчыны, калі не чуў у сабе сілы.
-Я яе не чапаў, - сказаў Павал.
- А ты яшчэ яе чапаць думаў?! - зарагаталі ўдвух. - А-я-яй, трэба-такі было табе яе зачапіць. Няхай бы ты ёй след свой пакінуў, каб памятавала цябе навек. Не трэба было баяцца. Ты цяпер да яе адно падкаціся ды прыстрой ёй што-небудзь, - Алесь багаты, чорт яго не возьме, яму прыплод нястрашны. А тым часам зусім цяпер гэта табе нястрашна, калі паглядзець з другога боку, - цяпер на Алесевай шыі ты лоўка можаш выехаць... Алесь, сюды ідзі!
Вырасла раптам з цемені каля воза высокая постаць Алеся Мельгуна.
«Будуць душу разварочваць», - са смуткам думае Павал.
- Ну, я пайду на свой воз, падрамлю трохі, - сказаў ён.
- Ча-чаго ты, дурны, што, з людзьмі пабыць не хочаш? - схапіў яго за плячо Алесь і сам сеў на воз да Тодара і Сёмкі і ўсцягнуў Паўла.
Павал зразу адчуў звярыную радасць Алеся Мельгуна ад таго, што вось ён сядзіць блізка з тым чалавекам, над якім так удалося яму ўзяць верх, не далажыўшы да гэтага многа старанняў. Гэта была радасць звера, радасць жывёлы, без думак, без жаданняў, тупая і нікчэмная.
І яшчэ, з вялікаю крыўдаю, адчуў Павал, што гэты вось самы Алесь Мяльгун зусім нават не хоча нічога кепскага яму; калі нават трэба будзе, дык паможа яму ад шчырасці, хоць можа пасля і пасмяецца; што гэта не можа ён адчуць таго, што здзекуецца разам з гэтымі вось людзьмі над ім; што ён повен захаплення ад жыцця, ад здарэнняў, ад падзей, ад самога сябе і не прыкмячае таго, што мучыць другога.
І ў гэтым была вялікая крыўда.
- Ну, я пайду, - зноў сказаў Павал.
- Куды ты спяшаеш, - схапіў яго за руку Сёмка, давай закурым.
- Я ж не куру.
- Затым, мусіць, цябе і бабы не любяць, што ты не курыш, - загаварыў Тодар. - Бабы, брат, любяць. Ого-го! Каб ты курыў, каб быў як дуб моцны і як агонь гарачы, каб быў упарты, цяжкі на руку...
- У Паўла якраз нічога гэтага няма, - усміхнуўся Алесь.
-Я ж к гэтаму і гавару, - абазваўся Тодар.
Тады Павал саскочыў з воза і загаварыў ім тром.
- Браткі мае! Ну, я ведаю, што вы гэткія моцныя, а я - хворы, дык нашто ж вы гэта мне гаворыце? Што я вінаваты, што я такі, а вы такія? Нашто вы мне душу разварочваеце? Ну, не хачу я нічога гэтага. Ну, Насця нада мною насмяялася, дык я не крыўдую, бо яна здаровая, а я хворы. Можа гэта сухоты ў мяне? Я і так дажыву, калі так, свайго веку. Насці я не хачу... Хіба слова я ёй калі аб гэтым казаў?! Дык вы з ёю, Алесь, любецеся, дык ці ж я што гавару? Куды я ёй? Можа ў мяне і пераварочвалася ўсё нутро ад жалю, ад крыўды, але ж я маўчаў - куды там мне. Я гэта ведаю... Ды нашто вы косці бацькі майго варушыце? Мне пакутаваць за гэта аднаму, калі за гэта яшчэ. Хто яго ведае, ад чаго гэта ў мяне... Ну, і я хачу так, як усе, але што ж я вінаваты? Каб я не хворы, дык ці ў мяне ўсё так было б? Нашто вы ўсё гэта гаворыце, чаму ты, дзядзька Тодар, на сябе не паглядзіш, а майго бацьку памінаеш?
А яны ўсе ўтрох тады зарагаталі. Рагаталі зычна, шчыра, весела. Рогат іх быў - жаданне, вольнае ад жыццёвых пут - шырокі, і затаіў ён у сабе сілу грубой, навальнай і нікчэмнай перамогі дзікай, тупой сілы над усім слабейшым... Была ў рогаце гэтая перамога над слабым Паўлам, над усялякімі дробнымі перашкодамі, якіх так многа, і перамагаць, змагацца з якімі ёсць і ўся можа мэта і ўвесь сэнс жыцця. Не было ў рогаце радасці, была адна сіла - здаровая, як камень, цяжкая, як зямля.