Выбрать главу

Пачынаўся дзень, мусіць, бо шэраю стала вызначацца зямля. Сталі выяўляцца з цемені далі, дарога больш відаць стала. Ці то гэта можа месяц больш выбіўся з-за хмар - там на даляглядзе жоўта пачало рабіцца. Зямля была бясконцым прасторам, які зваў дыхаць вольнаю воляй.

Ці вёскі, ці лясы падняліся белаватым і цёмным абрысам далёка, і ўсе віднець пачалі.

Няйначай, гэта дзень пачынаўся.

Прыйшоў раптам вецер і адагнаў хмары за далёкія лясы. Тады сонны месяц глянуў, каб развітацца з зямлёй. Абліў ён святлом сваім, як плачам, дарогу, тры фурманкі і людзей на іх.

Наперадзе трос сытым задам конь Алеся Мельгуна, ззаду не адставалі два худзенькія конікі Паўла і Сёмкі. На пярэднім возе гойдалася ў бакі постаць дзяўчыны. Была яна маленькая, тоўсценькая, галава, абкручаная белым тоўстым шалем, надавала ёй мажны выгляд. І постаць яе радавала вока. Месяц асвяціў людзей на заднім возе. Быў вясёлы Алесь Мяльгун, усміхаўся ён шырока, таксама весела ўсміхаўся, але з нейкай зайздрасцю, Сёмка Цераховіч. Тодар пабліскваў вачыма з-пад пасівелых броваў на пажоўклым твары, ды хмуры Павал маўчаў, затаіўшы на дробным, вострым і худым твары жаданне дзе-небудзь дзецца ад гэтых людзей.

II

Насця паволі падганяла Алесевага каня, гукала часам на яго слаўным жаночым голасам. У чорным кароткім каптане яна здавалася тоўсценькаю, порсткаю, і на твары яе гуляла журботная і вясёлая дзявочая задумёнасць, якою дзяўчына заўсёды вабіць да сябе. Яна адчувала, што пра яе гавораць на задняй фурманцы, і ў яе з'яўлялася хваляванне, што вось яна прымушае цэлую ноч гаварыць людзей, адных быць вясёлымі, другіх сумнымі.

Было адно ёй спачатку нядобра трохі перад Паўлам, з якім неспадзявана давялося з'ехацца, выязджаючы вечарам з вуліцы. А пасля гэта прайшло, бо не ведала яна, што ў Паўла на душы. Успаміналася ёй, як яна зімою дражніла Паўла каханнем, думаючы, што ў Паўла, апроч гуллівай вясёласці, нічога ад гэтага не будзе. І цяпер не ведала, што цяжка Паўлу бачыць яе, таксама як не ведаў, не думаў Алесь Мяльгун, што цяжка Паўлу ад кпінаў.

Ды яшчэ трохі было сорамна дзяўчыне перад усімі ўжо, што на Алесевым возе едзе яна, хоць і ведала, што ўсе гавораць аб іх блізкасці, ды яшчэ дагадвалася, што там, ззаду, ведаюць, што яны з Алесем едуць у горад купляць усё к свайму вяселлю. Ведала, што Сёмка з Тодарам едуць мяняць каня, а то вельмі ж ужо нядужы, стары і худы Сёмкаў конь. Не ведала адно Насця, што Павал едзе да доктара.

І былі ў яе настроі гуллівыя і журботныя, радасныя. Ёй было весела ад таго, што дражнілася яна зімою каханнем з Паўлам, было трохі шкада яго, што ён вельмі ж моцна кашляе. Але ўсё было светла і добра. І ўжо зусім затапляла ўсе пачуцці нявыказаная словамі вялікая радасць, што вельмі ж вось падабаецца Алесь; што яны ўдваіх едуць на яго возе купляць, што ім патрэбна, што можа яна паклікаць яго, здаровага, кплівага над усімі, і ён ціха прыйдзе да яе.

Весела было глядзець на чыстае ўжо неба, слухаць гулкія песні маладога ветру на пахучых засевах грэчкі. Яна азірнулася назад і бачыла: Павал ужо ідзе, паволі калываючыся каля свайго воза. І ўявілася ёй, што гэта Павал рады ад таго, што едзе ў горад уладзіць нейкія свае справы. Ёй захацелася заспяваць што-небудзь ціхае, радаснае, або зусім гуллівае. От так, як яснымі вечарамі ў залатую восень спяваюць гуртам дзе-небудзь каля канцавой хаты.

Што за месяц, Што за ясны...

Або зусім новы ў вёсцы матыў песні:

Гэй вы, коні вараныя, Грывакі мае!..

Ні то драмаць, ні то моўчкі слухаць ноч пачала Насця.

Тады з'явілася была ў Паўла думка падысці да яе і пагаварыць з ёю. А як ступіў ён два крокі наперад, асядаць і гінуць пачала гэтая думка.

- Няма пра што мне з ёю гаварыць, - зусім моцна сказаў Павал.

- Што ты кажаш? - дакаціўся голас ззаду.

- Нічога, дзень нахапіўся, - адказаў Павал і сцебануў пугаю каня па худых рэбрах.

«Вельмі ж на полі ўрадзіла ярына», - падумаў ён невядома чаму. А пасля ўцякла і гэтая думка, і ўявілася, што доктар, да якога едзе ён, павінен быць чалавекам вельмі сталым, але нейкім такім, якому можна і нават трэба сказаць пра ўсё, нават пра Насцю, што яна гэткая любая, але ж вельмі далёкая, і што таму аж нічога рабіць не хочацца.

«Яно ўсё пройдзе, - з'явілася новая думка, - усё забудзецца, а жыццё будзе яшчэ доўгім, бо ад грудзей, што баляць, ніхто не ўміраў ніколі, здаецца. Многа яшчэ будзе думак новых і навін за жыццё, адно вось, аднаму, мусіць, давядзецца, пахаваўшы матку, або перацягнуць на гэтую гаспадарку сястру з мужам з суседняй вёскі... А ўсё ж яно слаўна гэтак ехаць, а пасля вечарам назад; адчуваць волю поля, слухаць, як у вёсках пры дарогах спяваюць пеўні, і гэтакі ясны змрок ляжыць на дарогах... І нічога не зробіцца ў жыцці таго, чаго не зробіцца».