- Жонка, ведаеш што, жоўтая курыца знеслася ў чужым хляве.
- А можа?! - зноў перапалохалася жонка, забыўшыся плакаць.
- От, балазе твае слёзы ўцерліся, - раптам канстатаваў факт сталяр.
- Ах, каб ты ніколі твару не абціраў ручніком, - загаласіла жонка і ўжо з енкам пачала плакаць.
Ухмыльнуўшыся ад думкі аб глыбокай крыўдзе сталяровай жонкі, Віктар Зеніч зноў пачаў слухаць.
- То ведаеш што, жонка, - чуўся голас сталяра, - калі так, то я пайду гляну на белы свет, а ты тым часам паволі выплаквай свае горкія слёзы. Па майму вылічэнню, іх у цябе хваціць на дзве гадзіны, дык ты, што робячы, іх выплач, а я да таго часу вярнуся, і зоймемся мы з табою тады якою іншаю справаю.
- Няхай ты не вярніся, - скрозь слёзы адказала жонка, і сталяр весела ляпнуў дзвярыма.
Зараз жа яго барадатая і трохі сагнутая постаць паказалася на двары. Ён пастаяў на адным месцы, пасвістаў трохі на ранні асенні месяц і пайшоў за вароты.
Жонка яго плакала. Выціраць яе слёзы, так як і заўсёды, з'явіўся Юзікаў Юзік - хлапчук-падшэрак, засморканы і з пасінеўшым ад холаду носам. За дзень ён апалераваў некалькі разоў увесь горад, зарабіўшы на гэтай справе рознымі хітрасцямі і штукамі чатыры капейкі, а гэта шмыгануў скоранька з сваіх цёмных сяней і падбег па мокрай зямлі да сталяровых дзвярэй.
- Плача, ліха ёй, - рашуча сказаў ён, хітра падмаргнуўшы гнілому слупу, што падпіраў сталярову сцяну.
І тут жа, адскочыўшы на сярэдзіну двара, ён задзёр голаў угору і закрычаў, наколькі хапала дзіцячых сіл:
- Тараны смажаныя, па капейцы штука.
І раптам драпануў назад у цёмныя сені і ўжо адтуль, з неабдымнай радасцю свайго маладога жыцця глядзеў на сярэдзіну двара. Хутка з свае кватэры выбегла сталярыха і, забыўшы свае глыбокія трагізмы, памчала сваё дзябёлае цела ў вароты. На вуліцы было пуста, толькі барабаншчык вайсковага аркестра плішчыў некуды на жываце барабан. З вялікім расчараваннем, агледзеўшы пустую вуліцу, сталярыха паволі ўжо пайшла назад. На момант яна стала проці акна Віктара Зеніча, каб запытаць у яго:
- Не чулі? Здаецца, смажаныя тараны прадавалі. Хацела купіць - якраз нешта галава баліць.
- Не, не чуў, - з лёгкай усмешкай адказаў Віктар Зеніч.
- Што гэта за кавалер, калі ён не чуў, як смажаныя тараны прадавалі, - тонам мудрай настаўніцы абазвалася сталярыха і, зноў гатовая заплакаць ад глыбокай крыўды, пайшла да сваіх дзвярэй; але заплакаць ёй ужо не ўдалося - перад самымі дзвярыма спаткалася яна з газетчыкаваю дачкою, і пачалі яны гаварыць аб тым, якая фальбона харашэй у спадніцы - шырокая ці вузкая...
Зусім ужо лажыўся вечар.
Ціха было на зямлі. І можа ад таго і радасна, што было ціха, бо трэба было адпачываць усёю істотаю. Густы змрок ляжаў у пакоі, і ўжо неба праз акно здавалася зялёна-цёмным бяздоннем, а зямля не так звала ўжо ў свае нязмерныя абшары. Далёка на ёй ужо зліліся цёмныя абрысы з небам. Зышоў дзень, і рос вечар.
У напружанай цішы раптам пачала расці вастрата пачуццяў і думак. Але думкі былі вельмі ўтомлены цяжкай работай за дзень, і не мяшалі яны яшчэ больш вырастаць пачуццям. Пачалі праходзіць ва ўсёй істоце пражытыя дні. З'яўляўся ўвушшу гром горада і гаворкі людзей, то раптам тонкасцю выбухалі недзе з сэрца адносіны з людзьмі, а то ўсё калі-небудзь чуванае, бачанае, перажытае на момант знікала і пасля зноў раптам з'яўлялася, як усё разам адно цэлае, скамбінаванае ў нешта гарманічнае і як бы вельмі патрэбнае для чалавека. І ўяўлялася, што гэта ўвесь свет відзён перад чалавекам, што адчуванне яго як бы сваволіць у душы, бо не гэтак трэба; а можа яно і іначай трэба, і каб стала іначай, то таксама не парушыла б гармоніі душы, бо ў той дзень так здарылася, што не выплывала наверх у Віктара Зеніча мяжа радасці і смутку, а была ўвесь дзень цяжкая работа, што забрала пад сваю ўладу ўсе думкі, і цяпер быў адпачынак.
От так, сядзець і адчуваць.
Многа бачылася свету, а колькі яшчэ бачыцца будзе. Можа зямлі і мала за жыццё было пройдзена, ды многа было пройдзена чалавечых душ. А чалавек - гэта ж свет, адна істота - неабхватны прастор, і разглядай яго, калі ўмееш.
Бо быў дзень спакойны, дык такі вечар...
І раптам за сцяной, ужо за другою, не там, дзе плакала сталярова жонка, упала ўсё, і з'явілася бяздонне. Нешта пачало гаварыць аб нечым усяму свету, і на першых хвілінах не ўявілася, аб чым гэта яно гаворыць. Яно раптам раскідала ўжо цвёрда сфармаваны парадак настрояў і пачало іх збіраць нанава, ачышчаючы новыя глыбіні і ўзнімаючы новыя жаданні і імкненні.