Мільганула на момант думка, што гэта за сцяной грае сястра Баляслава Гельца, што кожны дзень з тоненькім партфелем ходзіць некуды служыць. Завуць яе Антаніна; яна высокая, з белым тварам, заўсёды маўклівая і адзінокая. Жывуць яны ўтраіх - брат, яна і старая матка; жывуць з гэтага дома, дзе жыве ён - Віктар Зеніч, ды яшчэ з таго, што брат недзе служыць. Некалькі разоў на дзень і вельмі доўга кожны вечар Антаніна грае на піяніна нешта, чаму Віктар Зеніч назвы не ведае і многа не разумее, але ёсць часткі, асобныя, гэтай музыкі, якія як бы тое самае, што ў жыцці адчувалася і будзе адчувацца.
Яна вечна сумная, гэтая дзяўчына, увайшла ў сябе і ўжо, далёкая ад людзей, жыве толькі, мусіць, аднымі гэтымі зыкамі.
Віктар Зеніч ведае з гаворак, што некалі гэтыя людзі жылі думкамі, цяпер засталіся ў іх, і вельмі ж у гэтай дзяўчыны, адны пачуцці такія, якія здольны лавіць у жыцці толькі журбу ды смутак. І апрача гэтага, у іх застаўся ад мінулых часоў, з вялікага багацця, вось адзін толькі гэты дом, а ў яе піяніна - асалода цёмных для яе дзён...
Музыка сціхла, а пасля зноў з'явілася. Яна выявіла скаргу чалавека, які заставіў гэтыя зыкі бегчы ў свет. Скаргу на тое, што не бачыць ён у свеце таго, чаго бачаць у той жа час другія, і што мінулае не варочаецца. Жыць жа гэтым мінулым, калі яно толькі мінулае, - цяжка. Зыкі перайшлі пасля ў глыбокую журбу. Яна адчувалася, што глыбокая, але не была зусім ясна зразумелаю.
Зыкі не парушалі цішы - былі яны, была і яна.
Віктар Зеніч сядзеў усё нерухома. Ужо не было адпачынку, а ўзнімалася вялікая работа істоты. Думкі нарыхтаваліся нешта выкінуць наверх, што самі захавалі недзе ў глыбіні, ды яшчэ ўсё нечага чакалі.
І гэта, мусіць, запатрабавалі настроі адзінокай дзяўчыны, бо раптам музыка перайшла ў ціхі плач, на момант як бы заціхла, а пасля выбухнула вялікім ліўнем - мусіць, не мог саўладаць з драмаўшымі дагэтуль зыкамі чалавек.
І тады ўжо думкі ў чалавека, што ціха сядзеў у цёмным пакоі за сталом, вызвалі смерць брата ад сухот. Ляжаў ён у больніцы і вельмі ж баяўся ўміраць, а як падышла гэтая хвіліна, нікім і ніколі не выказаная, было ў яго вачах, побач з нейкаю ціхаю просьбаю, і нешта такое, што хлынула раптам у тых зыках, некі вялікі бунт, можа проці таго, што радзіўся ён некалі на свет.
Віктар Зеніч мацней прыціснуўся да стала і стаў глыбей думаць.
Слаліся зыкі, і ляжаў вечар. Непакойна ўяўлялася зямля і людзі. Зямля - для людзей вялікая, ды ад людзей цесная. А людзі, не могучы цаніць ні цеснаты, ні шырыні, робяць жыццё сваё цесным. Вось адчувала нядаўна вялікія трагізмы сталярова жонка за сцяною і глыбакадумна і ўпэўнена лічыла, што жыццё для яе пакута, а бачыла ўсяго на адзін крок перад сабою. Вось дзяўчына за другою сцяною можа і ніяк не лічыць і лічыць нічым не хоча свайго, ці наогул, жыцця, ды само неяк адчуваецца яно - цёмнаю пустатою ляжыць яно перад ёю. А вось сам сталяр, вечна вясёлы і жартаўлівы, недзе ў майстэрні робіць ён днём, пад вечар прыходзіць дадому. Ад скептычных адносін да жончыных трагізмаў заўсёды нявіннымі, па-дзіцячаму простымі жартамі цвяліцца з ёю, а пасля вясёлы ідзе на цэлы вечар у клуб. Выступае з прамовамі, з вострымі словамі... А вось збоку стаіць Юзікаў Юзік, маленькі хлапчына, што ўжо пачаў праходзіць з вялікае ахвоты, употай ад бацькі, жыццёвую школу. І ён вясёлы.
А пасля зноў уваччу брат з неабдымным імкненнем жыць.
І раптам прапалі думкі, бо зыкі ўжо выявілі надзвычайную сілу. Яны нешта новае, ніколі не бачанае вызвалі ў пачуццях. Як бы паднялася нейкая ясната, і там загаварыла нязлічанасць маленькіх капель вады, яны зліліся ў надзвычайна дробныя пералівы і ўсё расказвалі аб нечым свету, а іх вялікую гаворку гулка і часта пакрывалі густыя зыкі вялікіх хваляў вады. Хвалі набягалі адна за адной і сцвярджалі глыбіню, што была ў галасах. Бо гэта было мора шырыні, глыбіні і тонкасці над зямлёй.
Тады ўжо не пачуў Віктар Зеніч, як сціхла музыка. Яна абарвалася зразу, раптоўна скончыліся зыкі, перайшлі ў цішыню і ўжо больш не ўзнімаліся; мусіць, або надзвычайна здаволілі яны за сцяной дзяўчыну, або з такой самай сілай вызвалі нездавальненне. І ці тое, ці другое, але было вялікае.
На вуліцы пачулася вясёлая песня. Яна вывела Віктара Зеніча з задумёнасці. Ён ціха падняўся і праз акно глянуў у ясны змрок вуліцы. Нічога там не было відно. Ціха стаялі будынкі, платы і дрэвы, і зусім ужо губіў сваю ружовасць захад.
Свяціліся ўжо вокны чалавечых прытулаў, і самае бліжэйшае акно напроці, у кватэры шаўца Адрыяна Раманчука, застаўлена было збанкамі, бутэлькамі, завалена капыламі, шчоткамі і яшчэ нечым іншым, што вельмі тонкімі абрысамі вызначалася на асвечаных шыбах. І здавалася, што гэта шавец Адрыян жыве сягоння ў сваёй кватэры да часу і загэтым накідаў так усяго на акно. Але як і запамятае Віктар Зеніч, заўсёды так у яго на гэтым акне. А калі часам даводзіцца быць па справе ў яго кватэры, дык і там усё гэтак. І, мусіць, у душы яго так: усё, што пападае туды з шырыні свету, кладзецца абы-як, як бы да часу, а пасля непрыметна знікае...