Выбрать главу

Віктар Зеніч уздзеў паліто, наставіў каўнер і выйшаў на вуліцу. Ліхтары слаба разганялі змрок, нёс вецер аднекуль лісты і шумеў і шумеў. Нехта ішоў па тратуары, ківаючыся ў бакі - можа з піўной хто да дому дабіраўся. У кватэры Баляслава Гельца было цёмна і ціха. Мусіць, пайшла некуды Антаніна або сядзіць адна, лёгшы галавою на сваё піяніна. Вокны сталяра свяціліся. Чуцён быў ужо бесклапотны рогат сытай сталярыхі, адкінуўшай на ноч усе свае трагізмы. Недзе плакалі дзеці, на бульвары нехта смяяўся, ішоў з лапаткаю з магілак стораж і даў «добры вечар» Віктару Зенічу. А пасля некуды памчаўся аўтамабіль, і зноў чуваць сталі радасныя песні з клуба. І колькі было тут і пустаты, і глыбіні на гэтым маленькім кавалку зямлі!

Віктар Зеніч паволі пайшоў у бок бульвара. Там пад высокім ліхтаром стаяў высокі капельмайстар і ўсё махаў рукамі, забыўшы ўсё, апрача зыкаў. А зыкі вялікія разбягаліся па свеце.

Віктар Зеніч зайшоў далёка ў забульварныя вуліцы, там ужо чутны былі крыкі паравікоў, шум нейкіх машын, што мяшаўся з прарэзлівым ужо свістам асенняга ветру. Гэтая шырокая сімфонія гучала то моцна, то зусім ціха.

І як ападала яна нізка, мацней беглі ў свет вялікія зыкі. І гаварылі яны аб вялікасці, аб радасці і смутку, аб бязмернай глыбіні жыцця.

1925

Буланы

I

Зямля, зямля! Прасторы ў вятрах - чорныя, з вясёлым зяленівам расцвету...

Бярозы і хвоі ў вольную восень... Думаюць думу дарогі, гоняць ваду ціхія рэчкі... І ў цішыні буры, і ў бурах - цішыня...

Хмурна думаць пачало неба, і тады ж зямля весялілася ветрам. Пад дзень пабялела зямля, а днём заснуў пад хвоямі вецер, і заплакала восень снегавымі слязамі. Падала вострая музыка капель і, як сплыў снег, заглядзелася мокрая зямля ў тонкае неба, і ў саду ўсміхнуліся апошнія лісты голае ліпы.

Так і было мокра цэлы дзень ды сумна-весела ад ясна-туманнага неба.

І тады раптам павеяла з поля вялікаю воляй - неабдымнаю і нявызначанаю, як пачуццё: можа гэта пахла поплавам, ці гаварылі хвоі за полем, ці то гэта сляды соннага ветру, - толькі пацягнула тады Буланага з хлява ў паплавы. Ён аж памахаў аблезлым хвастом ды пацёрся свярбячаю спінаю аб сцяну. Пасля абнюхаў «качалкі» неперажованага старымі зубамі сена, утоптаную салому пад нагамі ды сцяну, што аддавала сухім гноем ды трухлінай. Тады ўставіў у вакенца бяздонна-чыстыя, як крыніца, вочы і ўбачыў: салома мокрай страхі, над ёю галіна з варонай і вясёлае неба. Усё гэта было як бы некім фонам, цьмяна адчуваемым глыбінёю істоты, незразумелым ні ў цэлым, ні сваімі асобнымі часцінамі.

Буланы падступіў да дзвярэй, пашараваўся аб іх старыя дошкі губамі і пасля ткнуўся ў іх. Дзверы трохі прачыніліся, так што можна было высунуць на двор галаву. Буланы так і зрабіў. А тут раптам запахла вялым аерам, і няможна ўжо было не выйсці на двор. Але Буланы яшчэ пастаяў трохі, бо павольнасць давала асалоду старому целу; і з вуліцы смешна відна была яго галава, так што Янка Самахвал, які вельмі добра ведаў Буланага і якога Буланы таксама ведаў і заўсёды здалёк пазнаваў па нейкаму канапляна-тытунёваму паху, прыпыніўся на вуліцы і сам сабе глыбакадумна сказаў:

- От, чорт яго ведае, чаму гэта Раман Драгун каня гэтага не збудзе. Падла ледзьве ногі цягае, а ён яго дзяржыць.

- Што ты кажаш? - абазваўся з свайго двара Юзік-сусед.

- Раман, кажу, каня не прадае.

- Не хоча за бесцань аддаваць, - заявіў Юзік і палажыў бараду на плот.

На гэтым гаворка магла б і скончыцца, бо ні аднаму, ні другому не было часу, але Буланы раптам вылез з хлява і, растапырыўшы ногі, паволі пачаў абнюхваць мокрую зямлю, зацярушаную саломай і сенам. Тады ўжо Янка Самахвал, як належыць, стаў напроціў двара і пачаў глядзець на Буланага.

- Эх, конь, быў конь. Што гэта быў за ко-о-о-нь - а-я-яй! - сказаў ён і трагічна паківаў галавой.

Юзік Жур падышоў да Янкі і сказаў:

- Гэта ж я яму памог гэтага каня купіць.

- Я ж ведаю.

- Я не кажу, што не ведаеш. Дзіва што ты ведаеш - гэта ўсякі ведае... Тады дык Раман усё шкадаваў, што пераплаціў, а пасля што ён мне пападзякаваў - страх. Бывала, які воз ні налажы, гара не гара - ідзе Буланы, а гэта зусім на няма нічога з'ехаў.

Так і гаварылі аб Буланым. І ад таго, што гаварылі і стаялі на вуліцы, брала цікавасць таго, хто не гаварыў і не стаяў на вуліцы, а толькі бачыў усё гэта праз акно. Так выйшаў на вуліцу Костусь-муляр, які ніколі не меў сваіх коней і не цікавіўся імі, але мог гаварыць аб іх колькі хочаш. І ў звязку з тым, што раптам выйшаў на вуліцу Костусь, у спешным парадку з'явіліся і іншыя, бо была ў іх цікавасць да ўсяго таго, што б дзе ні рабілася і ні гаварылася.