Выбрать главу

Вялiкая гiсторыя рэдка калi песцiла беларусаў як нацыю. У першую сусветную вайну беларуская зямля зноў стала арэнай супрацьборства дзяржаў, нацый, iмперыялiстычных груповак. Зноў на поўны рост паўстала пытанне аб самiм нацыянальным iснаваннi народа. Даследчыкi называюць лiчбу ад двух да трох мiльёнаў беларусаў-бежанцаў, змушаных ратавацца ад ваеннай навалы на Ўсходзе. Многiя не вытрымалi цяжкай дарогi, загiнулi, многiя прыжылiся ў новых мясцiнах i не вярнулiся на радзiму. Так бяднеў, бэсцiўся, распадаўся, гiнуў нацыянальны генафонд. Вядомая ў народзе Варшаўка стала шляхам усенароднага гора: уздоўж яе скрозь стаялi самаробныя схiленыя на ветры крыжы, горбiлiся спехам насыпаныя магiлкi. Адбывалiся незваротныя працэсы, у вынiку якiх, па назiраннях маладога семiнарыста Раманоўскага, беларускi чалавек набываў "некаторыя рысы пакутнiка-бежанца, якi зносiў сваё нацыянальнае гора". Сам Мiкалай, разам з iншымi семiнарыстамi, апынуўся ў Расеi: калi фронт наблiзiўся да Нясвiжа, настаўнiцкую семiнарыю перавялi ў Вязьму. Трагiчны вопыт народа, набыты ў гэтыя часiны, наклаў моцны адбiтак на душу будучага празаiка, якi ўжо тады рабiў першыя спробы выказацца на паперы, пра што сведчаць успамiны сяброў яго юнацтва. Нацыянальны характар, адносiны беларусаў да падзей, змест якiх глыбока i драматычна выявiўся ў вайну, iмперыялiстычную i грамадзянскую, Чорны пазней асэнсоўваў i адлюстроўваў у многiх сваiх эпiчных творах: вельмi часта сюжэтнаю завязкаю дзеяння з'яўляецца менавiта гэты гiстарычны перыяд.

Люты 1917 года беларусы ўспрынялi як паратунак, што прыйшоў акурат у час, калi ўжо была страчана ўсякая надзея на выратаванне этнасу, на магчымасць духоўнага ўзняцця "забытага Краю". Словы амерыканскага прэзiдэнта Вiльсана аб праве нацый на самавызначэнне свядомыя беларусы, творчая iнтэлiгенцыя зразумелi як маральны закон, якi дазваляе iм будаваць на новым гiстарычным грунце сваю нацыянальную культуру. Вось чаму многiя з iх так балюча перажывалi, калi на справе сутыкалiся з супрацьлеглым разуменнем нацыянальнай палiтыкi, якое дэманстравалi, з аднаго боку, рэвалюцыйная ўлада ў Расеi, а з другога - творцы абноўленай Польшчы: i тыя i другiя не прызнавалi права беларусаў на дзяржаўную незалежнасць i нацыянальную самастойнасць. Да мастацкага (у многiх творах) i публiцыстычнага (у нарысе "I вада залiта крывёю") асэнсавання гэтага пераломнага моманту ў гiсторыi беларусаў Чорны звяртаўся неаднойчы, тым самым падкрэслiваючы духоўнае i маральнае значэнне падзей рэвалюцыi i грамадзянскай вайны. Становiшча ў Беларусi заставалася яшчэ некалькi гадоў няпэўным: значная частка маладой рэспублiкi знаходзiлася пад нямецкай акупацыяй, салдатаў кайзера змянiла польскае войска, затым прыйшлi Саветы. Пра вучобу ў настаўнiцкай семiнарыi не паўставала i гаворкi: Нясвiж пасля ганебнага Рыжскага дагавора апынуўся за мяжой, а сама мяжа знаходзiлася непадалёк ад ваколiц Цiмкавiч, - калi захварэла мацi, Мiкалай Карлавiч хадзiў у Нясвiж па лекi. Гэты факт беларускай гiсторыi i ўласнай бiяграфii, калi жывое цела нацыi суседзi гвалтоўна парэзалi на дзве часткi, у творах Чорнага набудзе сюжэтаўтваральны характар, наглядна выяўляючы трагедыю народа.