— Гэта табе, — гаварыў ён, — каб ты была шчаслівая за маю радасць. Мой Густаў цяпер мае свайго бацьку.
Твар яго свяціўся радасцю. Пячаць вялікай праўды ляжала на яго вачах: ён уладар свету, бо ўжо зноў ходзіць па зямлі і трохдзённае змрочнае ўтрапенне яго мінулася навек. А ўсё золата, якое толькі ёсць на свеце, — нікчэмная драбяза і непатрэбшчына перад самім жыццём. Здавалася, праменне ідзе ад яго ўсмешкі. Усміхаўся шчасцем і салдат, і фельчар, і нават Кастусь, толькі Волечка стаяла чамусьці маўклівая. Гэта была сцэна як бы бурнай чалавечай радасці.
Салдат раптам сказаў:
— Ну што ж, Бог дасць, скончыцца вайна, і жыць будзем у сваю волю.
Немец усё гаварыў раз-поразу:
— Густаў, Густаў…
Фельчар як бы раіўся сам з сабою і сам сабе ўсміхаючыся:
— Прыехаўшы дадому — адразу забегчы ў сад… — І тут жа растлумачыў, усё не спускаючы з губ усмешкі.
— Густаў… Густаў… — выварочваў немец перад гэтымі людзьмі сваю душу.
Здавалася, што няма на свеце ні вайны, ні выгнанства, а толькі радасць чалавека жыць сваею воляй.
Раптам салдат спахмурнеў, устаў і сказаў:
— Ну, немец, у дарогу.
Немец здагадаўся і таксама спахмурнеў.
Значыцца, і вайна была, і трэба было мець непрыемны абавязак гнаць палоннага чужынца, якога сюды загнала ліха, і трэба было ісці пад канвоем.
Немец памахаў рукой Волечцы, і апошні промень усмешкі патух на яго твары. Салдат апанураў адразу і выйшаў следам за немцам выконваць свой прыкры абавязак. Фельчар устаў, паглядзеў на залатыя рэчы, якія ляжалі на стале, і панура прамармытаў: — Гэта расейскія афіцэрскія рэчы. Эйш, сукін сын, паздзіраў з мёртвых або раненых. — Тут ён убачыў, што на стале ляжыць тое нямецкае пісьмо. Ён стаў яго разбіраць, і многа прайшло часу, пакуль ён сказаў:
— Гэта жах, што ён піша! Ён навек развітваецца са сваім Густавам. Дзіва што ён так узрадаваўся, калі ўбачыў, што жыў астаўся. Ці гэта ён мне гэтае пісьмо даваў, каб я прачытаў яго? Ці яно яму ўжо не трэба? А ліха яго бяры, здам на пошту, няхай ідзе туды, да таго Густава.
Тут пад’ехала фурманка, і хата апусцела. Так гэтыя людзі, якія не ведалі адзін аднаго і перажылі разам момант радасці, сабраўшыся на гэты момант у незнаёмай хаце, разышліся хто куды, кожны ў свой бок. Залатыя гадзіннікі, пярсцёнкі і крыжык ляжалі на стале, і двое маладых людзей, якія стаялі яшчэ перад векам сваім і толькі што выходзілі яшчэ з свайго маленства, не ведалі, што рабіць з гэтым золатам. Можна сказаць, што яны не ведалі і цаны яму. Волечка з непаразуменнем падтуліла плечы і адышлася ад стала, трэба сказаць — задаволеная, што, нарэшце, хата была пустая ад чужых людзей і ніхто ёй не перашкаджае цяпер даіць і карміць карову, прыбіраць у хаце, пазіраць у вокны, ці не сышлі з двара дзве куры, што былі ў яе гаспадарцы. Гэта не гаворачы ўжо аб тым, што адзін за адным ішлі вераснёвыя дні, а ў яе яшчэ не было пасеяна жыта. Пра непасеянае жыта яна і ўспомніла цяпер. Парыў смутлівай заклапочанасці рвануўся ў яе душы. Яна, як сталая, заламала рукі:
— А Божа мой, жыта не пасеяна. А восень ідзе.
— Дык я табе пасею, — сказаў, устрапянуўшыся, Кастусь.
— А хіба ты ўмееш?
— Я раз авёс сеяў, як бацька мой хварэў.
— А калі ж ты думаеш?
— Калі хочаш. Толькі, каб не марудзіць, мне ж трэба яшчэ і ў сваю дарогу выбрацца.
— Хоць заўтра.
— А насенне ёсць?
— Не намалочана. Снапы я звезла, сама і пажала. А сеяў яшчэ бацька.
— Дык я табе і намалачу.
У хвіліны гэтай гаворкі ў яго білася ў жыццё вострае жаданне хоць якім заняткам, хоць якой работай адцягнуць як надалей страшную неабходнасць ехаць немаведама куды.
Цяпер ён выразна падумаў: пакуль намалоціцца і пасеецца, то пройдзе некалькі дзён. Якое шчасце яшчэ некалькі дзён спакою!
Вялікі доктар усялякай хворасці ў чалавечай душы — час — мае вечнага свайго дапаможніка — працу. Можна сказаць з упэўненасцю, што праз гадзіну якую пасля гэтай гаворкі Кастусь Лукашэвіч не меў у душы ні смутку, ні трывогі. Перш за ўсё яны агледзелі з Волечкай пуню з снапамі. У пуні ж быў і ток. Пасля ён праверыў Нявадаўскія цапы. Відаць, добры гаспадар быў Нявада! Бічы ў цапах былі важкія і зручныя. Гужы шчыльныя, і завязкі з добрага сурамцу. Цапільны ж ужо мусіць за цэлыя гады добра абгладзіліся аб малацьбітовы рукі. Кастусь выбраў цэп самы размашны, расклаў на таку снапы і пачаў.