Выбрать главу

— Давай у два цапы, — сказала Волечка.

— Куды ты, малая! Нашто табе таміцца! Колькі тут той работы! Глядзі лепш хаты.

Браткі мае, што гэта быў за тон! Можна было падумаць, што ён век яе ведаў і быў блізак ёй. І як гэты тон быў падобен на тон самога Нявады, бацькі, калі, бывала, ён з ласкай загадваў ёй што-небудзь! Апанованая одумам, Волечка і сапраўды пайшла ў хату. Да самага адвячорка яна чула ў хаце, як роўна стукаў на таку цэп. Гэты гук нагадваў ёй яе нядаўняе маленства і восень. Бывала (тады не было вайны і маці была жыва) асеннімі днямі бацька ўставаў прыцемкам малаціць, і маці старалася, каб як найлепш накарміць бацьку. Ва ўспамінах і інстынктыўным адчуванні гэтага стук цэпа еднаўся з тым, бывалішнім. Дзеці часта гуляюць у дарослых. Тут жа не было гульні, была самая бязлітасная неабходнасць, але Волеччын твар быў цяпер так падобен да твару зусім малой дзяўчынкі, якая пераймае ўчынкі свае маці! Пакуль Кастусь збіў два пасады, яна не адыходзіла ад печы. Многа разоў яна ў клопаце хадзіла ў агарод, у клець, у склеп, у прыгрэбку і ўсё думала, і ўсё шукала, і глядзела, чаго б яшчэ пакласці ў гаршчок, і колькі (каб было ў меру) малака ўліць, і колькі каб кіпела. Але тут яна ўжо мела практыку. Куды горш было з хлебам. Яна яшчэ не ўмела пячы хлеба. Хлеб кожны раз быў то адпечаны, то ацеслівы. Цяпер хлеб быў ацеслівы. Праўда, ён ужо быў трэці тыдзень, і чорствасць зменшыла ацеслівасць, але ўсё роўна сорам добрай гаспадыні даваць такі хлеб чужым людзям. А што ж інакш рабіць? Што ж, няхай ён выбачае. І вось, нарэшце, настала хвіліна есці. Як добра ён адчуваў сябе пасля работы! А як была рада яна, калі ён весела сеў за стол. Яны елі з адной міскі, і абое не заўважалі, што хлеб ацеслівы. Ён усё гаварыў, гаварыў і наіўнымі, бадай што дзіцячымі жартамі рассмешваў яе, наіўную, малую, рухавую. Кудысьці далёка, у невядомую туманную далечыню адплыў прыкры клопат думаць, куды б ехаць далей, у тую брадзячую беспрытульнасць.

— Але ж ты і гаспадыня! У цябе ж мышэй больш, як таго жыта. Я калі варухнуў снапы, дык мышэй цэлых дзве плоймы і яшчэ маленькая плоймачка бяжыць ззаду.

Яна зарагатала і выліла з лыжкі на стол. Тады зарагатаў

і ён.

— Бо ката няма, дык і мышы, — тонам апраўдання сказала яна.

— А што ў цябе ёсць! Няма ні ката, ні сабакі, ні пеўня. Нават павука добрага няма. У пуні адзін вісіць на павуцінні, дык такі худы і дробны, што аж рэбры з-пад скуры відны. Я тыя рэбры мацаў. Восем абмацаў, а дзевятага дык і зусім няма. А ён пішчыць, брыкаецца…

Каб хто чуў, як пасля гэтага рагатала Волечка! Яна ўжо зусім не магла есці. Рагатаў і ён. Можа, з гэтай часіны пачало ў гэтай хаце віць сабе гняздо шчасце. Усю другую палавіну дня і да самых прыцемкаў зноў стукаў цэп на Волеччыным таку. Ужо бралася на змярканне, калі яна раптам штосьці ўспомніла і як бы нават з трывогаю нейкаю палезла на гару. А там вяртлявым рухам апынулася на вышках і доўга штосьці выглядала ў сябе над галавою. Нарэшце твар яе стаў такі, як бы яна прыгатавалася сказаць: «Дзякуй табе, Божа!» У самым высокім месцы пад страхою вісеў як бы забыты кавалачак сухой каўбасы. Сукаватым прутам яна яго адарвала ад вешала і неўзабаве прымчалася з ім у пуню.

— Слухай, годзе ўжо ляскаць цэпам. Ужо змяркаецца. Ведаеш што? Бачыш? Гэта ж я зусім была забыла, што кавалак каўбасы астаўся. На з’еш.

— А ты сама?

— Ты намалаціўся.

— Не буду есці.

— Ну дык я табе на вячэру схаваю.

І пайшла. А яму — хоць ты плач. Яму так захацелася гэтай каўбасы! Ён жа так даўно не еў нічога такога! Ён аж выглянуў з пуні на двор: а можа, яна гэта паджартавала і стаіць дзе за вуглом з каўбасою! Але дзе там жартаваць! Ёй было не да гэтага. Яна ўжо выходзіла з двара на вуліцу, каб спаткаць і вылучыць з чарады сваю карову. Ён увайшоў у хату. Плечы і рукі яго такі здорава нылі ад цэпа. Ён сеў на лаву і ўбачыў, што на стале ляжыць тая каўбаса. Зірнуўшы ў акно, ці не відно дзе поблізу яе, ён пакруціў каўбасу ў руках, адарваў драбок і паклаў у рот. Што ж гэта ён робіць? Яна заўважыць, і брыдка будзе перад ёю. Збянтэжана азіраючыся, ён раптам убачыў на стале тое нямецкае золата. «Каб ён быў згарэў! Намучыўся я з гэтым немцам! І бацьку якраз хаваў…»

Цяжкі боль здушыў яму грудзі. Ён выйшаў на двор. Пачынаўся дробны дождж, мусіць, на ўсю ноч. Ён пайшоў класці нанач коням апошняе сена. Волечка ўвагнала ў двор карову і пайшла ў хату па дайніцу. Каўбаса ляжала на стале. Волечка адламала драбок ад каўбасы і паклала ў рот. Якая асалода жаваць каўбасу! Як даўно яна не ела смачнай яды! А што, калі ён заўважыць, што яна ела каўбасу? Гэта ж яму абяцанае. Да таго ж — ён увесь дзень малаціў, а яна так сабе круцілася каля хаты. Як злоўлены злодзей, яна шпарка паклала каўбасу і пайшла даіць карову. Ён стаў збоку і глядзеў, як яна працуе.