Выбрать главу

- Жартуеш, - апраўдаўся Яўхім.

- Я вам прынясу, хлопцы, другую шклянку, - па-гаспадарску клапоціцца Тамаш.

- Хопіць і гэтае.

І я не ўспеў агледзецца, як Пятрусь Міхалінчык ёмка выпіў, крактануў і ўзяў кусок селядца. Тамаш паднёс Яўхіму. Той спачатку адмовіўся, а пасля, бачачы, што яго больш не просяць, узяў і выпіў. Адламаў кусок кілбасы, агледзеў прытульную мясціну на дошках, каб спакойна было есці, сеў і пачаў паволі жаваць. Рэшту гарэлкі дапілі неяк раптоўна Варывончык з Міхалінчыкам і адразу сталі смешна-вясёлымі.

- Я вам, браткі, прынясу чаго паесці, - неяк радасна сказаў Тамаш; радасна, мусіць, затым, што ў яго гумне вясёлыя людзі.

Яму ніхто нічога не адказаў, і ён, пастаяўшы трохі, падаўся спярша ў бок Яўхіма, а пасля пайшоў у хату.

Астап Варывончык, скрывіўшы раптам набок дробны твар свой, заспяваў:

Охці мне, о-ох; На балоце мо-о-ох... Хлопец па дзяўчыне Сем гадоў со-о-о-ох!..

Пятрусь Міхалінчык уставіўся вачыма ў яго твар, сціснуў каля кішэнь портак кулакі, з нецярплівасцю чакаючы, пакуль той скончыць. Як скончыў, заспяваў раптам прыпеўку з другой песні:

Там хадзіла, там гуляла Дзеўка малада!..

Пасля падумаў трохі, махнуў рукою, змяніў раптам матыў песні на вясёлы і паўтарыў:

Там хадзіла, там гуляла Йэх!.. Дзеўка малада!..

Яўхім спакойна жаваў кілбасу.

Дзядзька Язэп стаў у варотах і глядзіць на пажоўклую траву перад гумном...

Ясна ад сонца і шырока ад першага подыху блізкай восені. Слаўна пахне з садоў бэрамі, блішчаць першыя ніці белага павуціння; скрыпяць на вуліцы вазы - возяць позні авёс, але ціха ад пажаўцеўшых клёнаў... Плюхае вада і спяваюць пеўні.

Стоячы, маўчыць дзядзька Язэп.

Астап і Пятрусь, палёгшы на мяккіх стружках, задумёна спяваюць:

Ой, за полем, полем ды за ўзгоркамі, Пры вадзе берагавой ды пад чаротамі Ды шумела асака...

Дзядзька Язэп выйшаў з гумна і пайшоў паволі, босы, па траве.

Ой, ды як жа асака ды шумлівая!.. Ой, шумела ж яна, як гаварлівая...

Яўхім узяў у рукі бутэльку, паглядзеў, што пустая, і палажыў назад, сеў і маўчаў, мусіць, слухаў:

А там беглі-грукацелі Залатыя-вараныя...

Яўхім адышоўся ўбок, прылёг каля сцяны на саломе і памог танклявым і доўгім голасам:

Эй вы, э-э-ай-э-эй!..

Дзядзькі Язэпа нідзе не відно.

Я выйшаў за вароты, глянуў на асеўшую сцяну пад жоўтыя клёны: на накошанай учора і прывяўшай за ноч палявой траве ляжаў ніцма дзядзька Язэп. Плечы яго трасліся, твар уехаў у траву, і з травою ж пераблыталіся чорна-сівыя валасы на галаве. Я падышоў да яго і сеў.

Пахлі з гумна смалою стружкі, пахла з агародаў зямлёю. За платамі ў садах падалі спелыя яблыкі, і над намі спелі рабіны.

Уткнуўшыся тварам у траву, як малое дзіцянё, плакаў дзядзька Язэп.

IV

Над шырокай зямлёй пахне восенню, і яснымі днямі дзьме густы вецер. І шумяць-шумяць кусты над глыбакадумнаю рэчкай...

Дарога пазарастала патаптанай травою, часамі з далёкіх узгоркаў імчыцца па ветры і асядае на яе пыл. Цяпер яна ад нядаўніх дажджоў чыстая і ад сонца і ветру думна-вясёлая. На ёй ляжыць плуг, а з боку я - ляжу на ветры, гляджу, як за кустамі шыпшыны пасецца конь, і слухаю, як шуміць голле маладых асін і бяроз. Адчуваецца, як пад імі прэсна пахне рэчка.

Сягоння я зусім не бачыў дзядзькі Язэпа. Цяпер ён не так нудзіць, больш можа гаварыць аб Міхале - прывыкае патроху, што памёр ён.

Учора вечарам я таксама, як і раней, сядзеў з ім на прызбе. Ён весялейшы быў і расказваў са смехам, як Астап Варывончык леташняй зімою пералазіў ноччу п'яны цераз калодзезь, думаючы, што гэта пералаз. Пералез і скочыў «на другі бок плота» і чуць не змерз у калодзезі, пакуль яго адтуль выцягнулі. Гэтую гісторыю я многа раз чуў ад яго ж, і ён сам гэта ведаў, але гаварыў з вострымі славечкамі і смакаваў жартаўлівыя фразы... Дося таксама хадзіла пад руку з студэнтам-практыкантам.

- Каморнік? - сказаў ціха дзядзька Язэп, ківаючы галавою ў бок цёмнай пары.

- Ён.

І мы маўчалі, а я думаў:

«Дося зусім маладзенькая, і яна, скажам, не можа разбірацца ў сваіх пачуццях і ў людзях. Але і няўжо сам дзядзька Язэп адстаўляе мяне на другарадны план, і няўжо толькі затым, што той студэнт?»