Ад гэтых думак нешта ўсю ноч і цяпер скрабе мяне за сэрца. Хочацца ісці некуды, нешта рабіць важнае, нешта большае, чым ляжаць тут, на гэтай дарозе.
Я нервова ўсхватваюся і, сам не ведаю для чаго, аглядаю нядаўна завораны мною загон. Па ім спацыруюць вароны, нешта клююць і крычаць. Мне таксама хочацца крычаць і спяваць. Ва мне варушыцца напеў песні:
Ды за таго шастака
Ды купіла мужыка...
У маіх перажываннях шырока раптам выплывае хор, які спяваў гэтую песню; быў я ў горадзе, сядзеў вечарам у тэатры і слухаў. Гэта было захапленне бязмежным, нічым і нікім не прыціснутым і не ўзятым пад мізэрную хітрасць. Так, як цяпер думкі аб Досі мучаць...
Якая мне можа быць работа дома адвячоркам?
Я саджуся і думаю.
Далёка відзён Пятрусь Міхалінчык - заворвае ржышча; ідзе ў вялікіх ботах за плугам, ківаючы наперад, пасвіствае на ўсё поле, аж мне тут чутно, ад гэтага яму весела. Недзе за кустамі праязджае Яўхім Стрыгун, я пазнаю яго па голасе - на каня яму ніколі не трэба крычаць, а ён крычыць, крычыць так, што на раллі трывожацца вароны.
Там, недзе за кустамі каля рэчкі, у дзядзькі Язэпа ляжыць сухая атава. Не можа быць, каб Дося не прыйшла скласці яе ў копы. Успомніўшы пра гэта, я повен думак, што мне ёсць чаго сядзець тут, на гэтай зялёнай дарозе, - вечарам яна ўсё роўна будзе з студэнтам.
Цяпер у мяне страшная нецярплівасць. Я адцягаю пад воз плуг, збіраю лейцы і пасля іду да дзядзькавай атавы. Там пуста, толькі ўсё ж таксама чароды дзікіх птушак.
Повен расчаравання, я іду назад. Дайшоў да краю кустоў і бачу: маленькая і смуглявая, ідзе Дося. Ідзе босая, у сінім, з белаю хустачкаю на густых чорных валасах.
- Ваша атава зусім сухая, - гавару я.
- Тата заўтра забіраць будзе.
Што мне ёй больш гаварыць? Седзячы вечарам з дзядзькам Язэпам і бачачы, як яна ходзіць з нейкім практыкантам, у мяне складаюцца ў галаве мнагалікія цытаты; толькі не цяпер гэта... Я не ведаю, што мне больш ёй сказаць.
Мне страшна хочацца схваціць яе на рукі і імчаць некуды далёка, за сухую атаву, за бясконцае поле. Імчаць, пакуль яна не заплюшчыць вачэй і не задрэмле. Тады я палажу яе на зямлю, абвеяную ветрамі і выхаджаную людзьмі, буду глядзець на яе, і тады ў мяне складуцца вялікія гімны.
Цяпер жа я маўчу і гляджу на яе твар.
- Чаго ты так глядзіш?
Твар яе раптам робіцца ружовым, і я адчуваю, што і яна таксама не ведае, што гаварыць.
А можа ёй страшна гэта хочацца, каб я схваціў яе на рукі?
У мяне ў галаве, у жылах пачынае стукаць кроў, і я ледзьве гавару:
- Ты доўга там будзеш?
- Атаву ў копы складу.
- Тады назад разам паедзем.
- Не, я пайду на той бок рэчкі, на хутары.
- Чаго?
- Да цёткі.
- Але ж начаваць дадому прыйдзеш?
Цяпер я знаю, што яна была зусім дзіця: ёй здавалася, што калі вечарам ходзіць яна з практыкантам, дык кожны нават куст шэпча аб гэтым, закіды на гэта бачыла яна ў кожным, самым нявінным слове.
Яна яшчэ больш пачырванела і з нейкаю як бы трохі крыўдай ці лёгкаю пагардаю сказала:
- Ну, а ты дзе будзеш сам начаваць?
Цяпер мне ўсё ясна. Тады ж радасна пацямнела ў вачах і з'явіўся спакой: ідзі сабе, ідзі, любая, вечарам я буду бачыць цябе.
- Мне пара ехаць, - сказаў я.
- А мне пара ісці.
І яна пайшла... А я, едучы дадому, раздумваў:
«Добра, што яна не едзе са мною - у мяне гразкія босыя ногі, запэцканыя палатняныя порткі і палатаная сарочка. Нядаўна яна вазіла гной і была адзета яшчэ горш, але ж усё роўна я не хачу быць такім каля яе».
Цяпер часам, у хвіліны бур і вострых пакут духу, я думаю так: калі шукаць ці ствараць апраўданні ўсяму, то смутак, напрыклад, можа мець апраўданне, што для таго ён, каб пасля яго больш ацаніць радасць. Тым больш гэта можна гаварыць аб рэчах меншых - розных непрыемнасцях, журбе... Тады ніякага апраўдання нічаму я не шукаў ці не ствараў і думаў толькі аб самых рэчах.
Без жадных разваг я ў той вечар напоўніўся злосцю да Досі - хадзіў я каля іхняе хаты, а яна раптам выйшла з папоўскага саду разам з тым практыкантам. Я прайшоў міма, каб бачыла яна, пасля павярнуўся і заставіў сябе плюнуць і пайсці закурыць да дзядзькі Язэпа.
Дастаючы мне з-за коміна табаку, ён стала, з лёгкімі адценнямі нявінна-простага гумарызму, сказаў:
- Што гэта яна, ліха яе ведае, з гэтым каморнікам злыгалася; колькі яе ёсць, гэтай дзяўчыны... Не падабаецца ён мне страшэнна.
Стараючыся схаваць сваю радасць, я пачаў левай рукою круціць на галаве валасы і падаў ціхі голас: