- А табе што?
- Мне што?
- Але.
- Што ж мне?! Мне нічога. Хіба я павінен гаварыць, што яна няслаўная, калі яна слаўная.
- А ты як жа гэта ведаеш?
- А можа і не, чорт яго ведае.
- То ты чаго ўжо кінуўся ў другі бок?
Андрэй паглядзеў на цыгана і падумаў: «Што мне гаварыць з ім і нашто гэта я з ім гавару... І што для мяне яго сястра?! Хіба патрэбна мне думаць аб гэтым. Яна так жа далёка ад мяне, як і я ад яе. Яна недаступна мне, як і я ёй, і думкамі нашымі, і настроямі...»
Яны яшчэ раз удвух закурылі, і цыган падняўся, моцна пацягнуўся і пазяхнуў... Паказалася з-пад чорнай жакеткі сіняя суконная камізэлька з залатым тоўстым ланцужком і цацкамі ад гадзінніка, і ад гэтага постаць яго стала нейкай вельмі ж адмысловай на гэтым зялёна-пажоўклым нізкім беразе.
- Табе трэба ісці куды? - сказаў Андрэй.
- Куды мне трэба ісці?! - задумаўся цыган і, памаўчаўшы, сказаў: - Пайсці на дарогу, там нашы ехаць павінны...
І яны ўдвух перайшлі на другі бок рэчкі і абодва пайшлі ў розныя бакі, холадна нейк развітаўшыся... Раней дык цікавіў Андрэя гэты чалавек, а гэта нядобра ўжо было быць з ім разам. Раней цікавіў як брат тае дзяўчыны, а цяпер за гэтым жа стаў нейкім варожым. Андрэй адышоўся трохі, пасля азірнуўся, каб упэўніцца, ці далёка ён. Яго не было ўжо відно, і Андрэй з трывогаю ад нервовага ўзбуджання вярнуўся назад. Ён пільна паглядзеў на той бераг, на тыя палатняныя будкі. Ціхія і ў адзіноце стаялі яны. Вакол іх скрозь быў роўны і нізкі поплаў, згрызены і пажоўклы, налева жаўцелі кусты, а направа і проста роўнасць даходзіла далёка да сіняй нізкай істужкі - можа лесу, а можа хмар. Было блізка некалькі не згрызеных жывёлаю кустоў, некалькі лапін ад вогнішчаў і далёка наводшыбе блішчаў пад жоўтым сонцам белы конскі чэрап, высахшы і струхлеўшы пад вятрамі. Гэта была вялікая задуменнасць, як бы ўвасабленне нейкай філасофіі прастораў свету... Уяўлялася нейк, што тут павінна была быць высокая трава, горача і страшна ясна свеціць сонца і дзьме гарачы вецер. І пад ветрам гэтым трава будзе спяваць ціхія і задумёныя песні над конскім чэрапам. І мелодыя гэтая будзе закалыхваць усю зямлю, пакуль не з'явіцца на ёй чалавек і не засмяецца над законамі гэтай мелодыі...
«Гэта ж Нонна яна завецца», - набегла раптам у Андрэя думка, і ён нейк па-дзіцячаму ўсміхнуўся...
І пэўна, што не мог разабрацца ён, што гэта з ім робіцца.
...Гэта зямля, а гэта дарога на ёй... Ноччу зоры і трава халодныя... Відны людзі, часам больш іх, часам менш, і нечым і нейк жывуць яны... І там далей таксама гэта ёсць, і калі я буду там, то буду там усё гэтае бачыць, а тут гэта ўсё застанецца таксама. Наперадзе нешта будзе, цяпер жа сонца свеціць, і шырокі поплаў жоўты ад яго. І журботна нейк ад таго, што стала пуста і глуха, як паехалі ўсе...
Такі і заўсёды быў настрой і такія адчуванні Нонны.
Не было вялікіх клопатаў, не вельмі заядалі яны душу і розум, не ўтамлялі яны... Былі вялікія захапленні, і тады малое здавалася вялікім, вялікае ж малым здавалася, толькі часта было яно чужым і няважным.
Зімою трэба было жыць у вёсках і мястэчках, даводзілася жыць і ў гарадах, і як толькі пачынаў раставаць снег, зноў пачыналіся паплавы ды палявыя дарогі. Зімою сустракалася больш людзей, і не то што каб цікавілі гэта вельмі яны, але нейкімі новымі і непрывычнымі здаваліся, і хто-небудзь з іх часам пачынаў як бы цікавіць, а пасля прападала гэта...
На трынаццатым годзе ўжо моцна акрэслена пачалі абуджацца ў Нонны няясныя дзявочыя смуткі і жаданні, і тады вырастала чуласць, але яна пачала прытупляцца з цягам гадоў. У чатырнаццаць год зімою жылі ў горадзе, і тады былі спробаваны слодычы першага кахання. Быў ён высокі і не першай ужо маладосці. Элеганцкі звінеў шпорамі, удала ездзіў на кані. Часта тады хадзіла Нонна з ім у тэатр і адтуль вынесла пакланенне звінючаму бляску сцэны ў музычнай камедыі. Адзін раз яна бачыла, як артыстку, увабраную так, што здавалася яна нечым асобным ад таго, што было вакол яе, пасля выкананага ёю танца вынеслі на руках на сцэну, і яна горда прымала воплескі і пакланенне публікі. Тады надоўга захапілася яна гэтым малюнкам, і яе пачало цягнуць некуды. Вясною выехалі з горада, выехаў некуды і вайсковы і ўжо мала калі і ўспамінаў пра Нонну, а калі і ўспамінаў, дык толькі хіба нарочна, халодным сваім розумам, каб больш давесці сабе, што ўсё, што сягоння здаецца ўсім, заўтра ўяўляецца нічым...
Нонна прывыкла, што вакол яе гаварылі аб яе прыгажосці, і сам гэты факт нават нейк прытупіў свядомасць аб гэтым... І любіла яна ляжаць часта на сонцы пад ветрам і старалася здавацца недаступнай. Часта яшчэ з'яўлялася ў яе млявасць, якая вырастала з свае першапрычыны, хоць і далёкай, - з нейкага кволага гультайства.