Выбрать главу

Яна зноў усміхнулася, з большаю мяккасцю.

- Чаму ў вас тут ціха сягоння? - сказаў ён і тут жа паправіўся: - Нудна тут сягоння ў вас. Брат ваш гаварыў мне сягоння, што музыканты вашы паехалі.

- А дзе вы брата майго бачылі?

- Тут.

- А нашто ён гаварыў вам гэта?

- А от трэба было яму, дык ён і сказаў.

Яму было прыемна і здавалася патрэбным гаварыць так, каб ёй здаваліся здарэнні не такімі простымі, нават таемнымі. Ён не ведаў, што гэта - яна гуляе з ім, пакпіць хоча над ім ці гэта ў яе тут жаночая незразумелая шчырасць... Ён ужо не прымячаў яе твару, ён глядзеў на яе рукі, на фалды шырокай яе адзежы. І не спадабалася яму, што многа блішчастых караль у яе на шыі, яны мелі выгляд крыклівы і рабілі ўражанне нейкага блішчастага звону і гэтым зневажалі глыбокае хараство...

Яна бачыла, што гэты хлапец нудзіць па нечым і ў гэтую хвіліну па ёй. І сваім пачуццём жаночым дагадвалася, што нават гэта не зусім па ёй, а ў ёй наогул па жанчыне, па яе прывабнасці. Яна разумела гэты смутак мужчыны і ўжо на вопыце ўпэўнілася, што не пастаянны ён у мужчыны да аднае жанчыны і пройдзе пры цеснай блізасці і тады прабудзіцца нявызначаны і агульны не перад ёй, а перад паняццем «жанчына»... Яна ўспомніла былую зіму ў горадзе, і ўсё гэтае ўразуменне зняважыла яе, і яна раптам варожасць, вельмі кволую і не заўсёды прыметную, адчула да Андрэя. І ёй раптам стала патрэбным памучыць яго, каб пасля назаўсёды забыць, бо цяпер ужо зусім адчула яна, што нецікавы і непатрэбны ён ёй. Так яна і пачала з ім цвяліцца. Яна яшчэ ўсміхнулася яму, пасля вырвала пальцамі травы і кінула на яго. Ён устрывожыўся радаснай трывогай і востра глянуў на яе. Яна па-жаночы глянула на яго і апусціла вочы. Тады ён падсеў да яе бліжэй. Яна зноў усміхнулася, зноў апусціла вочы. Ён падняўся, падышоў да яе і раптам сеў зусім блізка і прыціснуўся да яе. Яна маўчала, і ён моцна сціснуў яе руку, а пасля абхваціў рукою яе плячо. Яна ўжо знала, што гульня скончана, што ўсё ўжо зроблена, што для тае мэты больш можа толькі пашкодзіць. І яна пасядзела так з ім паўхвіліны і, ціха адапхнуўшы яго, паволі ўстала і, паважна гойдаючы станам, пайшла ў свой бок. Ён не здзівіўся гэтаму, толькі не чакаў гэтага. Ён усхваціўся раптам і пайшоў за ёю. І ў тую хвіліну радасна бліснула ў яго ўпэўненасць, што гэта ж яна наўмысна, каб ён ішоў за ёю, што яна шчырая з ім. А яна азірнулася і сказала яму:

- Не ідзі.

- Я пайду, - сказаў ён з горкай трывогай.

- Не ідзі, нічога табе ад мяне не будзе. І нічога табе ад мяне не можа быць.

- Можа быць, - сказаў ён з пачуццём блізкім да пачатку злосці.

- Ну-ну! - сказала яна горда з фальшывай сталасцю.

- Нонна! - пазваў ён яе.

Яна здзіўлена паглядзела на яго і зноў пайшла. І, дайшоўшы да самай будкі, яшчэ раз азірнулася і з такой жа фальшывай сталасцю, але ўжо са смехам у вачах, паківала на яго пальцам і схавалася ў будку.

Ён некалькі хвілін стаяў на адным месцы, з прытупленаю вастратою ў пачуццях, пасля пайшоў назад і стаў на мосце і глядзеў моўчкі на ваду. Пасля яму стала брыдка перад ёю, што ён стаіць тут і не адыходзіць; пачаткі гордасці заварушыліся ў ім, і ён плюнуў уніз і пайшоў кустамі на палявую дарогу.

- А ну яе к чорту, - сказаў ён моцна, з патугаю, несучы ў душы смутак.

І ахваціў гэты смутак думкамі, выйшаўшы ў поле. Тады яскрава і выразна думаў, што гэта ж па гэтай цыганскай дзяўчыне такі востры смутак у яго.

V

У тую ноч Нонна доўга не спала. Была ў яе журба і даходзіла да мяжы са смуткам...

Тады свяціў над паплавамі месяц, і ясна, і пуста, і страшна ціха было ў прасторах. Бялела нейк далёкая роўнасць зямлі, не шумела трава, і іншых ніякіх не было зыкаў. І моцна пахла вясенняю ноччу... Некалькі разоў звечара пачыналі плакаць далёкія птушкі, а пасля толькі раз адна крыкнула... Так і свяцілася ноч і ціха драмала...

Брат Нонны звечара доўга хадзіў каля будак, гаварыў з старым цыганом з другое будкі, пасля хадзіў путаць коні і доўга там свістаў ім і, як пачаў узыходзіць месяц, лёг у будцы і зразу моцна заснуў. І ў суседняй будцы спалі. Тады Нонна выйшла босая і неадзетая, і села пры рэчцы, і сядзела так, не варушачыся. Яе некуды цягнула, хацелася некуды ісці, нешта рабіць, дзейнічаць, нешта і некага пакінуць, нешта і некага знайсці. Але было гэта нявызначаным у свядомасці, як пункт. Нешта давіла ёй душу, і падобна было, што як бы гэта нешта было добрае, патрэбнае і слаўнае і цяпер няма яго... І трудна было ёй прывясці ў парадак пачуцці. Давіла яе і тое, што свяціў над паплавамі месяц, і разам з тым нейк і важна і патрэбна было тое, што свеціць ён. Давіла цішыня і размах пустых прастораў, і разам з тым дарагою і любаю была гэтая шырокая ціш.