Выбрать главу

Плылі ў галаве кавалкі думак аб тым, што было дагэтуль, і думалася нейк нутром аб тым, чаго і не было, што было нязнаным, нябачаным. У смутку варушылася нездавальненне нейкае і журба аб усім, журба вострая, рухавая, жывая, і цяжкая, і любая, журба аб жыцці. Такая няроўная, якою бывае і радасць аб жыцці, такая ж патрэбная для абнаўлення жыцця...

Было журботна і ад таго, што адзіноцтва было вакол і як бы гэта залазіла яно ў душу. Было гэта непрывычным і можа ад таго, што паехалі ўсе, пайшлі адгэтуль назаўсёды маладыя і блізкія і цяпер вось недзе нешта думаюць, робяць і адчуваюць... І раптам вынікла думка аб сваёй згубленасці тут, бо нейк цьмяна адчулася, што недзе нешта існуе іншае, якое - невядома, але ўявілася яно, як пункт здавальнення для чалавека.

«Можа гэта нашы там зусім вясёлыя, і думаць ім нічога не трэба», - выразней за ўсё раптам падумала Нонна.

А пасля ізноў сядзела і ўсё адчувала і знанае, і нязнанае і толькі не адчувала таго, што ад адзіноцтва асенняй ночы і маладой чуласці гэта ўсё ў яе... І яшчэ было ў яе, але больш у думках, нездавальненне ад таго, што адна яна тут, ніхто яе не бачыць, ніхто на яе не глядзіць, не гавораць пра яе, не захапляюцца ёю... І ў сярэдзіне ночы пачала ў яе спець думка, сперш няроўная, а пасля з адзнакамі мала калі быўшай дагэтуль рашучасці... І часамі ёй хацелася, доўга і ціха...

Месяц высока падняўся і пабялеў, і пабялела нізкая трава; холадам дыхала рэчка, і недзе лёгкім стукам абазвалася дарога. Ноч пераламалася на другую палавіну, і больш востра запахла ўсё. Нонна ўстала і паволі пайшла па беразе рэчкі. Дайшла яна далёка, да нейкай чорнай раллі, у задуменні пастаяла там на адным месцы і пайшла назад. Раптам усё пачало кіпець у яе настроях, узнялася нервовасць, і яна пайшла хутчэй. І проста ўвайшла ў цёмную будку. Там лягла пры халодным палатне і пачала плакаць, стараючыся не пабудзіць нікога. Пасля яна сціхла, але з плачам у душы сцішылася, і пад самы дзень дрымота агарнула яе...

Прачнулася яна, як было ясна ад сонца. Брат збіраўся ехаць у горад, каб прадаць там коні і шукаць там на зіму кватэры, і яна вяла пачала памагаць яму. І ў час гэтай работы вярнуліся з горада дзве дзяўчыны, што нядаўна жылі тут. Вярнуліся, каб сказаць ёй, што наняліся яны ўсе на цэлую зіму спяваць у кафэ і што без яе няможна абысціся для танцаў. І што трэба спяшаць выехаць той у горад.

Бесклапотная гуллівасць і вышыня настрояў раптам ахвацілі Нонну. Яна пачала спяваць і дурэць, як дзіця. І такі настрой не пакідаў яе доўга, хоць трохі пасля прытупіўся...

Папоўдні яны даехалі да горада. Брат Нонны там застаўся, а тры дзяўчыны селі пад вечар на поезд і выехалі ў дальні горад... Брат кіўнуў Нонне галавою; у яго нядобра і сумна было на душы...

VI

Два дні не мог прыйсці да сябе Андрэй. Каб забыцца, моцна ўвайшоў ён у работу, стаў маўклівы і вечарамі выходзіў на вуліцу слухаць, як гаварылі над старым дахам жоўтыя клёны. Нейк не па сабе яму было і ад таго яшчэ, што, як дазнаўся ён, што няма ўжо на беразе палатняных будак, а значыцца, няма блізка і Нонны, цьмяна і неаформлена адчуў, што нават сумна-тонкія і вострыя перажыванні засталіся нават як бы і не па Нонне, а так нейк па нечым, можа па тым, што ёсць, а можа па тым, чаго няма зусім і чаго не хапае ў свеце і па чым сумуе і ад чаго кіпіць глыбіня чалавечай істоты. Многа тады пачало з'яўляцца ў яго новых думак, небывалых дагэтуль. Было чаканне нечага і нецярплівасць. А на трэці дзень прыйшоў да яго ліст з дальняга горада ад земляка. Звалі яго ў горад, і ад гэтага перавярнулася ў ім тое, што навявала папярэдні настрой. Раптам ён ясна прыпомніў Нонну, як яна ўсміхалася, а пасля не дазволіла яму ісці за сабою, і раптам вырасла ў ім упэўненасць, што ён нейк вышэй яе стаіць на зямлі; што ён больш значны, і гордасць яе не важна нікому. Сум у ім астаўся шырокі, але нейк раптам выйшла з яго круга Нонна і зрабілася нечым асобным. І зноў яна неўзаметку пачала вырастаць і аддзяляцца ад усяго. Тады ён стараўся зняважыць яе ў думках сваіх, а яна яшчэ больш вырастала. І ён доўгімі і настойлівымі думкамі вызваў у сабе на яе нешта падобнае да злосці. Сілаю ўпэўніў сябе, што гэта злосць і што так трэба, што гэта абсалютная сапраўднасць. Пасля ж набеглі, згусціліся пачуцці і заглушылі ўсё гэтае, што было ў думках. Тады з'явілася толькі мяккая крыўда на Нонну, і ад гэтага прыйшло сапраўднае ўжо ўзвышэнне над ёю, затаенае ў самім толькі сабе. Тады яму зрабілася самому перад сабою брыдка і нядобра за тое, што паддаўся ён быў у той першы дзень слабасці - у сувязі з тым, што ўбачыў яе першы раз, варушыў сваю душу, паднімаў з яе дна ўсё перажытае, востра-пакутнае і цяпер ужо святое; што плакаў ён вечарам на халоднай зямлі. І нават нядобра адчуваў ён сябе перад братам... Пасля раптам наплылі на яго ўсякія думкі, у якіх патроху знікаць стала Нонна і патроху апускацца пачалі пачуцці. Ён ужо з братам гаварыў аб усякіх справах, вырашалі ўдвух час яго ад'езду, і ў апошні дзень перад ад'ездам ездзіў ён з братам на поле. У думках яго ўжо малявалася шырыня новай працы, вельмі важнай і патрэбнай, усякія магчымасці і новая прывабнасць.