Выбрать главу

Перад вамі я не апраўдваюся, але патрабую сказаць выразна - у чым жа мая контррэвалюцыйнасць? Няўжо ў тым, што я прапанаваў зусім не тое, што хочаце вы? Амбіцыя?! Хацеў сарваць ваша і правесці сваё? Дык што ж, калі я меншы «начальнік», дык перад вамі не маю голасу? Мне забаронена думаць? Але ж я ўпэўнены, што вы і самі не гэтак думаеце, самі для сябе. Але вам трэба была прычапка, каб памсціцца мне, каб выжыць мяне адгэтуль. І што ж тады? Тады ўжо ніхто ніколі не будзе перашкаджаць вам, падфарбаваўшыся ў чырвоны колер, прыкрыўшыся рэвалюцыйнымі лозунгамі, сесці сваім шырокім задам на ўсялякую жывую справу. І сядзець так, паводле вашага ж уласнага, ні то жартаўлівага, ні то сталага, выслоўя: «Як Бог у нірване». Я каб быў карыкатурыстам, я намаляваў бы вас у нірване. Як-небудзь паказаў бы шмат усяго жывога, дзейнага, маладога, радаснага. І на ўсім гэтым паважна супачывае шырокі зад.

Я не магу больш быць спакойным. Шырокаму заду я не дамся. Я моцны, раны мае пасля вайны з палякамі ўжо зажылі, і я зноў гатоў да паходу. І ў паход іду супраць хатняга шырокага зада. Бо рэвалюцыя не для таго, каб вызваліць раней прыгнечаны худы зад, выкарміць з яго зад шырокі і пасадзіць у «рэвалюцыйную» нірвану. Нірваны ў нас няма! Рэвалюцыя вызваліла не зад, а галаву. І наша бяда, што не ўсе ў нас навучыліся яшчэ бачыць, дзе галава, а дзе зад. Няма чаго выдумляць паклёпы на мяне за тое толькі, што я ўзняўся супраць усяго гэтага. Калі я захачу паглядзець камедыю, дык пайду ў тэатр, а тут мне не да гэтага. Не хачу зводзіць усё да гульні ў цацкі. Я калі і малы быў, дык у цацкі не лішне гуляў. Каб у мяне хоць кропля была павагі да вас, каб хоць кроплю бачыў я ў вас чалавечнасці, нашай чалавечнасці, я мог бы расказаць вам пра тыя «цацкі» жыцця, якія спаткалі мяне з малых дзён маіх. Але не для вас мая споведзь. Нават калі здолееце ўплішчыцца ў камісію па чыстцы апарату, калі вы нават якім-небудзь нахрапным парадкам станеце за старшыню гэтай камісіі, і тады я ніводнага слова не скажу вам з сваей споведзі. Лепш быць выкінутым на вуліцу, чым спавядацца шырокаму, падфарбаванаму начырвона заду.

Я той чалавек, якога вы сёння ў савецкім друку, перад усёй краінай рэвалюцыі, абазвалі контррэвалюцыянерам, выступаю на абарону рэвалюцыі! Каб абараніць яе ад вас. Няхай мяне застрэляць ці павесяць, няхай хоць нада мною які-небудзь паказальны судовы працэс вы зробіце, усё роўна я не адступлюся ад свайго.

Я не веру ў вас. Я веру толькі ў тое, што каб не вы, дык мы лягчэй ішлі б наперад. З-за той справы, пра якую тут не месца ўспамінаць, з-за той асабовай нашай справы вы робіце на мяне паход, перавёўшы ўсё на партыйную, на грамадскую, на савецкую, на рэвалюцыйную, на ўсялякую, якую сабе хочаце, лінію. Што ж вы робіце з самім разуменнем рэвалюцыі?! Што вы зрабілі ўжо? У што вы ператварылі яго?!

У сваім паклёпе на мяне, які вы надрукавалі сёння ў газеце, вы гаворыце: «...Віктар Лукашэвіч даўно вядомы як варожы нам элемент. На адкрытым пасяджэнні н-скага мясцкома перад усімі работнікамі прадпрыемства выступіў з сваёю контррэвалюцыйнаю прапановаю. Ён прапанаваў зусім к святу не ўпрыгожваць клуба, святочнай вечарынкі не ладзіць. І сваім гэтым выступленнем баламуціў сход, так што аж некаторыя галасавалі ў яго руку. І толькі дзякуючы старшыні мясцкома Марынковічу ўдалося праваліць гэтую прапанову, якая імкнулася да таго, каб зусім не было адзначана пралетарскае свята і каб рабочыя глядзелі на гэты дзень без павагі... Такіх лукашэвічаў у нашай працоўнай сям'і не трэба. Іх трэба гнаць у шыю». От што вы пішаце.