Выбрать главу

...Вы гатовы душыць усё маладое, дзейнае, абы самім утрымацца ў ролі «начальства». Гэта ўжо ўрода ваша гэтакая. І са мною вы зводзіце асабовыя справы, спекулюючы справамі грамадскімі...»

2. Запіскі

- Ты пасядзі каля яе, мусіць, ёй лепш, калі хто каля яе сядзіць. Сёння зранку і папаўдні, калі яна ляжала адна, дык усё спакою не мела. Хацела падняць галаву, вадзіла па хаце вачыма і нешта губамі шаптала. Але нічога разабраць нельга і не чуваць.

-У яе і мову адабрала?

- Не гаворыць ужо дзён пяць. Каторы ўжо дзень слова ад яе не чулі... Ты пасядзі тут, у яе ў галавах. А як пачне цямнець, запалі лямну, у кухні на акне стаіць. Толькі закрыеш чым-небудзь або ўбок адставіш, каб святло ёй у вочы не калола.

- Добра.

- А калі яна пачне варушыцца, калі прачнецца глядзі, - дык папраў ёй падушку, бачыш, як з'ехала на самы край; але цяпер не чапай, не будзі, хаця каб яна трохі заснула. Трохі сцішылася... І не гаварыце тут моцна. Не пускай сюды адразу знадворку хлоццаў, а то яны холаду нанясуць. Няхай раней у кухні абагрэюцца. Ды глядзі ж, каб не гаварылі моцна, каб яе не будзілі.

- Ведаю... Добра.

- Не адчыняйце дзвярэй у кухню. Калі хлопцы захочуць курыць, дык няхай на двор ідуць. А то як накурылі былі раз, дык яе вельмі ж кашаль душыў. Нават у кухні няхай не кураць махорку гэтую сваю. Я ім заўсёды гавару, і яны заўсёды забываюцца; вельмі ім у галаве!.. Не адыходзь ад яе.

- А калі ты вернешся?

- Буду старацца справіцца як найхутчэй... На змроку хлопцы будуць жывёлу паіць, дык скажаш ім, няхай вядзёр з тры вады ўльюць у кухні ў цэбар; як прыйду, дык папалашчу бялізну - сёння раніцою, палячы ў печы, памыла.

- Дык можа я папалашчу цяпер, пакуль ты прыйдзеш?

- Не, ты сядзі, не адыходзь.

- А калі быў доктар?

- Даўно, тыдняў мо з чатыры, як быў. Лякарства тое самае раз у аптэцы бралі. Гэтак сказаў быў.

- Памагае?

- Сама ж бачыш, дзе яно памагае!

- Можа б яшчэ пазваць доктара?

- Можна і пазваць, але што за карысць. І так відаць, што ніякай паправы не будзе.

- Сястрыца, ціха, не плач.

- Нічога... Мамачка-а-а...

- Ціха, ціха, ну ідзі... Сама ж казала, каб не будзіць яе.

- Ужо нічога, гэта ў мяне ад слабасці. Ужо чатыры ночы не спала каля яе.

- Дык ты не ідзі, калі ты гэтакая слабая, нашто табе ісці канечне. Можа б пайшоў Віця?

- Ён пайшоў бы, каб мароз не гэтакі вялікі.

- Ён холаду гэтак баіцца, ці можа нездароў?

Тут адбылося кароткае маўчанне, пасля якога:

- Няма ў яго ў што апрануцца. Ён у летнім фрэнчы ходзіць. Памятаеш?

Зноў адбылося маўчанне. Яно было як жарства пад голымі каленьмі малога дзіцяці.

- А можа заўтра пайсці - ты за ноч набярэшся сілы, паспіш. Я ж буду сядзець тутака.

- Не, мне добра будзе прайсці марозам. Галава пасвяжэе. І палатно сёння прынясу, можа яшчэ пакрою сёння, а заўтра пашыю - а то вельмі ж ён, небарак, мучыцца ў гэтым фрэнчы - гэтакія маразы!

- Дзе ты будзеш сёння кроіць! Спаць ляжаш.

- Буду бачыць. Так дык я яму заўтра пашыла б; кудзелю ўчора ператрасла, а на падшэўку з таго ж самага кавалка... Я сама ткала б, дык дзе там - адна ў хаце, і яе даглядаць трэба, і... у хаце і так цесна, не павярнуцца... Цяпер тут вальней трохі, як Віця кухню адбіў, не гэтак пара ўсялякая цягне, як у печы паліцца, свяжэй тут ёй дыхаць... Віця сам дадумаўся.

- А дзе ён дошак узяў?

- У клеці столь зняў, там яна не лішне патрэбна.

- Дык ты хіба ідзі, а то цябе і ноч на дарозе агорне... А чаму б не запрэгчы каня?

- Мне прайсці здаравей будзе... Глядзі ж яе. Не адыходзь надоўга.

- Добра.

Пасля гэтага стукнулі ціха хатнія дзверы і мацней - сенечныя. І пад нагамі заскрыпеў мёрзлы снег. У хаце запанавала цішыня.

* * *

Кухня тая была - невялікі куток насупраць печы. Пабеленыя калісьці цалёўкі, якімі яна была адбіта ў хаце, былі няшчыльна прыстаўлены адна да адной, і праз шчыліны свіцелася ўсё, што рабілася ў хаце. Ціха было, і нікога тут.

У сенцах затупалі боты, і дзіцячы грубаваты голас загаварыў ціха: