- Снег да ботаў прымёрз... От папрымярзаў!
Неўзабаве другі, вясёлы голас:
- Што ты сам з сабою гаворыш, дурань ты?
Першы голас:
- Вельмі ўжо ты разумны... Гэта я снег з ботаў абіваю.
І пайшлі гаварыць:
- Ужо ў хату пойдзеш?
- Але.
- Жывёлу панапойваў?
- Няўжо ж не!
- Дык сядзі ў хаце ціха, не стукай нічым.
- Хаця ты не стукай, а я то не стукаю.
- Не стукаеш! А ўчора маму пабудзіў.
- Бо мне трэба было палена раскалоць на падпал.
- Дык не мог ты ў сенцы выйсці!
- Усё роўна, і ў сенцах стукае.
- От, яшчэ будзеш аскірзацца!
- А што ж!
Нейкі час маўчалі, а пасля зноў той першы, дзяціны, абазваўся голас:
- А ты што цяпер рабіць будзеш?
- Кончу ўпраўляцца і ў хату прыйду... Ідзі, дык я зачыню сенцы.
Адчыніліся хатнія дзверы з сянец, і ў кухню ўвайшоў той, хто гаварыў кагадзе ў сенцах дзіцячым голасам. Ён быў у шарачковай кароткай, вельмі гаматной капоце - мусіць, яна была на кудзелях, - у ботах, у шапцы з вушамі - з шэрага труса. Ён адразу скінуў з сябе капоту, шпурнуў на лаву; паважна, як стары, хукаючы на рукі, падышоў да стала. Дастаў з акна пачак тытуню, скруціў папяросу і закурыў. Узяў з качэргаў нейкі ражон, прычыніў ім дзверцы ў коміне і пускаў туды дым, задзіраючы галаву. Ён быў белагаловы, сінявокі, гадоў яму было дванаццаць, а можа і трынаццаць. Гэтак ён стаяў і курыў, радасна адчуваючы хатняе цяпло.
У хаце, там, дзе ляжала хворая, зашаравалася аб зямлю дрэва - мусіць, ножка ў зэдліку. Дык курэц у кухні, душачыся дымам, апошні раз шпарка зацягнуўся і схаваў недакурак у кулак. Хацеў зачыніць у коміне дзверцы, але не было ўжо калі - з хаты падходзілі да кухонных дзвярэй, ён ледзьве ўспеў стаць каля стала, як у дзвярах з'явілася сястра.
- Ці не курыш ты?
- Не.
- А чаму ж дым па хаце ходзіць?
- Дык я яго ў комін пускаў. Яго адразу выцягае на двор. Гэта адно трохі на кухню пайшло... Як бачыш выцягне.
- Нашто ты курыш?
- Так.
- Рана табе яшчэ курыць,
Сказала гэта і як бы штосьці ўспомніла, пра нешта падумала - сціхла раптам, шырока адчыніла кухонныя дзверы, каб відаць было хворую, і ўвайшла ў кухню. Брат сеў на лаву, пасядзеў і, падумаўшы, што ўсё роўна ўжо, стаў пад комінам і спакойна дакурыў.
- Вучышся?
- Вучуся.
- І Віця?
- Або ты не ведаеш!
- Калі ж вы ўпраўляецеся дома?
- Досвіткам устаём.
- А як вясною будзе?
- Мусіць, Віця пакіне.
- А ты?
- Буду давучацца.
- А што ты так робіш?
- Нічога.
- А дзе твае кнігі?
- У сенцах на лаве.
- Чаму ты іх вынес?
- Так сабе... Замінаюць адно.
- Ты, мусіць, ніколі не чытаеш іх?
- Чаму не, чытаю... Папытайся сабе ў Маргарыты... Куды яна пайшла?
- Па палатно.
- Гэта Віцю на капоту?
- Ён у летнім фрэнчы ходзіць?
- Ходзіць.
- Як жа ён не захалодзіцца?
- Не ведаю.
І падумала цяпер: «Нашто я пра гэты фрэнч папытала, усё трэба ведаць, але не пра ўсё гаварыць». Увайшла назад у хату, глядзела яшчэ праз дзверы на яго і зноў думала пра тое, успомніўшы, што кагадзе сціхла гаварыць яму, каб ён не курыў.
«Нейк жа боты яму справілі... У халодным зрэб'і зімуе, але хоць абуўся добра... Можа яму, што ён курыць, асалода якая ад гэтага; можа ён іншае і не ведае ніколі. Мусіць жа, ён ніколі не даспіць, не даесць; устае досвіткам малаціць, а намалаціўшыся, вучыцца бяжыць, а прыбегшы з гэтага вучэння, сечку рэзаць ідзе. Дзіва што ён гэтакі спрацованы».
Дык не магла яна, каб зноў не запытацца:
- Калі табе гэтыя боты шылі?
- Яшчэ ўвосень.
- Мусіць, збожжа якое прадавалі на боты?
- Не, гэта я запасвіў.
Яна ўспомніла ліст ад сястры: «...Якубу вучыцца трэба ісці і каровы дапасваць, дык мы і самі не ведаем, што рабіць. Ён вельмі занудзіўся, таварышы яго ўсе вучыцца пайшлі...»
- Дапасваў ты?
- Але.
- А як жа ты вучыцца пайшоў?
- Спазніўся траха не на два месяцы.
- Як жа цябе прынялі?
- Мама ўпрасіла нейк... Не хацелі прымаць.
Маўчалі доўга. Яна села каля хворай. Каб не стукаць, ён на пальчыках увайшоў у хату следам за ёю і зашаптаў:
- А ты доўга будзеш тут?
- На тыдзень мяне пусцілі.
- Дык ты праз тыдзень паедзеш?
- Не ведаю, як з мамаю будзе. Але ж і ехаць трэба. Вядома, служу ў чужых людзей.
- Усё роўна ж ты нічога не паможаш, а там можа нядобра табе будзе, што не будзе цябе доўга.
Як стары, ён адставіў нагу ўбок, набраў з голай кішэні ў тры пальцы дробнага тытуню і зноў сыпаў у паперку.
- Я тут курыць не буду, я пайду на двор... Дзе гэта там Віця забавіўся?
У хаце было прытульна, чыста, прыбрана, але цішыня і спакой былі страшнейшымі за ўсялякія варожыя навальніцы. Сястра глядзела на яго вострым зіркам. І яму, мусіць, шмат чаго хацелася сказаць ёй; губы ў яго трохі падзьмуліся, цераз увесь твар лягла вельмі выразная для адчування і невыразная для слоў рыса. Куткі рота ў яго затрэсліся і вочы пачырванелі. Але ён цвёрда і паважна, як стары, выйшаў з хаты. І калі ён выходзіў, яна прачытала ў вачах і на твары яго: «Усё можна. Заставайся і надалей тут. Не можа быць нядобра там за тое табе, што пасля гэтага тыдня не з'явішся туды служыць... Перад смерцю мацеры ўсё можна. Усё можна!»