Выбрать главу

Як ён выбіў мяне з мае каляіны, як ён адарваў мяне ад мае работы! Ён, як камень, лёг на маёй дарозе, на дарозе ўсёй нашай сям'і, насмяяўся з Маргарыты, наздзекаваўся з яе, адабраў ад яе здароўе. І цяпер (няйначай, што гэта так) стараецца выжыць мяне адтуль, дзе сам начальнікам, каб не тырчаў я ў яго кожны дзень перад вачыма, я, брат Маргарыты, бо ведае ж ён, што ненавіджу я яго, як толькі можа ненавідзець той чалавек, які з малых дзён сваіх прайшоў агонь замілавання і нянавісці. Ці не лепш жа яму пазбавіцца ад мяне, бо яшчэ ж «асмеліўся» крытыкаваць яго.

Маргарыта! Як яна сохла тады каля мамы і як яна старалася, каб не бачылі мы; што замест лепшай яды для хворай мусіць яна, сціснуўшы сэрца, даваць ей бульбу. (Дзе ж мы маглі ўзяць чаго лепшага! А бачачы гэта, мы нудзелі і сумавалі страшна.) І як яна, небарака, сохла, гледзячы ў тую зіму на мяне, што я мерзну ў летнім нейкім фрэнчы!.. І якая ж яна цяпер усё-такі моцная, загартованая! Як яна трымалася тады перад ім у судзе! Да апошняй хвіліны ніхто не пазнаў бы, гледзячы на іх, што яна гэтак ім скрыўджана. І яна прайшла буры нянавісці і замілавання і ўсё роўна як з гарту выйшла. Толькі ці надоўга хопіць у яе здароўя? Колькі яна крыві страціла кожны год па некалькі разоў. (Вядома, «новы чалавек» павінен быць вольным, прыгожым, а дзеці, каб іх было некалькі, не далі б яму займацца гэтаю воляю і прыгажосцю!) І гаварыла як яна тады перад ім!

Маргарыта! Яна тады прыехала была ў горад дзён за два перад судом, надвечар. Незнаёмая жанчына паказала ёй, дзе льга за двазлотку на пору спыніцца. (Жанчына набожна перахрысцілася перад працэсіяй. Труну везлі на сялянскім возе, і паперадзе гарбаты чалавек у белай комжы нёс крыж). Маргарыта падзякавала жанчыне і купіла ў яе ж з каша шэсць абаранкаў. Ад вакзала ісці было ёй недалёка. Гэта была нават і не гасцініца. У двухпавярховым доме, побач з дзвярыма ў вялікую краму, спусціцца толькі ўніз, а там шырокія і нізенькія вокны, пад самаю столлю, выглядалі на малы скверчык. Гаспадыня адчыніла Маргарыце дзверы ў сцяне з пабяляных цалёвак. Каб гэта не на Маргарыту, дык прытулак гэты мог бы здацца чорным і цяжкім. Але гэта хто да чаго прывыкне, жывучы на свеце.

Ішоў у той дзень веснавы вецер, і голыя дрэвы на скверчыку гойдаліся і стукаліся голлем. Маргарыта бачыла праз акно іх пні ля самай зямлі. Пасля падышла яна пад люстэрка на сцяне: «Якая ж я стала худая і страшная».

Знайшла яна мяне тады была ў той самы дзень, калі ў суд хадзіла, не ведала адразу гэтай маёй новай кватэры. Ясныя былі тады ў яе думкі, усё расказвала мне, як прыехала, дзе і як спынілася, як з каша ў гандляркі абаранкі купляла, як нейкую труну везлі папярок вуліцы. Пра ўсю гэтую драбязу старалася гаварыць, абы не маўчаць, бо маўчанка была б вельмі цяжкаю. А нам хоць і было пра што пагаварыць (не бачыліся ж мы чуць не год, ад таго, калі ён яе завёз і пакінуў там), але ў тую хвіліну не гаварылася. Я цяпер як бачу, як чую той дзень, калі яна прыехала, як і дзе паварочвалася. І яе перад люстэркам, і сквер увечары, і вецер у голых дрэвах, і вясну... А з якім замілаваннем глядзеў я тады з канца калідора ў судзе на яе постаць, калі яна гаварыла з ім! Як ён злаваў, у яго зелянелі вочы і трэсліся сківіцы! Не, яна не спавядалася перад ім. Не спавядалася! Маладзец, Маргарыта!

- Я не прыехала перад табою спавядацца!

А як жа ён скрыгітаў зубамі і ледзьве стрымліваў сябе, сам пераняўшы яе слова:

- І я перад табою спавядацца не буду, як я жыву і як я хачу жыць. Усё, што было ў нас, гэта былі нашы памылкі... Чаго ты прыехала?

- Я прыехала ў суд.

- Можна было ўсё зрабіць завочна. Не канешне нам без патрэбы мучыць адно аднаго.

- А з патрэбаю тваёю дык можна і памучыць?

- Я не слухаю тваіх пустых слоў... Я табе пісаў тады, што буду без усялякіх судоў выплачваць тое, што з мяне належыць. І ты не можаш скардзіцца, што я сваіх абавязкаў не выконваю.

- А ты ведаеш свае абавязкі?

- Ведаю... Чаго ты хочаш дайсці гэтым судом? Я і без судоў ведаю закон.

- Але ці закон цябе ведае?

- Дык што ж, па-твойму, я непакараны злачынец?!

- Гэта ты добра сказаў, непакараны злачынец!

- Дык не табе ж судзіць і караць мяне! Годзе! Нічога ты гэтым судом не дойдзеш! Усё ў нас скончана, раз і назаўсёды! Калі ты па добрасці не можаш!..

- Не крычы, не хваліся, што крычаць умееш.

- Дык буду маўчаць.