- Дык як Маня маецца? - запытаўся.
- Жыве сабе... Мне цяпер абы тут усё добра зрабіць, а там - не я ж адзін... Зусім прыйдзецца некалі на весну вуліцу зносіць, і рэшта вёскі падзеліцца на два калектывы.
Я тады ахоплен быў новым пачуццём, глыбокім, радасным. Мы сядзелі з Якубам у першы вечар доўга, і яго абветраны твар быў для мяне вельмі любым. Тут было ўсё ад пачатку і да канца - і тое мінулае, з чаго вырасла наша блізасць, і цяперашняе. Мы разумелі адзін аднаго з паўслова.
Пра Маргарыту ён гаварыў, як бы сам быў у чым тут вінават. Але пасля, калі загаварылі мы, як дапамагчы ёй, каб стала ёй спакайней на душы, ён увесь загарэўся і ўспомніў адразу пра Марынковіча. Нават скрозь загару я прыкмеціў, як пачырванеў яго твар, і ён увесь аж уздрыгануўся. У ім, у гэтым сінявокім Якубе, у гэтым маладым, спрацованым, упартым рэфарматару зямлі захаваны вялікія буры. Ён пабыў у мяне два дні і паехаў, зрабіўшы тыя свае справы. І першы дзень, як паехаў ён, мне самому хацелася следам за ім ехаць. І ў той жа дзень я напісаў яму колькі слоў і вялікі ліст да Маргарыты. Усё гэтак, як гаварыў ён.
Цяпер менш за ўсё я думаю пра Марынковіча. І гэта дрэнна. Бо яго трэба перамагчы. Гэта нялёгка. Вельмі часта можна самому праславіцца за ворага рзвалюцыі, пакуль пераможаш яго. Даведзена ж і выдрукавана ў прэсе, што я контррэвалюцыянер.
Буду ісці да канца.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
- ...Яна зняла справу з судовага разгляду не затым, што вы вельмі хацелі гэтага, а затым, што нічога суд не сказаў бы таго, пра што трэба было б хоць слова сказаць. Бо тут гэта не тое толькі, што ў яе ад вае дзіцянё застаецца і што вы будзеце даваць на яго гэтулькі, колькі закон скажа. Можа суд яшчэ сказаў бы колькі слоў і пра тое, што яна, жывучы з вамі, страціла сваё здароўе: вы ж жылі разам чатыры гады, і яна магла б ужо мець чацвёра дзяцей! Над гэтым ні вам, гр-н Марынковіч, нікому галава не баліць, і яна адна сваім жыццём тут за ўсё адказвае. Але суд ні слова не сказаў бы пра тое, што яна ішла за гэтага Марынковіча тады, калі ён зарабляў на месяц усяго васемнаццаць рублёў. Яна хацела бачыць у Марынковічу чалавека і пайшла дзяліць з ім гора. А ён, калі ўжо зрабіўся важнаю асобаю, дык забыўся на ўсё гэта. Ён цяпер стаў «новым» чалавекам і знайшоў сабе «новую» жанчыну...
- Гэта справа мая і яе. Толькі!
- Але я ж брат яе.
- Вы, грамадзянін Лукашэвіч, маеце на мяне злосць за вашу асабовую справу і прыплятаеце сюды справу другую, якая сюды не належыць.
- Належыць!
- Не.
- Належыць! Усё належыць! Я ўсё разам збяру.
- Ну і што тады будзе?
- Нешта будзе.
- Што ж, грамадзянін Лукашэвіч, збірайце, збірайце ўсё разам. Мусіць, дапякла вам праўда, калі гэтакім гарачым зрабіліся. Збірайце, збірайце... Братняя блізасць! Зачапі толькі мешчаніна за душу, за пачуцці, будзе тады крыўды... Мешчаніна, мешчанчука, вас!
- Мяне гэта?
- Вас. Вы ж мешчанін, самы сапраўдны! Безумоўна, пачалося з таго, што вы заеліся на мяне за сваю ўласную справу, за тое, што я апублікаваў вашы контррэвалюцыйныя паводзіны. І тады вы пачынаеце прыплятаць сюды зусім іншую справу, безумоўна не належачую сюды, чужую тут, непатрэбную, пабочную! І стараецеся выйграць на гэтай справе. Чаму ж вы пра сваю справу са мною не гаворыце, чаму ж аб ёй маўчыце, а ўсё пра маю асабовую, у чужое жыццё залазіце?! Я не жадаю аб гэтым больш з вамі гаварыць. Гэта ўсё інтэлігенцкая псіхалагічнасць, мяшчанская сямейсцвеннасць, браты, сёстры! Як вы, грамадзянін Лукашэвіч, не можаце зразумець (бачыце, я халадней пачынаю гаварыць), што старая сям'я пашатнулася. Безумоўна і назаўсягда! Гэта ясна, і вам гэта павінна быць даўно вядома. Надыходзячыя будучыя часы ад нас ужо цяпер патрабуюць дзейнасці.
- Якое?!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ён доўга гаварыў мне пра нейкую дзейнасць, а я маўчаў. Я не мог гаварыць тады з ім. І пайшоў, не даслухаўшы яго да канца. Ён стаяў перада мною пануры. Ад гаворкі тоўстыя губы яго трэсліся, ад узбуджанасці чырванелі вочы і твар мяняў колеры. Твар яго быў апушчаны ўніз. Я пайшоў і пачуў праз зачыненыя дзверы, як ён змоўк і пачаў цяжкімі крокамі сваімі хадзіць. Я ніякай драбязы цяпер не заўважаю, але адна не вылазіць з маёй галавы - гэта як ён ступае. Моцна стукае пятамі і раскідае ногі. А сам ён ад прыроды сваёй пануры і не любіць гаварыць. Толькі, як ён кажа, грамадскія абавязкі навучылі яго гаварыць, крыкліва і суха. Дома ён заўсёды маўчыць. Любіць сядзець на скверы і маўчаць. Калі ідзе, напрыклад, з грамадскага прагляду якога-небудзь кінафільма ці новай п'есы - ніколі не выкажа сваёй думкі, а ўсё гудзе: гугу - не разабраць, ці гэта ён згаджаецца з табою, ці не.