Выбрать главу

Аднойчы Пархвен Катлубовіч захаладзіўся, пакашліваў, і яму здалося, што прыйшла нейкая бяда. Ён лёг на ложак, каб адляжацца ад хваробы, і наказаў праз людзей Марылі, што захварэў. Таго ж дня падвечар Марыля, як бура, уляцела ў хату, а за ёю ўвайшоў яе каваль. Зяць закурыў, седзячы каля Пархвена, а Марыля падмяла хату, памыла вокны і міскі і пагаварыла з бацькам. І яму стала лепш.

- Заўтра, Марылька, я буду здароў, не прыходзь, - сказаў ён, а сам сабе падумаў: «Заўтра сёе-тое яшчэ мне пабаліць, а паслязаўтра ўжо ўсё пройдзе».

Назаўтра ён, як і заўсёды, устаў нацямочку і да падвячорка спускаў сухастой у лесе, а першым прыцемкам сядзеў на прызбе і глядзеў, як апошняе сонечнае праменне ляжыць на дубовай вяршаліне, а ўвесь агарод пад дубам агортваецца вечарам. Адбывалася і яшчэ многа важнага і патрэбнага: за Галаскамі пракрычала балотная птушка, з шашы доўга чуўся грузавы аўтамабіль, запахла роснаю травою, і неба за агародамі цьмела, зламаная саломіна гойдалася на браме: узнімаўся нанач вецер. «Вось я і здаровы», - думаў Пархвен, хоць і сам не ведаў, чаму якраз з гэтай хвіліны ён стаў здаровы, а, кладучыся спаць, думаў, што ён жыве адзін, і што прыйшла старасць, і што ён у сваім жыцці занадта мала зрабіў для сваёй Марылі. «Ну, што ж, няхай ужо са сваім кавалём там як-небудзь», - суцешыў ён сябе, нарэшце, і заснуў да самай раніцы на доўгую вераснёўскую ноч. Усю тую восень, а пасля зіму і вясну ён пражыў з нейкім цьмяным адчуваннем, што прыйшла старасць, і што ўжо скончаны яго вялікія справы, і што трэба ўжо толькі дажываць веку, і невядомая раней горыч прыйшла да яго. «Я толькі і зрабіў, што пабіўся з пеўнем», - падумаў ён раз. Але суджана яму было вельмі хутка адцурацца гэтых думак, як самай брыдкай непатрэбшчыны. Прыйшла пара гора і думак толькі аб тым, што навісла над душой і перад чым ранейшыя клопаты і гора сталі дробнай забаўкай. Вось дзе была праўда, вялікая і горкая: жылося, былося і прычакалася. Дзеля чаго ж так добра было жыць, калі да такога канца дайшло? Вось калі смутак сапраўдным болем разануў душу аб тым, што Марыля не так многа мела шчасця ў мінулым і ўжо не можа ўспамінамі заглушыць сваей беспрасветнасці. Як яна зблажэла! Страшна стала глядзець, якая яна высокая! І твар яе ўчарнеў за тры дні. Асталася яна адна як ёсць і вярнулася назад да яго і жыве ў роднай хаце. Але гэта ўжо не была тая Марыля, якую ён гадаваў і шкадаваў. Гэта была ўжо пажылая жанчына, праз жыццё якой прайшоў добры чалавек, каваль з зарэчнага мястэчка, і сын, якому ішоў ужо чацвёрты год.

На трэцім тыдні вайны ў зарэчньм мястэчку асеў нямецкі камендант, а яшчэ раней з Галаскоў чутно было, як па шашы грукаюць і равуць нямецкія машыны. У мястэчку пачалі шукаць неадмабілізаваных мужчын. Яны і сапраўды былі і прыхоўваліся, дзе хто мог. Такі самы быў і Марылін каваль. Яму горка было і дом з сям'ёй кінуць, і аставацца яшчэ горш было: на ўездзе ў мястэчка ўжо чатыры дні вісеў на дрэве нехта нікому невядомы, якога гітлераўцы злавілі на шашы і ў той жа дзень павесілі. Каваль сядзеў у лесе, і Марыля насіла яму есці. Калі пачалася ў мястэчку аблава, Марылі ўдалося з хлапчуком на руках выбегчы на паплавы. Прыгінаючыся да прырэчных зараснікаў, яна дайшла да лесу і перад вечарам там жа развіталася з мужам. Іншай рады не было, як ісці яму адгэтуль. Пацалаваўшы Марылю і сына, ён рушыў змрокам дня ў вялікую дарогу. Дзе і як ён пяройдзе фронт і выйдзе да сваіх - гэта здавалася яму лягчэйшай справай, чым тое, што Марылін твар стаў востры і сухі. Ён шпарка ішоў усю ноч і не мог хоць на момант вырваць са сваёй галавы пакутнай думкі аб яблыньках пры доме, якія гэтай вясной першы раз зацвіталі.

Калі яна падыходзіла агародамі да свайго дома, хлопчык штосьці пачаў ёй гаварыць.

- Маўчы, сынок, - сказала яна, - а то пачуе немец.

Спалоханае дзіця сціхла, але ад ворага не ўратавалася: ён сядзеў у сенцах, замок з якіх сарваў з прабоем. Ён толькі яе і чакаў, нават і ў хату не пусціў, так з сянец і пагнаў разам з хлопчыкам у каменданцкую ўправу. Тры дні там яе дапытвалі, дзе яе муж. Ужо ёй выкруцілі палец на левай руцэ, ужо ўвесь твар быў у крывавых сіняках, і апроч таго, што каваль у арміі, яна нічога не магла сказаць. Уначы на чацвёрты дзень камендант прыклаў рэвальверную рулю да хлопчыкавага вуха і ціха сабе, быццам гэта ён адрэзваў прыгожымі нажнічкамі кончык цыгары, стрэліў. Марыля спачатку закрычала, пасля анямела. Так яе выпхнулі на двор і, б'ючы рамянямі, прагналі далёка ад каменданцкага дома, і яна ўжо не бачыла, як салдат выкінуў яе нежывое дзіця праз акно на дарогу паміж травяністым капяжом і плотам. Больш за тыдзень яна, як адзічэлая, прабадзялася па лесе, полі і прырэчных паплавах, а пасля прыйшла да бацькі чакаць нечага таго, што набліжаецца з кожным пражытым днём.