Выбрать главу

Час - найлепшы доктар чалавеку. Ён уціхамірыць хоць які боль. Пасля лета прыйшла восень, а пасля зіма. Марыля ўсё жыла ў бацькі і аднойчы ў сярэдзіне лютага змрокам дня сказала бацьку:

- Нешта сёння больш як заўсёды верх дуба на агародзе стаіць на сонцы.

- Бо дзень пабольшаў і вясна блізка, - адказаў Пархвен Катлубовіч, ужо сівы каля вушэй і аблыселы наверсе галавы стары чалавек. Ён аж выйшаў на двор, пакуль не змеркла, глядзеў адтуль цераз вуліцу на дуб у агародзе і ўсё гаварыў сам сабе, быццам спяваў:

- Вось і зіма прайшла, і дзень вялікі, і перазімавалі, і вясны дачакаліся...

Якія прыйшлі неўзабаве ночы! Лес трашчаў і гуў ад густога ветру. Снег пачаў асядаць, і на світанні дзён ружовы водбліск неба ляжаў у снегавой вадзе. Шаша за Галаскамі стала чорнай. Вароны бадзяліся па голай мокрай зямлі, і яснымі адвячоркамі сонца ўсё больш і больш затрымлівалася на дубовай вяршаліне. А тым часам у зарэчным мястэчку з'явіўся новы чалавек - высокі, сярэдніх год і як бы прысутулены. З гэтай прысутуленасці і з паходкі яго пачалі пазнаваць тутэйшыя пажылыя людзі. Пазнаў і Пархвен Катлубовіч. Раз, стоячы пры акне і гледзячы на вуліцу, ён сказаў Марылі:

- Паглядзі, вуліцаю ідзе чалавек і з ім салдат. Каб стары Пфайфель не памёр, я падумаў бы, што гэта ён.

- А хто такі Пфайфель? - запытала Марыля.

- А па той бок рэчкі пры самым мястэчку быў у старыя часы маёнтак пана Гальцовіча, і правіў усім маёнткам наняты немец Пфайфель. Гальцовіч пасля злавіў яго на тым, што ён цягнуў у сваю кішэню з маёнтка больш, чым аддаваў самому Гальцовічу, і прагнаў яго, і той паехаў назад у сваю Нямеччыну, а пасля прыехаў да другога пана, па той бок шашы, і перад самаю той вайной памёр. А гэты, што ішоў цяпер вуліцай, кропля ў кроплю - той.

Праз некалькі дзён усіх галаскоўцаў і местачкоўцаў сагналі разам, і той, падобны на Пфайфеля, сказаў перад людзьмі прамову:

- Я прыехаў на гэтую зямлю, якую некалі мой бацька даводзіў да ладу. Ён, нябожчык, многа сіл аддаў гэтай зямлі. Ратунак гэтай зямлі ў нямецкай культуры і арганізаванасці. Даўней паны, а пасля бальшавікі тут не ўмелі гаспадарыць. Я навучу вас культурнай працы на зямлі.

Так галаскоўцы дазналіся, што гэта прыехаў да іх уладаць тым даўнейшым маёнткам сын таго Пфайфеля. Ён асталяваўся жыць на краю мястэчка ў былым калісьці панскім доме. Дом стаяў на высокім месцы, і з галаскоўскай вуліцы з тых дзён відно стала, што пры доме стаіць на варце нямецкі салдат. І галаскоўцам пачало здавацца, што дарога ім туды, на той бок рэчкі, загароджана. І гэта было адчуванне такое, што як быццам ад чалавека адабралі паўсвету. Адтуль жа салдату Галаскі былі відны толькі вярхамі стрэх, а ніжэй густа раслі сады, а цераз стрэхі чарнелася лінія шасейнай дарогі, далёка, за шэрым полем. У гэтым полі была доўгая града хмызняку, яна цягнулася да самай шашы і на той бок яе. Аглядаючы праз бінокль мясцовасць, Пфайфель заўважыў, што вартавы салдат не можа са свайго месца бачыць гэтую хмызнячную граду з-за нейкага вялікага дрэва, якое густым сваім голлем нават і цяпер, калі яно бязлістае, закрывае даволі шырокі прагалак за Галаскамі. Пфайфель зацікавіўся гэтым дрэвам з трывогай: хмызняком могуць ісці партызаны, а пасля хмызняку ўжо і полем могуць ісці проста сюды: іх будзе скрываць дрэва, а лепш за ўсё яму самому па некалькі разоў на дзень аглядаць праз бінокль усю шырыню мясцовасці. Ён нацэліўся на невядомае яму чужое дрэва і пачаў удакладняць, дзе яно расце. Два салдаты-інваліды закончылі пошукі тым, што нарэшце апынуліся ў агародзе Пархвена Катлубовіча пад дубам. Вось яно, тое дрэва! Цэлы тыдзень пасля гэтага клопат тачыў і Пфайфеля, і каменданта: выгнаныя на спілаванне дуба галаскоўцы ніякай рады даць не маглі: дуб быў у некалькі абхватаў і таўсцейшы за даўжыню піл. Пілы рваліся, а дуб стаяў. Спілаваць яго нельга было. Прайшоў тыдзень марна. Тады камендант загадаў Пархвену Катлубовічу за два дні прыбраць з агарода дуб. Пархвен, як стаяў перад камендантам зняўшы шапку, так і дадому прыйшоў з шапкаю ў руцэ і так прасядзеў на лаве каля стала да самага вечара. А змрокам ён пераабуўся ў навейшыя боты і выйшаў з дома, і хоць ён нічога пэўнага не сказаў на адвітанні Марылі, але яна і так ведала, што ён проста толькі сышоў, бо жыцця ўжо тут больш не будзе. «А я буду пільнаваць хаты», - цвёрда падумала яна і перабыла тую першую ноч з вялікім смуткам. Зранку ўзышло сонца, і ёй стала лягчэй на душы. Праз два дні сам Пфайфель з салдатам-інвалідам прыйшлі ў Галаскі і доўга глядзелі на дуб. Ён стаяў сабе вышэй над усёй мясцовасцю, а пад ім ляжалі парваныя і пашчэрбленыя пілы. Пфайфель тым днём гаварыў каменданту, што гэты дуб трэба адправіць у Германію, каб там пабачылі, якія дзівы вырастаюць тут і якую багатую краіну заваявалі нямецкія салдаты. Камендант быў салдат, а не мяккадушны летуценнік. Ён адказаў: