- Чацвёрты раз заяўляю: калі зараз жа не будзе сказана, хто забіў афіцэра сельскай гаспадаркі Пфайфеля, аўтаматчыкі расстраляюць адным залпам усіх да аднаго!
Тут Пархвен убачыў, як наводшыбе ад усіх чамусьці стаіць Марцін Лагута. Натоўп не зварухнуўся. І зноў нямецкі галасіна:
- Апошні раз заяўляю: калі і цяпер не скажаце, - спачатку страляю яго (гітлеравец паказаў на Марціна Лагуту). А тады - усім капут!
Натоўп маўчаў. Фашыст махнуў рукой, бухнуў стрэл, і Марцін Лагута ўпаў мёртвы. Пархвен уздрыгануўся.
- Апошні раз заяўляю! - зноў крычыць гітлеравец.
Божа! Літасцівы! Яны ўсіх зараз заб'юць. І Рамана, і Кастэцкага, і Костусь ляжа, і ўсе яны - мілыя, любыя сябры, браты, таварышы. Як жа ратаваць іх? Вось дзе пакута!
- І калі не скажаце, хто забіў... - ірве вушы нямецкі голас... Хвіліна маўчання і...
- Гэта я забіў! - пачуўся раптам Пархвенаў голас.
Тут рух адбыўся сярод немцаў.
- Ну, ідзі!
Рад - няволя, а ісці трэба. Пархвен выйшаў з натоўпу, і два немцы сталі паабапал яго. Каманда аўтаматчыкам, і яны пайшлі ў вуліцу. Натоўп загуў і заварушыўся. Пархвен бачыў перад сабою лес і над ім сонца. Ужо яно не ляжыць больш на дубе. Ужо і Марылі няма, і яе сынка няма, і каваля - хто ведае, што з ім! І Галаскі пустыя, і пацукі там з паліц хвасты пазвешвалі... І тут Пархвен крыкнуў, ідучы:
- Чаго ж вы стаіце, местачкоўцы? Ратуйце свае галовы!
- Чуем! - пачуў Пархвен голас ужо дзесьці з агародаў. Ён скоса азірнуўся і бачыў, як людзі па адным мільгацелі ўжо за мястэчкам. Натоўпу даўно ўжо не было на вуліцы. («А я крычу!») Як яго ўводзілі ў двор каменданцкага дома, ён убачыў, як тая ўжо знаёмая яму жабрачка ідзе агародамі з торбамі і з кіем. Змрокам таго дня ён стаяў пасярод вялікага пакоя ў тым доме, дзе жыў камендант. Твар яго быў у крыві, адзежа вісела на ім шматкамі, у вуха яго была ўстаўлена з паперы труба, і ў яе немец крычаў:
- Не ты забіў! Гавары, нашто бярэш на сябе віну?!
Крык за сценамі можа сотні галасоў перарваў немца. Людзі ўварваліся ў дом і ў гэты пакой. Следчы гітлеравец спалатнеў, закалаціўся і падняў рукі ўгару. За мястэчкам стральба чутна была да самай раніцы.
Месяц у тую ноч змеркнуў позна, ужо ружавела неба на ўсходзе.
Стараючыся не рабіць многа шуму ў гэты ранні час, імшыстай сцежкай паміж балотам і лесам ішло многа людзей, расцягнуўшыся доўгім ланцугом. Адным з самых задніх ішоў Пархвен. Твар яго ўжо быў абмыты ад крыві, і толькі на тую парваную адзежу была ўжо накінута суконная жакетка. Яны мінулі балотнае азярцо і выйшлі да чыгуначнага насыпу. Многа ўзброеных людзей было на траве пад дрэвамі. Тыя, што прыйшлі, спыніліся ля гэтых, і Пархвен заўважыў сярод іх тую жабрачку, а пасля і трох сваіх галаскоўцаў. Раптам ён убачыў Марылю, і вялікім выбухам радасць стукнула ў яго грудзях. Праз дзён некалькі Пархвен і ўсе, з якімі ён ішоў цяпер, былі ў адным з блізкіх адсюль лясоў. Камандзір партызанскага атрада пытаў у яго:
- Гэта ты і ёсць з тых самых Галаскоў, з якіх Пархвен выратаваў цэлае мястэчка ад расстрэлу?
- З тых самых, - адказаў Пархвен.
- Там яшчэ быў такі Пархвен, што з п'яным пеўнем біўся, - пачуўся голас.
- Там яшчэ ёсць такі Пархвен, што нямецкі поезд пад адкос спусціў нядаўна, - сказаў Пархвен.
- Яшчэ і цяпер на тым месцы вецер абсвіствае добрую сотню раструшчаных гітлераўцаў, - абазваўся ўсё той жа голас. - От бо чалавек, гэты Пархвен! У Галасках, мусіць, некалькі Пархвенаў ёсць!
1944
АРТЫКУЛЫ, ДЗЁННІК
Небеларуская мова ў беларускай лiтаратуры
Вялiкая беларуская моўная стыхiя не толькi не загiнула за час шматвяковага нацыянальнага падняволення Беларусi, не толькi не была праглынута моцнымi культурамi суседнiх народаў, а захавала сваю чыстату, скрышталявалася ў надзвычайнае багацце арыгiнальных формаў, служачы нават багатым матэрыялам для суседнiх моўных культур. Беларуская мова - мова беларускiх казак i песень, фразеалогiя народнае гутаркi, - гэта найглыбейшая самабытнасць i хараство.