— Вы чуеце, як яго ўжо точыць чарвяк, што ён так ірвануўся душой? От бо нямецкая душа! Ніякіх там парываў, а ўсё павінна быць вылічана: колькі аршын радасці, колькі ўдзячнасці, колькі сяброўства і колькі дабра другому, каб не перадаць лішне. А можа ён яшчэ і з жывога гэтага Паліводскага здымаў, якое там к чорту знімаў! Здзіраў тое золата! Дык тады пісара пры ім не трэба было, каб запісваць, колькі немец скур з чалавека здзярэ. А вось калі душа яго на момант зварухнулася на справядлівую ўдзячнасць, дык ён адумаўся, што не паставіў пры душы таго пісара, які б падлічыў і запісаў, ці не залішне ён перадаў да чалавека ўдзячнасці, не гаворачы ўжо аб простым, бескарысным пачуцці. О, я немцаў ведаю. Яшчэ калі быў малады, служыў пры вялікім доктары, і ён мяне браў з сабою ў Германію, калі ездзіў паказваць свой спосаб, як рак вырэзваць… Ну, ты там, за комінам! Калі толькі адагрэешся добра, то злезеш і дасі ёй паесці, і пабольш каб яна піла, цёплага і гарачага. Бывайце і праўцеся, галубчыкі мае, унь Трыбуховіч пад’ехаў, дзякуй Богу, што на пагоду выбілася!
І ён пайшоў з хаты. Праз колькі хвілін ён знадворку прыклаў твар да шыбы і гукнуў:
— А калі ёй праз дзён два-тры не будзе рабіцца лепш, дык падскоч зноў да мяне, я прыеду банькі паставіць.
І пасля гэтага колы загрукацелі па вуліцы. У хаце стала зусім ціха. Кастусь быў рад, што гаваруна ўжо не было ў хаце, аднак жа штосьці нядобрае, ці як бы трывожнае павісла над ім. Яму рупела, што і конь на двары склее на холадзе, і што золата, знятае немцам з графа Паліводскага, ляжыць недзе тут у шуфлядзе, і што яму трэба яшчэ чакаць нейкага поту, і што яму не можна адразу ж устаць і пачаць гаспадарыць. Але самае большае — тыя гадзіннікі і пярсцёнкі як бы душылі яго. Чамусьці яны пасля фельчаравай гаворкі сталі яму страшнымі і агіднымі, што да іх дакранацца нядобра было. Так ён ляжаў, ляжаў, чакаў поту, але яму не было ўжо холадна. Ён не вытрымаў, збрыкнуў з сябе нагамі кажух і паволі сышоў з печы. У галаве злёгку кружылася, але ці мала што калі здараецца — ён прайшоў па хаце, пераабуўся, абмацаў на сабе рубашку — ужо яна была зусім сухая. «Дзякуй табе, Божа, абышлося і без патоў». З радасным пачуццём ён рушыў у свой даўно прыспелы занятак. Перш за ўсё ён напхаў у печ дроў і падпаліў. Праз дзесяць хвілін ужо была падоена карова, хвіліна спатрэбілася на тое, каб вывесці з аглабель вымучанага каня і ўвагнаць у хлеў. Яшчэ праз хвілін дзесяць ён нясмела глядзеў у Волеччын твар і ўсё ўгаворваў яе падняцца і напіцца гарачага малака. Ён прыўзняў яе, падтрымаў за плечы і напаіў, і яна сказала:
— Трэба, каб у хаце было зусім-зусім ціха, дык я засну. — Тады ён адзеўся ў тую сваю, што яшчэ з дому, суконную жакетку і ціхом выйшаў. Тым часам і дзень блізак быў да вечара. Надвор’е зусім расчысцілася, і свяціла сонца. На душы ў яго стала лягчэй. Ён выцер саломаю каня, акінуў вокам двор і ціха ўвайшоў у хату. Хоць і ціха, але Волечка прачнулася. Шпарка і яшчэ цішэй ён выйшаў з хаты і зірнуў у акно. Відна была Волечка на пасцелі. «Ну, цяпер яна спіць. Доўга не пайду ў хату, няхай спіць, не буду будзіць». Ужо захад згарэў чырвоным полымем і патух, і ўжо зоры загусціліся ў небе, ужо і шырокі серп месяца ўзышоў, а ён усё баяўся ісці ў хату. Пахаваў у пуню пад салому ўсе тыя хваёвыя бервеньчукі, разоў некалькі падкладаў коням сена, перачакаў ужо і позні вечар, змерз, многа разоў зазіраў у акно і Волечкі не мог убачыць, а ў хату не ішоў. «Няхай спіць». Стаяў гадзінамі, тросся з холаду, а не ішоў. І яму было добра берагчы яе сон. Нарэшце пайшоў. Так адчыняў дзверы, быццам гэта ён нёс на галаве паўнюткую шклянку вады, не вады, а дарагой вадкасці, або яду, кропля якога прапаліць навылёт яму галаву. Якая ж была яго радасць, калі ён нарэшце апынуўся ў хаце і ўбачыў, што Волечка спіць. Але яна не спала, а бачыла, як ён увайшоў і стаў каля яе.