— Усё на тым самым месцы, і карова тая самая. Дай жа Божа, каб і дома ўсё было ў шчасці і радасці. Ах, Божа мой, Божа, колькі было бадзяння і пакуты. Жартачкі — цэлыя гады! — Ён уздрыгануўся, адарваўся ад плота і рушыў у карчму праз чорны, ці задні, ход з агарода. Здавалася, што ў гэтым чалавеку няма і кроплі крыві. Твар худы і выцягнуты нос. Здавалася, што скура на твары хутка стане празрыстая, як шкло, і праз яе льга будзе ўбачыць чалавека ў сярэдзіне. Кароткае шчацінне выстрыжанай барады тырчэла ва ўсе бакі, а адзежа — адкуль толькі ён мог і назбіраць яе?! На нагах падшытыя кавалкамі скурата лапці. Нагавіцы нямецкія, салдацкія і вылатаныя дзесяткамі рознакаляровых кавалачкаў. Кароткая вопратка, можа нават і на ваце, цывільная, з плеч простага чалавека, якога-небудзь рабочага або панскага парабка, міжнацыянальнага і разам — няпэўнага выгляду, падпяразаная вяроўкай. А шапка — рэшткі польскай канфедэраткі: без казырка, з адарванымі рагамі і залатанымі дзірамі на месцы іх. Пад гэтым падабенствам галаўнога ўбрання на галаву была закручана і закрывала вушы ні то хустка, ні то ручнік, брудны і дзіравы. Усё гэта тырчэла гузамі і камякамі на чалавечай галаве.