Хоць і даўно ўжо жылі ў новым доме, але ён меў прывычку часамі начаваць у старой хаце, пакуль яна яшчэ стаяла. У гэты час свайго жыцця, калі ён, як ніколі раней, не мучыўся вялікім клопатам і думкамі аб будучыні свае Волечкі, ён любіў адзін у той хаце, у якой прайшло яго маленства, сустракаць дзень і праз акно бачыць, як папялеюць на небе зоры. У адну з такіх часін ён адчуў усей сваей істотай, што адбылася вялікая падзея. Быццам нейкая сіла адабрала ад яго спакой. Была восень, бадай-што такая самая пара, калі ён, тады, даўно ішоў па роднай зямлі, гасцінцам, з чужацкага палону. Ціхая стаяла раніца. Ледзь толькі развіднелася. Першая драбнюткая сняжынка ўпала яму на руку, калі ён падыходзіў да новага дома. І ў трывожным, і ў нецярплівым чаканні ён стаў на ганку і прыслухоўваўся да цішыні, што панавала навокал дома і ў ім. Настаў момант, дзеля якога можа ён так сумаваў калісьці па сваёй Волечцы і аддаваў ёй сваю душу. Ён вельмі выразна пачуў з ганка, як у доме закрычала дзіця. Ён уздрыгануўся і стукаючы ботамі ўвайшоў у дом.
III
У тыя гады, а можа і пазней на які год ці паўтара, у мясцовасці далёкай ад Сумліч, ад іх кіламетраў за сто, кірункам паміж поўднем і ўсходам, з’явіўся нейкі невядомы нікому Сымон Ракуцька, чалавек не першай маладосці і з выгляду вельмі здаровы. А ўрэшце, у яго быў такі няпэўны выгляд, што цяжка было ўгадаць, колькі яму год. Магло быць і дваццаць шэсць, а можа і трыццаць пяць, калі не ўсе трыццаць сем. Ёсць сярод людзей такія твары. Хада яго была цвёрдая, і на кожным кроку ён накіўваўся наперад, быццам на секунду ўгінаўся. Той куток, куды ён явіўся, быў вельмі глухі. Ад чыгункі далёка, хоць, праўда, кіламетраў за дваццаць убок праходзіла старая Маскоўска-Варшаўская шаша. Але, як вядома, гэтая калісьці вельмі жывая дарога ў тыя часы ўжо даўно была ў глухім заняпадзе. Расказвалі, што гэты Сымон Ракуцька, пакуль выбраць сабе для аселасці месца, доўга выглядаў, дзе каб цішэй і глушэй. Нарэшце ён асеў. Гэта быда мясцовасць, дзе павявала першымі адзнакамі Палесся. Ніхто не сказаў бы, што тут было палескага, але яно такі было — ці можа тое, што многа расло параскіданых усюды дубоў, ці неба мела густыя, як над Палессем, колеры, ці роўных нізін больш было, як крутых узгоркаў. Праз колькі першых год Сымон Ракуцька жыў ужо ў сваёй сялібе. Тут цякла невялікая рэчачка, поўная дробнай і сярэдняй рыбы. З таго боку за рэчкай было поле. Праз рэчку бярвенчатая кладка, як прайсці двум адразу. Проста з кладкі праз вузкую палосу сухога тарфянага балота вілася паміж куп’я сцежка, чорная і калючая. Яна выходзіла па палявую дарогу паміж гэтым тарфянікам і зноў полем, роўным і з рэдкім асіннікам. Уласна кажучы, гэтая дарога, як праехаць з калясьмі, служыла вуліцай двум дзесяткам хат, пастаўленым у адзін рад, вокнамі на тарфянік цераз дарогу. Зусім блізка, па той бок рэчкі і поля, быў кіламетраў на дзесяць хвойны лес, і паўднёвы вецер гнаў сюды пах смалы. Паветра было, як лагодныя лекі, а краявід — увасабленне ціхага хараства. Заход сонца быў тут нейкі незвычайны. Можа таму, што былі і лясы, але яны нейк не абмяжоўвалі даляглядаў, і «лясны прастор» увесь зіхацеў сонцам. І цішыня. Самае важнае — глуш і цішыня! Можна было падумаць, што гэты Ракуцька, явіўшыся сюды аднекуль вельмі здалёку, шукаў не зямлі і не хлеба, а толькі цішыні. Колькі разоў чулі ад яго, калі ён гаварыў не тое, што каму, а сам сабе: «От жа ціхата, дзякуй Богу». Чалавек гэты быў дзіўны. Так, як ніхто, ён пільнаваўся свайго гнязда, якое стала, хоць і марудна, складаў, саломіна за саломінай. Падазравалі, што з ім нешта здарылася ў жыцці непрыемнае і, можа, нават цяжкае. Можа на яго ўпала была якая цяжкая навала, і ён ратаваўся, бараніўся, як мог, і, напэўна, усімі спосабамі даводзіў, што ён справядлівы чалавек і што пакутаваць не павінен. Можа тут у яго і рэфлекс пэўны выпрацаваўся, бо казалі, што, як толькі ён прыйшоў сюды, адразу абышоў усе тутэйшыя і меншыя і большыя ўстановы і ўсё мясцовае начальства, пры гэтым не разбіраўся, хто з іх большы, а хто меншы, а з усімі аднолькава гаварыў як самы вялікі просьбіт. Відаць, навучан быў жыццём чалавек! А тым часам усяго і было таго, што ён хацеў выказаць: я чалавек і хачу жыць. Можа хто з яго і пасмяецца, можа хто і асудзіць. Але наўрад ці гэты «суддзя» сам здолее так рабіць з клёпак пасуду, паставіць хату, часаць гонту, змайстраваць колы, вырабіць зямлю, выгадаваць каня, угадаць за тыдзень наперад надвор’е, памагчы чалавеку ў бядзе і стрымаць слова, як гэта ўмеў Сымон Ракуцька. Кожнаму начальніку ці таму, каго ён лічыў за начальніка, і ў райвыканкоме, і ў сельсавеце, і нават раз у канторы сельскай кааперацыі, Сымон Ракуцька перш за ўсё паказваў паперку, у якой было сказана, што гэты чалавек быў затрыман органамі ГПУ і выпушчан на волю і мае права жыць усюды, дзе толькі захоча, па ўсім СССР, але толькі не ў пагранічных з Польшчаю раёнах. Пасля гэтай свае паперкі ён з вялікай адкрытасцю душы выказваў сваё жаданне ў форме просьбы: «Я хачу, каб дзе тут асесці жыць». «Падай заяву ў сельсавет», — сказалі яму.