Усім пачало здавацца, што ён рабіўся больш гаваркім, і панурасць сыходзіла з яго. Аднак жа ніхто не ведаў, што ён сябе пачуваў так, быццам кожны дзень піў атруту. І дзіўная рэч. Хоць час ішоў, нават ужо год за годам, з яго вачэй не сыходзілі босыя Тамашовы ногі, калі ён, у тую навальнічную ноч, асветлены маланкай, стаяў на дарозе пад сагнутым дрэвам. Яго ўяўленне рысавала яму Тамаша толькі малога і Лізавету толькі ў маці на руках. Па-сапраўднаму ён ніколі не задумаўся аб тым, што годы ідуць. Сам ён пачаў сталець так шпарка, што часамі ўжо льга было ў ім заўважыць першыя рысы далёкай яшчэ старасці. Гэта была празмерная на яго гады сталасць. Апошняя бачаная ім усмешка малой Лізаветы! Маланка, і свет уздрыгануўся ад грому. Тамаш стаіць мокры, вада. Босыя ногі яго! Постаць худзенькага хлопчыка! Ён жа вёў свайго Тамаша ў будучыню! На добрае, на шчаслівае! Нехта злы і чорствы, нехта той, што і яму самому праз увесь век не дае спакою, загарадзіў малому Тамашу дарогу ў будучыню. Не туманныя прывіды, а выразна ява: гром і маланка, навальніца разрывае зямлю і, здаецца, крышыць на ёй усё. І ўсё ахоплена страшным сваім утрапеннем. Пад громам і агнём, пасярод дарогі, постаць худзенькага хлопчыка.
Аднойчы ён, як і часта цяпер, цёрся сярод людзей у местачковай кааперацыі. Там прадаваліся люстэркі. Адно вісела на сцяне. Сымон Ракуцька глянуў у люстэрка і сумеўся: ён такі даўно не бачыў сябе і не ведаў, што каля вушэй у яго спрэс сівыя валасы. «Божа мой, дык я ж ужо не малады! Няўжо гэта прайшло гэтулькі год?! А колькі? Мусіць, многа?! Як жа гэта я ніколі не лічыў гадоў?» Увесь той дзень ён правёў у одуме і суме. Каму расказаць? З чаго пачаць, каб не ішло далей жыццё так, як яму не хацелася? Ён хацеў не толькі есці хлеб, але каб разам з ім елі яго і Тамаш, і Лізавета. Каб не мучыць самога сябе, ён больш ужо ніколі не глядзеўся ў люстэрка.