IV
У тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятым годзе Сымон Ракуцька даехаў па чыгунцы да горада Слуцка і выйшаў адтуль пешкам у дарогу на захад па старой Варшаўска-Маскоўскай шашы. Была глыбокая восень. Толькі што мінулася пара безупынных дажджоў. Паабапал шашы стаяла вада на полі. Не кранутая яшчэ марозам трава была зялёная, і, калі сонца высвечвала з-за высокіх хмар, адзінокі падарожны, як здзіўленае дзіця, прыглядаўся да яснай зеляніны, і твар яго свяціўся, як і шырокі свет у той момант. Ён усё ішоў і ішоў шпарка. За адзін дзень ён дайшоў да Піліпавіч, дзе тырчэлі каля шашы яшчэ некаторыя адзнакі былой граніцы. Да гэтага месца ён ішоў яшчэ, як бы раздумваючы і сам сабе не верачы. Тут жа ён увесь змяніўся. Каб чалавек, які добра ведаў яго дагэтуль, бачыў яго ў гэты момант, калі ён, мінуўшы Піліпавічы, спыніўся на палявой дарозе, кожны заўважыў бы як адразу Сымон Ракуцька [скінуў] пячаць таго шматгодняга чакання, якое ўжо часамі ператваралася ў свядомасці, як бы нейкай асуджанасці навек. Магло б здавацца, што ён зараз скажа: «Яно было. А вы хіба хочаце, каб ніколі ніякай прыкрасці не было? Затое цяпер!» Уся яго пастава і выраз твару былі ў часе гэтага падарожжа рухавымі вельмі. На станцыі Гарадзеі ён сеў у поезд і праз паўдня выйшаў з вагона на нейкім занадта ўжо ціхім паўстанку. Доўгі рад старых і высокіх дрэў — ліп, дубоў, бяроз, явараў і вязаў — ішоў ад паўстанка проста ў чыстае поле і там канчаўся. Лісцё пад дрэвамі ляжала яшчэ жоўтае, і, здавалася, чалавечая нага яшчэ не ступала на яго. Сымон Ракуцька мінуў дрэвы і пасля нядоўгіх пошукаў знайшоў у полі вялікі камень. На абымшэлай яго паверхні аставаліся сляды таго, што тут начавалі птушкі. І гэта як бы ўзрадавала гэтага чалавека. З усмешкай ён абгледзеў камень і стаў кіравацца ад яго да вузкай і доўгай грады лесу. Добра ўтаптаная сцяжынка вілася паміж і навокал кустоў шыпшыны і паўз удзірванелыя межы. Пасля яна выбілася ў той дубняк. Якая была восень! Ахоплены радасным узбуджэннем, чалавек як бы думаў, што другой такой восені ніколі не было і не будзе. Рудымі жалудамі была засыпана спрэс уся зямля. Крушыннік густа стаяў над сваім уласным лісцём, ядловец быў повен чорных ягад, дзюбастая птушка кінулася ў куст, драбнюткае лісце, як жоўты дождж, сыпанулася з дрэва, чэзлая кветка на высокім сцябле звесіла жоўтую галаву. «Божа, як яна так захавалася аж дагэтуль!?» А неба! Сонца ў той дзень не было, але на небе адлюстроўвалася яго блізасць. Недзе тут блізка ідзе ціхае асенняе сонца! Хіба на свеце няма дзеля чаго берагчы знойдзеную радасць і шукаць і дамагацца яе вечна!? Якое неба над нашай зямлёй бывае ўвосень!
Сымон Ракуцька ўжо даўно мінуў дубняк, а сцежка ўсё ішла і вяла яго далей, праз поле, праз некалькі хвойных лясоў і купістых паплавоў. Доўга, вельмі доўга ішоў Сымон Ракуцька, дзівячыся, як жа гэта праз гэтулькі год тая самая сцежка вядзе яго, як быццам бы тут усё застыла на вечную нерухомасць. Ён прайшоў сцежкай да самага змяркання. Начаваў у людзей і вельмі многа расказваў пра сябе, так што, пакуль у хаце патушылі агонь і паснулі, ужо ўсе ведалі яго гісторыю. Назаўтра ён сабраўся далей у дарогу яшчэ зацемна. Нават яшчэ зоры свяцілі. Тут ужо недалёка, толькі зоры сыдуць з неба, як ён будзе на месцы. Зноў тая самая сцежка! Тут яна пайшла зялёнай азімінай. Свежая рунь дрыжала пад ветрам, і ў нізінах стаяла чыстая, як сляза, вада. Сонца пачало ўзыходзіць чыста, і вышыня неба пабольшала. Усё заззяла, і прасторы сталі неабдымнымі. Тут, у гэтай яснай шырыні, ужо зусім блізка! Вельмі хутка ён дойдзе. Ужо не было ў яго ні смутку, ні радасці. Хваляванне ўсёй яго істоты і нават нецярплівасць. Цяпер, калі ўжо так блізка перад ім была яго мэта, ён чамусьці як бы зноў апанураў з постаці. Яго заўсёды такім рабіла шпаркая хада. Ён улёг у хаду і ўжо не заўважаў гэтае адзінае на ўсе часы восені. Але чаму сцежка такая доўгая? Тут ужо ёй канец павінен быць. Яшчэ два дрэвы над палявым каменем, і там тады пачыналася выезджаная сялянскімі калясьмі дарога. І ўсё. Чубок лесу будзе з-пад каменя і дрэў перад вачыма.
Вялікае шчасце раптам страсянула яго душу: там, дзе канчалася сцежка і пачыналася дарога, ён убачыў тыя самыя і такія самыя дрэвы. Адно што з карэння пайшлі ў іх парасткі і самі ўжо станавіліся дрэвамі. І камень той самы і такі самы. І нават… Як бы лёс паслаў яму гэты малюнак на тое, каб душа яго ў гэты рашучы момант пазнала да канца ўвесь жах думкі, што мінулае не варочаецца і ўвесь атрутны слодыч успамін. Божа літасцівы! На гэтым жа камені, у ранні вечар, калі яшчэ толькі захад змываў з сябе колеры, ён згаварыўся з ёю стаць яму вернай сяброўкай. Яна сядзела тады на камені, паклаўшы на прыпол згорнутыя рукі, а ён стаяў перад ею. Здань! Прывід! У такой самай паставе, і так жа паклаўшы на прыпол згорнутыя рукі, на камені сядзела жанчына. Дзяўчына, яна нядаўна яшчэ выйшла з падросткаў. На прыполе ў яе ляжаў хлеб, і яна ела яго. Але чаму яна так здаецца знаёмай яму? Як быццам бы ён яе ўжо бачыў дзе, або ведаў даўно, або знаў, што яна якраз тут будзе сядзець? І чаму яна так нагадвае яе, каго ён доўгія годы не бачыў? Чаму — ён не мог бы сказаць, але вельмі нясмела ён глядзеў на яе і баяўся, што перарвуць гэтае яго шчасце. Ён не вытрымаў і пачаў гаварыць з ёю: