Выбрать главу

У тую восень доўга трымалася мяккае надвор’е. Сёмага лістапада зранку нападаў мокры снег, а к вечару таго ж дня яго ўжо не было анізвання нідзе. Вада сцякла ў нізкія месцы і стаяла там, і ў ёй адлюстравалася хмарыстае неба. Хмары віселі нізка, а на другі дзень паміж іх высвечвала сонца, і на ўзлессі мокрая лаза здавалася гатовай распусціць першае лісцейка. Усё блішчэла, і здавалася, што гэта свеціцца вада ў лагчынах.

Той дарогай, што ішла паміж тарфяніку і роўна пастаўленых у адну лінію хат, вельмі шпарка ішоў чалавек. Гэта была хада таго, хто прывык да таго, каб доўгі час бачыць перад сабою тое, з чым трэба хутчэй расквітацца, каб пасля гэтага мець што лепшае. Чалавек гэты трымаў галаву высока і як бы нічога не заўважаў навокал сябе, перад сабой жа бачыў як бы толькі тое, да чаго хацеў хутчэй дайсці, але здавалася, што і гэты пункт больш жыў у яго думках і свядомасці, чым стаяў выразна ў вачах. Ён так ішоў, што здавалася, ён упэўнен у тым, што нішто не стане на яго дарозе. Аднак жа, можа быць, тут найбольш было ад знадворнага выгляду чалавека. У гэтым выпадку можа і не да месца прымаўка, што твар ёсць люстра душы. Бо часамі рашучая пастава і хада чалавека на момант былі такія, што як быццам бы ён хацеў вярнуцца. Аднак жа ён усё ішоў і нават паддаваў ходу. Пачаліся хаты паўз дарогу. Ён паклікаў да сябе нейкага малога, што натрапіўся яму на вочы:

— Дзе хата Сымона Ракуцькі?

— А унь, дзе тых дрэў многа.

Чалавек глянуў на тыя дрэвы і хацеў усміхнуцца, але выйшла, што ён як бы здзівіўся. Верхняя губа яго з нізка выстрыжанымі чарнявымі вусамі ўздрыганулася.

— І я пайду з вамі да Ракуцькі, — сказаў ахвотны да ўсяго малы.

— Не, я адзін пайду.

Малы пабег шукаць іншага занятку, а чалавек той жа хадой, як і раней, падышоў да зялёнай брамкі і адчыніў яе. Двор не быў пусты, і ён астаўся стаяць у брамцы. Незнаёмы яму чалавек стаяў пасярод двара і ціха гаварыў з жанчынай. У чалавека былі сівыя валасы над вушамі. Ён падняў твар і пачаў углядацца ў незнаёмага прышэльца, які не сыходзіў са свайго месца ля брамкі. На твары чалавека з сівымі валасамі над вушамі напісалася здагадка, чаканне і нарыхтаванасць цвёрда сустрэць усялякую няўхільнасць. А той, што ўвайшоў у яго двор і стаяў цяпер ля брамкі, меў такі выгляд, як бы хацеў сказаць: ну што ж, і я гатоў да ўсяго так як яно ёсць. Мы ні ў чым не вінаваты. Гэта быў чалавек вельмі яшчэ малады, можа яму не было яшчэ і дваццаці пяці год. Але ён быў такі мажны і дужы, што, калі не глядзець на яго твар, ён мог здавацца мужчынам, які ўжо разбыўся за многія гады жыцця і працы. Верхняя губа яго была нізка выстрыжана, і гэта клала на яго твар пячаць як бы нейкага здзіўлення. Ён быў у польскім салдацкім шынялі і ў салдацкіх чаравіках з абмоткамі. З шапкі былі ўжо сарваны ўсе тыя бляшкі, якія раней паказвалі, да войска якой дзяржавы гэты салдат належаў. Ён здаваўся такі здаровы і энергічны, што дзіўна было, як ён так нерухома ўсё стаіць на адным месцы. Тут яго ўбачыла і жанчына.