Выбрать главу

— Тамаш прыйшоў! — закрычала яна і, як бы забыўшыся на ўсё, кінулася яму насустрач.

Сымон Ракуцька аднак жа сышоў адразу з свае гатоўнасці сустрэць усялякую няўхільнасць. Твар яго перасмыкнуўся, і магло здавацца, што ён не ведае, дзе падзецца. Як бы раскрыўшы вялікую таямніцу, да якой яму раней не было доступу, ён застыў на паўкроку, калі быў ірвануўся сысці з месца. Хіба гэта Тамаш стаіць перад ім? То ж быў худзенькі хлопчык, якога трэба было шкадаваць, песціць і гадаваць, і аддаваць яму бацькаўскую ласку. Усю душу і сэрца аддаваць яму. Няма хлопчыка Тамаша, ёсць салдат чужой арміі, і хіба вядома, якая ў яго душа? Бацька ж не мог сеяць добрае насенне ў гэтай душы. Тамашова маленства ўкралі ад бацькі: жалезная нага таго страшнага злодзея зноў душыла Сымона Ракуцьку. Абкрадзены, ён стаяў перад салдатам чужога яму войска і сумаваў па худым хлопчыку Тамашу, маленства якога ўкраў страшны злодзей.

Другая частка

Вялікае скрыжаванне

Прасторны шлях, калі ж, калі

Ты закрасуеш на зямлі

І злучыш нашы ўсе дарогі?

Якуб Колас. «Новая зямля»

I

Вялікі шлях з усходу на захад праходзіць каля мястэчка Сумліч, але не праз іх. Нават і не паўз самае мястэчка, а крыху зводдалеку. Гэты шлях — старая Маскоўска-Варшаўская шаша. На яе з Сумліч зроблен выезд: вузкая, як размінуцца двум вазам, дарога, брукаваная буйным каменнем. Брук гэты пакладзен год за дзесяць да цяперашняй вялікай вайны. Гэтай брукаванай дарогі хопіць на добрыя пятнаццаць хвілін шпаркай язды на найлепшым кані. Тое месца, дзе яна падыходзіць да шашы, не дазваляе ёй адразу ўліцца ў шашу. Гэта шырокае месца сярод жыта, ярыны і сенажацей, як бы вялікі круглы пляц, плошча, у якую ўліваецца адусюль некалькі вялікіх і малых дарог. Сама вялікая шаша рэжа гэтае месца напалам. Некалькі палявых дарог, крывых і вузкіх, крыжуюцца тут. Тут крыжуецца з шашою вялікі грунтавы шлях з Палесся. На поўдзень ад шашы ён ідзе на Вызну, Морач, Страхінь і Орлік і ўваходзіць у самыя Агаркаўскія балоты. На поўнач жа ад шашы, пасля свайго перакрыжавання з ёю, шлях ідзе на Семежава, Лешню, Цімкавічы, Капыль, Старыцу, Перавоз, Самахвалавічы і такім парадкам кіруецца на Менск. Так што гэтая дарога злучае два беларускія абшары, сваей прыродай, характарам і выглядам далёкія адзін ад аднаго. Крыжуецца тут з шашою і яшчэ адна, не менш вялікая дарога. Яна ідзе недзе з мясцовасці паміж Бабруйскам і Гомелем. Недзе адтуль, дзе хвоя саступае месца ясеню і дубу і дзе менш цудоўнай мяккай нахмуранасці і задумёнасці ў пейзажы, як у тых укрытых хвояй краявідах, куды яна ідзе цераз шашу. Гэтая дарога, няроўная, выкручастая і больш ціхая, чым людная, канчаецца недзе паміж Нясвіжам і Клецкам, праходзіць праз Цапру і Балвань і такім парадкам злучае і дзве разлегласці нашай Бацькаўшчыны, у кожнай з якіх наша гісторыя запісана па-свойму і своеасабліва. Калі адбылася Вялікая Рэвалюцыя і калі скончылася польская акупацыя, туды, дзе канчаецца гэтая дарога на захадзе, пабеглі з сваіх маёнткаў зямельныя магнаты, а з фальваркаў драбнейшая шляхта. І дзедзічы і пасэсары там на захадзе зраўняліся і два дзесяткі год жылі аднымі думкамі аб устанаўленні пальшчызны на ўсходзе, дзе яе няма і ў прыродзе. Касцёл для фальваркоўца аставаўся вызначэннем не веравызнання, а нацыянальнасці, а беларускую мову ён ламаў аб польскую і думаў, што гэтым жаргонам ён далучыўся да культуры, якая ўкладвалася ў яго ў словы — пан, маёнтак, фальварак. Дзеці іх, што радзіліся ў эміграцыі або малымі выехалі туды, за два дзесяткі год выраслі і знайшлі сабе свой спосаб да жыцця. Замест таго каб крычаць на парабкаў у сваім маёнтку ці фальварку, яны сталі службоўцамі ў дзяржаве, чыноўнікамі і ахавальнікамі старое, як свет, ідэі заваёўнага руху на ўсход. Іх думкі не пакідалі іх аж да семнаццатага верасня трыццаць дзевятага года. Яшчэ з маленства яны не забыліся гэтых дарог тут і памяталі нават лясныя і палявыя сцежкі.