Там ён распароў нейкае шво ў пінжачнай падшэўцы, выцягнуў адтуль некалькі пасведчанняў з пячаткамі і штампамі, выбраў адно і схаваў у кішэню. А рэшту парваў і загроб пад купіну моху. Неўзабаве ён паказаўся на ўзлессі і, нічога не баючыся, пайшоў цераз поле сцежкаю да скрыжавання. Мусіць пэўнае мэты ён на гэты час ужо не меў, а цягло яго да шашы, можа дзеля таго, што тут маглі быць хутчэй навіны з захаду. Ён здалёк наглядаў, як тая ўчарашняя дзяўчына вельмі шпарка ішла з сумліцкай дарогі да шашы. Ён добра бачыў, што яна, як толькі выйшла на шашу, стала тварам на захад і падняла руку. Проста на яе імчалася некалькі машын, поўных людзьмі. Але ўсе яны прайшлі далей, і яна зноў асталася адна на дарозе. Яшчэ раз угледзеўшыся ўдалячынь і нічога там не заўважыўшы, яна паглядзела на вялікае дрэва, шпарка падышла да яго і пачала чытаць паперку на ім. Твар яе змяніўся адразу. Скончыўшы чытаць, яна нейкі час стаяла ў аслупянелай задуме і раптам прытулілася лбом да дрэва і заплакала. У наступную хвіліну яна адкінулася ад дрэва і ўбачыла перад сабою яго, таго самага. Заплаканая, збянтэжаная, яна ўздрыганулася і сказала з балючай прыкрасцю:
— Што, вы прыкуты да гэтага месца?
— Але ж тое самае я магу сказаць і вам. Вы яшчэ ўсё тут?
— Тут. Я ніяк не магу на машыну сесці, — адсекла яна.
— Ну, і я тое самае. (Ён гаварыў не так, як яна, раздражнёна, а нават з адценнем ветласці на твары і ў голасе.) Што вы такая змрочная, сама не свая?
Яна, замест адказу, ткнула пальцам у паперу на дрэве.
— Э, нічога. Трэба трымаць сябе ў руках. Гэта не нам адным, а ўсім. Будзе тое, што будзе.
— Мала што будзе, што будзе! Гэта кепская ўцеха. Бо ўсё пайшло намарна, што я ўжо зрабіла дзеля мае ж будучыні. У мяне не было бацькі, і раптам я стала мець роднага бацьку. Мы былі выгнаны з роднай хаты, і зноў хата стала нашай. Я дбала аб тым, кім я жыцьму праз усё сваё жыццё. Гэты год я ўжо вучылася ў Беластоку. І раптам канец маім студэнцкім марам аб будучыні.
Усё гэта яна сказала прыгнечаным голасам і глядзела яму ў вочы, а на твары яго напісалася абыякавасць і паглыбленне ва ўласныя думкі. Як толькі з’явілася на дарозе машына, дзяўчына падняла руку, машына прайшла далей. Пасля пайшлі машыны адна за другой — з дзецьмі, з жанчынамі. Дзяўчына нават і не спыняла машыны, а на адну з іх узлезла на ходзе. Цэлая калона машын прайшла праз скрыжаванне з захаду на ўсход. І шаша стала пустая. Не было ўжо тут і дзяўчыны. Малады чалавек таксама знік. Ён зноў рушыў полем у лес. Цяпер ён ужо ўпэўніўся, што чаканы момант сапраўды настаў. Сонца паднімалася высока, а ён ужо тут на скрыжаванні зусім не з’яўляўся. Было яшчэ не позна, да паўдня яшчэ не дайшло. Машыны па шашы пачалі ісці ўсё часцей. З вышыні ледзь пачуўся гул самалётаў. Ён ірваўся і тузаўся ў падхмар’і і ўсё зніжаўся. Машыны на шашы спынялі рух і з’язджалі ў бакі, і зноў ірваліся наперад. Самалёты з’явіліся над самай шашою. Яны плылі над ёю, нізка і павольна. Ужо яны праплылі над скрыжаваннем, і неўзабаве з усходняй стараны ад гэтага месца, блізка, уздрыганулася зямля і паветра некалькі разоў засаб. Над вялікім дрэвам узвіўся спуджаны каршачок, над жытам узляцела многа птушак, вецер нацягнуў дыму і пылу, самалёты зрабілі над шашой круг. На шашы, у розных месцах, спыніліся ўсе машыны. Дзе льга было, яны з’язджалі на поле. Пакуль самалёты зусім зніклі, прайшло, можа, з паўгадзіны. Сонца ўзнімалася ўсё вышэй. Ужо яно моцна пякло. Тым часам над шашою і ў наваколлі зусім ціха стала. Машына за машынай, і зноў пачынаўся на шашы рух. Але зноў праляцеў самалёт. І гэты над шашою ляцеў нізка. Так што на яго хвасце відна была знізу чорная свастыка. З шашы ён крута пайшоў на Сумлічы. І льга было заўважыць, як ён доўга кружыўся над мястэчкам. А пасля і там уздрыганулася паветра і зямля, і над Сумлічамі падняўся слуп агню і дыму. Тым часам з Сумліч пачалі ісці і бегчы людзі. І ў лес ішлі праз жытні палетак, і ў жыце аставаліся, і назад варочаліся, і паўз шашу ішлі далей на ўсход. З сумліцкай дарогі на перакрыжаванне ўз’ехала фурманка. Малады канюк бег вельмі шпарка. У драбінках сядзеў Нявада, і поплеч яго малая дзяўчына гадоў пятнаццаці. Проста шашою Нявада пагнаў каня на ўсход. Ужо скрыжаванне асталося за імі, і дарога раптам стала перад імі загароджана. Гэта была страшная барыкада, якую мала калі бачыць свет. Недаломкі грузавых машын ляжалі бясформеннай кучай на ўсю шырыню шашы. Каля гэтага пагнутага і парванага калецтва, і пад ім, ляжалі чалавечыя ногі, рукі, тулавы без рук і галоў, і галовы без тулаваў. Чырвоная ад нявысахлай яшчэ крыві чалавечая постаць захавала ў раскінутых руках і нагах імклівасць бегу. Галава без цела захавала ў адным незаплюшчаным воку цьмяную застыласць пакуты. Стогны і енкі чуліся з-пад гэтага жахлівага награмаджэння. Нявада крута спыніў каня, саскочыў з воза, і следам за ім саскочыла дзяўчына. Нявада пачаў заварочваць каня назад. Пачуўся енк: — Злітуйся, завязі да людзей ці куды з дарогі. — Нявада аслупянеў. У наступны момант ён прыгнуўся над жывым яшчэ дзіцем і паклаў яго на воз. Ён стаў шукаць тут жывых дзяцей і забіраць іх.