Выбрать главу

— Бяжы дадому, — сказаў ён да свае дзяўчыны, — скажы, што тут яшчэ менш спакою, чым каля дому. А я павязу дзяцей. Трымайцеся там разам утраіх. Калі зноў бяда прыйдзе, ратуйцеся, як прыйдзецца. Бяжы, Ліза, бяжы, Лізаветка!

Ліза подбегам пайшла ў бок Сумліч, і ён не мог адарваць ад яе свайго позірку. «Гэта тая, пра якую я думаў, што яна будзе шчаслівая! Вось і прыйшла ёй будучыня! Божа мой, Божа мой». Здаецца, ён пабраў усіх яшчэ жывых дзяцей. Жанчыны пакінулі стагнаць і енчыць пад абломкамі, калі ён гаварыў:

— Дзеткі мае, малыя мае, перацярпіце да канца, я павязу вас на ваш ратунак. Ціха, няхай вашы вочы засвецяць скора шчасцем.

Ні адна жанчына больш не застагнала. Жаночае сэрца робіцца вялікае, як свет, калі яно чуе боль знявечанага дзіцяці. Нявада ўжо ўзяўся за лейцы, як раптам убачыў перад сабою таго самага маладога чалавека. Ён як з-пад зямлі раптам вырас тут і сказаў да Нявады:

— Немцы ўжо занялі Менск і Бабруйск. Слуцак гарыць, а Баранавічы і Вільня ўжо спалены. Чырвоная Армія ўжо за сенняшнюю ноч разбіта і разбягаецца. Сталін і Молатаў невядома дзе дзеліся з Масквы.

— Што ты гаворыш, дзе ты чуў! — крыкнуў Нявада, бялеючы як палатно і халадзеючы сэрцам.

— А вось я прачытаў тут, — адказаў той, даючы Няваду такую ж паперку, якую раней прыбіў да вялікага дрэва.

— Ты рад гэтаму? Што ты тут мне гаворыш! — крыкнуў Нявада, гатовы цяпер накінуцца на ўвесь свет.

— Ужо няма ні Чырвонай Арміі, ні Сталіна, ні ўлады, і ўжо немцы ідуць і ідуць наперад. Яшчэ колькі дзён — і немцы зоймуць усё. Трэба гэта ўсім казаць, каб усе загадзя ведалі і падрыхтаваліся спаткаць немцаў як сваіх, і каб лавілі і аддавалі немцам кожнага, хто бальшавік. Немцаў ніякая сіла не возьме. Перад імі ўжо ляжыць увесь свет.

Нявада, як стаяў, хапіў у сябе з-пад ног нейкі гнуты прэнт з раструшчанага грузавіка і з першага размаху апусціў яго на галаву маладога чалавека, які так добра ўсё ведаў і так складна гаварыў. У наступны момант Нявада тузануў лейцы і пайшоў побач воза. Страшнае месца ён пакінуў за сабою і не бачыў, як той, каму ён апусціў на галаву жалеза, пахістаўся з момант на месцы і ўпаў на шашу як скошаны. Сонца пякло моцна, і парывамі ўзнімаўся вецер і гнаў па шашы пыл. Малады чалавек ляжаў як непрытомны. Калі дзьмуў вецер, яму было як бы лепш, ён ляжаў спакойна. Калі вецер сцішваўся і мацней пякло сонца, ён неспакойна абмацваў каля сябе зямлю, а пасля пачаў скуголіць тонкім перарывістым голасам. Але яго голас тануў у енках і стогнах няшчасных людзей з-пад абломкаў машын. Некалькі разоў ён чуў, як гулі ўгары самалёты, як дзесьці поблізу праходзілі машыны, як у старане гаварылі людзі, як далей бухалі ўзрывы. Але ён не паднімаў галавы. Як бы сто пудоў жалеза было навалена на яго, як ён быў прыкован да таго месца, на якім ляжаў. Ён быў як бы на мяжы свайго выхаду з навакольнага свету. Там, дзе пачынаецца абыякавасць, там недалёка гібель. Так праходзіў дзень, а ён усё ляжаў з заплюшчанымі вачыма. Што-нішто адбывалася тут каля яго, але да яго гэта не даходзіла. Калі сонца зрушыла з паўдня і пайшло ніжэй, вецер перамяніўся, і як бы прыхаладала. Тады з-пад самага споду абломкаў, трупаў і жывых знявечаных пачала выпоўзваць тая самая дзяўчына, Лізавета, што так многа чакала на скрыжаванні машыны. Яна ледзьве перасоўвала рукі і ногі, і страшна было б глядзець, як ёй цяжка вызваляцца з-пад таго цяжару, які прыдушыў яе да зямлі. Вельмі доўга яна траціла апошнія сілы на свой ратунак. Сонца ўжо вісела зусім нізка, а ногі яе яшчэ ўсё аставаліся пад цяжарам. Яна вызвалілася толькі тады, калі паветра зусім ахаладала і вецер сціх. Сонца блізка было да захаду. Яна доўга ляжала пасярод шашы, і нарэшце да яе свядомасці пачаў даходзіць вялы голас: час ад часу падаваў енк мужчына. Яна паспрабавала свае сілы сесці і ўбачыла, што сонца зайшло. Светлая палоса ішла цераз увесь захад і ападала кудысьці за далягляд проста над шашою. Толькі цяпер, седзячы тут, на дарозе, яна ўбачыла, што было блізка пры ёй. Тут, у гэтым страшным награмаджэнні, яшчэ жылі людзі. Смутак здушыў ёй сэрца. Ёй было горна думаць аб мінулым, а наперадзе стаяла сцяна страшнай невядомасці, праз якую не пачуць і не пабачыць. Нават найбліжэйшая будучыня губілася ў гэтай страшнай невядомасці.