Выбрать главу

— І восень падкралася, Божа мой найвышшы, — уздыхнуў Ракуцька і пільным вокам акінуў дарогу ў два бакі. На дарозе было пуста, але ўзнімаўся вецер, і ў дрэвах загуло і зашапталася. Ракуцька пачаў часцей вытыкацца на дарогу. Надвечар надвор’е схмурнела і вецер аціх. Малады абарванец ужо сядзеў і вяла вадзіў навокал сябе вачыма. Ракуцька, здавалася, забыўся пра яго: стаў неспакойны і не сыходзіў з дарогі. Нават раз ён шаптаў сам сабе: «Дзесяты дзень, жартачкі! І няма». І вось зноў настаў момант: нехта шпарка і шумна ішоў дарогаю. Ракуцька застыў на месцы. Расчырвонены і спацелы падарожнік неўзабаве быў тут. Ракуцька шпарка рушыў яму насустрач, і яны імкліва абняліся. Гэта быў Тамаш. Ён быў у ботах і пінжаку паверх рубашкі, і торба з хлебам вісела на яго левай руцэ.

— Я дзесяць дзён усё стаю на гэтым месцы, — сказаў Ракуцька. — А цябе доўга не было.

— Бо мне было нялёгка дабіцца пад Перабродскую Злыбяду. Там густа нямецкія гарнізоны стаяць і на дарогах варты многа, дык я такога даваў кругу, што ўтройчы дарога мая пабольшылася.

— Ну што, як там?

— Гэта праўда, што там лагер для забраных немцы зрабілі. Кажуць, што ў лагеры пяць тысяч людзей, але цяпер менш, бо нядаўна, можа, больш як палавіну пагналі недзе на работу. А хіба льга дазнацца — асталася яна ў лагеры ці на рабоце? Я падбіраўся пад самы лагер. Уночы я ляжаў у траве і глядзеў на калючую загарадзь. Калі ісці з поўдня, то льга праз купісты торф падысці ціхом, і ніхто не заўважыць. Там бадзяюцца людзі: у таго жонка, а ў тае муж у лагеры. Ну добра. Я туды зноў вярнуся, мяне чакаюць. Я ім расхваліў удачу, калі толькі гэта праўда, што з гэтага боку варушацца людзі. Ты, мусіць, тут дзесяць дзён сядзеў і нічога не дазнаўся?

— Як гэта не! Я, праўда, сам не быў там, пад Сумлічамі, але гэта праўда, што там людзі варушыцца пачалі. Праўда і тое, што на шашы, ці недзе там ля Вялікага скрыжавання, яны дзве машыны з арыштаванымі ад немцаў адбілі. Я нават больш дазнаўся. Гэта там сабраў іх усіх сумлічанін Кастусь Лукашэвіч, а ў гэтага Лукашэвіча дачка, малая яшчэ, у лагеры сядзіць. Цяпер там, пад Сумлічамі, немцы салдат больш наслалі і вынюхваюць усе норы, каб напасці на след. Дык яны, тыя сумлічане, сюды падбіраюцца, тут быццам вальней. Вось і раскідай розумам як хочаш. Яны далі мне так ведаць. Калі я захачу яшчэ з імі пагаварыць, то на Вялікім скрыжаванні трэба толькі знак ім падаць, а знак такі: трэба там пад вялікім дрэвам тры разы засаб зрабіць што-небудзь такое, чаго сталы чалавек ніколі не робіць, і чакаць, пакуль хто-небудзь ад іх абзавецца. Але мне сказалі: пасябруюцца яны з намі толькі тады, калі ў нас кулакі здаровыя знойдуцца. А так, калі толькі каб пабедаваць — дык яны і гаварыць не будуць.

— Дык гэта і добра. Ідзі туды, зрабі там пад дрэвам, чаго добрыя людзі не робяць, і скажы, што я ведаю, з якога боку і калі падысці да лагера. Я павяду ўсіх. Няхай ідуць сюды, адгэтуль бліжэй і зручней. Я пайду і прывяду сюды людзей. І мы тут спаткаемся, каб разам ісці на Перабродскую Злыбяду.

— Добра.

— Я толькі падрамлю тут, і заўтра зранку разыдземся кожны ў свой бок.

— Ну, а Лізаветы нідзе так і не чуваць?

— Няма.

— Божа мой найвышшы, як жа так брыдка павярнулася ўсё.

— Чакай, давай лепш паямо з мае торбы і падрэмлем. Дзе тут каб зацішней.

Тамаш страсянуў сваю торбу на руцэ і ступіў крокаў тры ў гушчар. І адразу спыніўся як аслупянелы. Там сядзеў малады абарванец з вялым позіркам. Каб не празмерная хударлявасць яго твару і каб не смуглявая загарэласць Тамашовага твару, можна было б адразу сказаць, што яны аднагодкі.

— Што ты тут робіш, хто ты?! — абрывіста і моцна сказаў Тамаш.

Абарванец паволі крутнуў направа і налева галавой, і за яго адказаў Сымон Ракуцька:

— Божа мой, я забыўся, што ён тут сядзіць, а мы ўсё гаварылі!

— Хто ён такі?

— Каб жа я ведаў. Дарогаю ішоў. Паспаць папрасіўся.

— Гэта ж не хата, што каб начаваць прасіліся! Хто гэта ў каго просіцца спаць пад куст!? Э ты, ну абзывайся, не маўчы, кажы, хто ты такі?!

— Есці дайце, — сказаў невядомы.

— На табе хлеба і сала, — Тамаш падсунуў яму яду, — але кажы, хто, адкуль? Куды цягнешся, да каго? Каму служыш? Каму служыш, немцам ці людзям? Ну, чаго ж ты жуеш моўчкі?! (Тамаш падняў кулак.) Расказвай усё чыста! А то зараз больш не дажджэш на зямлі сядзець! Калі што ўтоіш — на месцы палажу! (Тамаш выцягнуў з кішэні пісталет.) Спавядайся!