— Нічога дзіўнага няма, — сказаў ён, каб падбадзёрыць і падвесяліць старога. — Бывае, што сны што-небудзь такое пакінуць у галаве і пасля здаецца… Сны яшчэ не даследаваны навукай.
— Не, — адказаў Густаў старэйшы, — гэтае дрэва я сапраўды ўжо раз бачыў. На гэтым самым скрыжаванні дарог я тады ўпаў хворы, калі ў тую вайну мяне расейскі салдат вёў у палон. Божа мой, зноў лёс прывёў мяне сюды!
Гертруда ўздрыганулася і прыліпла да пляча свайго Густава. Губы ў яе дрыжэлі і голас перарываўся:
— Я ведаю, чаму мы да канца дарогі не едзем цягніком, а перасядалі ў машыны. На цягнікі нападаюць невядомыя.
— Няма нічога дзіўнага, — строга сказаў стары Густаў. — Цяпер вайна, а мы ў заваяванай краіне. Ты ж бачыш, што на машыне нас ахоўваюць грузавікі з салдатамі.
— Ты баішся, што я зноў пачну нашу старую спрэчку? Дык ведай: больш я ніводным словам не папікну цябе, але доўга тут не буду і назад у Германію паеду. Заваяваную краіну павінны асвойваць салдаты, а не жанчыны. Куды ты вязеш мяне?!
Яна ўжо гатова была плакаць. Густаў выйшаў з цярплівасці. Ён схмурнеў і шпарка прагаварыў:
— Ты немка, ці ты не дачка вялікай Германіі?!
— А ты, — аж затрэслася яна, — хіба заўсёды быў немцам? Нават у лепшыя маладыя годы ты размякнуць мог, як гліна, і аддаваў чужаземцам і ворагам Германіі тое, што павінен быў бы прынесці ў Германію! А ты мяне папікаеш? Тады б мы не шукалі шчасця ў гэтай невядомасці, а мелі б шчасце дома.
Стары Густаў аж пазелянеў і сціснуў зубы. Маладзейшы Густаў сказаў да Гертруды:
— Мама, мы заваявалі гэтую краіну вялікай Германіі. Праз пяцьдзесят, праз сто, праз дзвесце год тут стане карэнная Германія. І не трэба ператвараць наша падарожжа ў дакляраваную нам лёсам зямлю ў падарожжа вечных валаводнікаў, якія едуць з суда.
— Сын мой, але ж мне страшна, мы не можам ехаць без такой моцнай аховы.
— Гэта нічога. Яшчэ месяц, яшчэ два, і ўсё ўвойдзе ў норму. Тут жывуць не людзі, а казюлі з нявольніцкай псіхалогіяй. Яны створаны, каб быць слугамі. Павесь над іхнімі галовамі меч, дык яны адразу ўверуюць, што гэта не меч над імі, які кожны момант можа загубіць іх, а што гэта вісіць найвялікшая справядлівасць усей светабудовы, і пачнуць з удзячнасцю лізаць боты ў таго, хто павесіў над імі гэты меч. Вось хто насяляе гэтую зямлю. Так што ты, бацька, сапраўды тады дарэмна быў перад імі паддаўся парыву радасці і не захаваў да канца сваю нямецкую вытрыманасць. Хіба хто калі будзе дзякаваць курыцу за тое, што яна глынула муху, якая кусала цябе? Ад курыцы бяруць яйкі і ні за што яе не дзякуюць. А ты да таго быў страціў сваю нямецкасць, што аддаў ім здабытае на вайне. Чаму? А толькі з-за таго, што заварушылася душа. Германію зробіш вялікай не душой, а жалезам.