Відаць было, што Густаў маладзейшы ніяк не мог забыцца на нейкую памылку, зробленую калісьці Густавам старэйшым. Як бы там ні было, але гэтым самым ён давёў да спакою Гертруду. Яна больш не скардзілася і не сціскала губы, а з цікаўнасцю пачала паглядаць наабапал дарогі. Машыны і грузавікі з салдатамі рушылі далей. Яны пакінулі за сабой Вялікае скрыжаванне, з’ехаўшы на шлях кірункам туды, куды раней пайшоў быў Сымон Ракуцька, калі следам за ім гналася вайна. Так што праз малы час машыны, едучы бесперапынна, нікуды нідзе не зварочваючы з шляху, уехалі ў лес і неўзабаве апынуліся ў тым месцы, дзе не вельмі даўно Акаловіч спавядаўся Сымону і Тамашу Ракуцькам і дзе праходзіў кудысьці да свае мэты стары Нявада. І цяпер было ціхае гэтае месца, толькі машыны парушылі яго спакой. Бяроза ўсё так жа кідала на вецер жоўтыя свае лісты. Іх ужо было многа на дарозе і ў траве. Сонца асвятляла іх, птушкі пырхалі крыллем над гэтым месцам, і цягнула пахам прыгрэтай сонцам травы і смалы. Стары Густаў і Гертруда высунуліся з машыны тварамі і аглядалі дрэвы і зямлю.
— О, колькі гною, — прыйшоў у захапленне Густаў. — Колькі гектар зямлі можна ўгнаіць лісцем з сотні такіх бяроз?
— Я думаю, што нямала гектар, — адказала Гертруда, і паміж імі зноў усталявалася згода. Машыны неўзабаве зніклі з гэтага месца, і зноў тут стала ціха. Змрокам таго дня на гэтым месцы зноў з’явіўся Сымон Ракуцька, і не адзін. З таго самага боку, адкуль шляхам праз лес праехалі нямецкія машыны, ён вёў за сабою многа людзей. Усіх было, можа, крыху менш як паўтары сотні. Яны ішлі ўсе адзіным гуртам, калі сабраліся на гэтай лясной дарозе. Збіраліся яны яшчэ з учарашняга дня на прылессі, і некаторыя з іх бачылі тут нямецкія і танкі, і машыны. Адзін за адным яны ішлі, расцягнуўшыся бадай што на кіламетр. Самы пярэдні ішоў Сымон Ракуцька. Далей вялікай бярозы на шляху праз лес ён не пайшоў. З сярэдзіны ланцуга выйшаў убок Кастусь Лукашэвіч у той жа самай рудой жакетцы і ботах, як тады апошні раз гаварыў з Нявадам. Усе людзі збочылі з дарогі ў лес, спускаючы з плеч свае аўтаматы і вінтоўкі. На дарозе пасталі вартавыя. Кастусь Лукашэвіч і Сымон Ракуцька селі на ствол таго самага паваленага дрэва і доўга так сядзелі моўчкі. Ужо і зоры высвецілі, а яны ўсё сядзелі і маўчалі.
— Дык ты ляж і спі, а я павартую цябе, — сказаў Ракуцька.
— Я не засну. Лепш ты спі.
— А калі Тамаш раптам гук падасць — толькі я адзін пазнаю яго.
Зноў яны, можа, з гадзіну маўчалі.
— Дык я сам не свой без перадыху явіўся дадому, — задудукаў раптам Сымон Ракуцька. — Толькі бачу — дзве машыны стаяць пасярод вуліцы. Лізавета ўжо, думаю, даўно дома. Уляцеў у двор — аж спатыкае мяне вачыма жонка. Стаіць, бедная, пасярод двара белая як палатно. Я ткнуўся ў сенцы і аслупянеў. Там у мяне поўнае вешала адзежы вісела. Гэта яшчэ я запасіў дзецям, калі яны гадаваліся без мяне па той бок тае граніцы, каб мой смак да яе сто год трымцеў у варшаўскім горле! Дык стаіць пад тым вешалам немец і абчышчае яго. Знімае боты, чаравікі, хусткі, сукенкі, нагавіцы, паясы, рубашкі і кашулі і ўсё тохціць у чамадан. Божа літасцівы! Тады ўкралі дзяцей! А гэта зноў явіўся зладзюга. Самую памяць аб дваццаці маіх гадах, калі я дзяцей чакаў, крадзе! Парадкуецца, гаспадарыць! Колькі ж на свеце гэтых зладзеяў на маю шыю! Ні ў маладосці, ні ў старасці няма ад іх ратунку! Я яшчэ нічога не ведаю, што ў мяне ў хаце робіцца. Як хаплю я немца ззаду за карак і як тузяну к сабе, дык ён, як тая падла, валіцца на мяне. Я яго штурхануў ад сябе, ён носам у падлогу і як зараве! Бог даў шчасце, што я паспеў падняць з жорнаў камень і накрыць ім нямецкую галаву, так што не разабраць стала, ці была ў немца галава, ці так толькі гэтая крывавая каша. Паспеў я яшчэ заўважыць, як дрыгнулі нямецкія ногі і апруцянелі навек.
— Уцякай! — закрычала жонка. Я даў ходу на вуліцу, аж бачу праз адчыненае акно, што ў мяне ў хаце поўнае застолле немцаў і хапаюць з лавы зброю, а мой Тамаш замкнуў з надворку сенечныя дзверы і да мяне бяжыць з нямецкім аўтаматам. Мы з ім цераз вуліцу і ў сад і адтуль бачым, што яе, жонку, гоняць па вуліцы і страляюць па ёй. Яна ўпала. Мы з Тамашом пабеглі да яе, дык і па нас страляюць. Тамаш як сыпане з аўтамата! Немцы змоўклі. Але іх набегла зноў як плоймы. У Тамаша не было больш набояў у аўтамат, так ён і сеў макам. Адным словам, жонку забралі, а па нас стралялі, аж пакуль мы не адкаціліся за крайнюю хату. З палавіну нашага пасёлка, і жонку маю, пагналі ў лагер, а мы з Тамашом разам з усімі. Ну… Тамаш хлопец бывалы і камандаваць на вайне ўмее.