Выбрать главу

— Ну як, — сказала яна, — ты ўсё ляжала, а сёння сядзіш. Можа твая крываўка пакідае цябе?

— Мама! — моцна сказала Ліза, ведаючы, што гэта не маці. І з гэтага моманту пачаў душыць яе смутак. Ракуцьчыха скаланулася і шпарка адышлася да свайго ранейшага месца. Быццам бы хто рваў з яе душу. Магічнае слова «мама» ў абедзвюх іх скаланула душу, у малое і ў старое. Ракуцьчыха ўпала тварам на пясок і зарыдала. Ліза асталася сядзець нерухома на ўвесь дзень і на ўсю ноч, так смутак скаваў яе ўсю і яе вочы; бадай што суткі яны не сышлі з аднаго пункта дзесьці ў прасторы.

Я ў маленстве бачыў, як птушка далася аб тэлеграфны дрот і, скаваная ранамі ў нагах і крыллях, канчалася на зямлі пад дротам. У яе вачах маглі змясціцца смутак і скруха ўсяго свету. А які ж шлях трэба прайсці ад птушкі да чалавека! Лізін позірк змяніўся толькі на рассвітанні пасля той ночы, якая стала апошняй ноччу яе жыцця ў лагеры.

Тым самым тыднем, а можа, на колькі дзён раней, здушаны смуткам аб Лізе, скрухай, небытам, кашлем, стары Нявада падышоў да мэты свайго доўгага падарожжа. Ён ужо даўно, з першых жа дзён, ішоў глухімі сцежкамі, узмежкамі, цаліною — полем і паплавамі. Чым бліжэй ён падыходзіў да месца, да якога так доўга ішоў, тым мацней авалодвала ім пачуццё неспакою і трывогі. Ён гэтулькі пытаўся ў людзей пра гэтае месца, і дзе яно і хто тут жыве, і хто ім уладае — што ўжо больш і не правяраў свае дарогі, а ішоў ад нейкага свайго чуцця. Хада яго была ўжо цяжкая і павольная. Дарога яго скончылася змрокам яснага дня. Ён убачыў перад сабою бялявыя ад рэштак змытай дажджамі вапны камляватыя ствалы старога саду. Паўз увесь сад быў роў і зарослы травою вал над ім. Ад такой доўгай хады і трывогі ногі яго падгіналіся. Ён сеў на вал над ровам і падумаў: «Божа мой, як далёка да Сумліч». Сапраўды ён зайшоў вельмі далёка. Гэта была нават і не тая акруга, у якой былі Сумлічы. І не тая гэта была акруга, начальнікам якой быў маладзейшы Густаў Шрэдэр і ў якой была цяпер у лагеры Ліза, дзеля �кой ён прыйшоў сюды. Ён сядзеў над ровам і не ведаў, як жа пачаць сваю справу, і калі, і з кім, і дзе таго шукаць тут. Яшчэ не ўмеркла, і постаць яго вельмі выразна вырысоўвалася. Сярэдніх год жанчына ішла з кашом яблык паўз вал над ровам, спалохалася незнаёмага чалавека і стала абыходзіць яго стараной. Ён яшчэ больш узнепакоіўся. Душа яго ныла і трывожылася, і, каб ён мог у гэты момант праверыць сам сябе, ён знайшоў бы ў сабе больш безнадзейнасці, чым веры, і больш боязні, чым надзеі. Ён падняў вочы на жанчыну і запытаў:

— Ці тутэйшая ты, галубка?

— Ой, дзядзюхна, хто гэта!

І жанчына пайшла шпарка. Нявада заварушыўся:

— А скажы, ці Паліводскага гэты маёнтак?

— Нашто табе? Хто ты? Унь немец павярнуў сюды галаву, стаіць з аўтаматам ля брамы.

Яна подбегам пайшла к дому, веранды і балконы якога здалёк вырысоўваліся зялёным сваім колерам на фоне белых сцен.

— Калі ты маеш доступ да Паліводскага, — крыкнуў жанчыне Нявада, — дык накажы яму, што тут сядзіць чалавек, які прынёс яму тое, што ў яго адабралі на той вайне і чаго ён шукаў праз усё жыццё.

Жанчына выслухала ідучы і ўжо сапраўды-такі пабегла і знікла з вачэй. Нявада рашуча ўстаў і шпарка пайшоў к дому. Нямецкі салдат пераступіў з нагі па нагу і закрычаў нешта на Няваду так, што здавалася, гэта ён прагаўкаў, цвелячы сабак. Нявада падняў рукі ўгару і стаў на месцы. Мусіць-такі сапраўды тая жанчына мела нейкі доступ ці да самога Паліводскага, ці да якога-небудзь яго слугі, ці да кухароў, ці пакаёвак. Бо нешта вельмі адразу, як толькі Нявада стаў перад салдатам, з дома на ганак выйшлі двое ў паліцэйскай форме, і адзін штосьці сказаў салдату, а пасля расейскай мовай запытаў у Нявады, трымаючы на губах штосьці падобнае да цікаўнасці і ўсмешкі: