Выбрать главу

— Пра каго ты гаворыш! — крыкнуў нецярпліва Паліводскі, не маючы сіл адарваць вочы ад Нявадавых пальцаў.

— Ласкавенькі мой, любенькі мой, дарагі мой, душою і целам прашу, дастаньце яе з лагера і аддайце мне, каб я мог хоць пачуць, як пахне яе галава — ці пылам, ці мылам, як калі бывала ў яе. Ратуйце яе і мяне цераз гэта… Каб праз вашы вушы да сэрца дайшло… Чалавек жа, нават і акамянелы, не бывае без сэрца. Я так прашу, што аж не ведаю, ці глядзеў я калі на каго з сваім гонарам… Дзеля просьбы мае я нёс сюды цэлы месяц, прапытваў, туляўся…

Тут ён дастаў з-пад падшэўкі крыж і застыў маўкліва. Можа, ён успамінаў, ці не асталося яшчэ чаго, і не бачыў, як Паліводскі раптам збялеў тварам і рукамі зрабіў рух туды да яго. Нявада выпрастаўся і паклаў усё на стол. Поўны вялікага чакання, ён стаў перад Паліводскім і не зводзіў вачэй з яго твару. Некалькі разоў твар Паліводскага зменьваў свой колер: то чырванеў, то зелянеў, то бялеў, то зноў чырванеў. Нарэшце ён як бы абмярцвеў, і вочы быццам ашклянелі. Ён падсеў да стала і глядзеў на крыж, на якім мільгацелі нават у сваёй нерухомасці каменні.

— Нявіннае дзіця… Можа там яна дрыжыць ад крыку тоўстага салдата…

Нявада прыдумляў словы, ён не ведаў, што Паліводскі пражыў жыццё адзін, без сям’і і без дзяцей, і тое, што яму, Няваду, магло быць мэтай, Паліводскаму было нічым. Нарэшце і Нявада змоўк, і маўчанне гэтае, здаецца, навалілася нязносным цяжарам на ўвесь свет. Паліводскі раптам падпёр твар рукамі і прамыляў губамі так, што Нявада ледзь пачуў:

— Позна ўжо… няма… і не трэба! — апошняе слова ён выгукнуў мацней і зноў замыляў губамі. — Жыццё пражыта чорт ведае як… І нічога не ўдалося…

Губы яго зноў пачалі перасмыквацца, і ён стаў у ранейшай паставе, з рукамі за спіной. Нявада з жахам уздрыгануўся, спазма здушыла яму горла, і ён прахрыпеў:

— Позна? Яе расстралялі? — І ён закалаціўся, як прыгавораны к смерці.

Паліводскі закрычаў:

— Прынёс позна! Трэба было дваццаць год таму назад! — Паліцэйскі з’явіўся ў дзвярах, падазрона зірнуў на Няваду і ціха сказаў да Паліводскага:

— Яшчэ просіцца… там увесь час сядзіць. Гаворыць, што яго ўспомняць, каб сказаць, што ён сын Стафана Акаловіча.

Паліводскі разоў дзесяць засаб перасмыкнуў губамі і ўсім тварам і сказаў:

— Няхай увойдзе.

Твар яго як быццам праясніўся. Здавалася, што з думак яго сышло ўжо ўсё, апроч таго, што папрасіўся сюды. Ён падышоў да дзвярэй, каб сустрэць сына Стафана Акаловіча. Нявада трымаўся, каб не застагнаць, так ціснула яму ў грудзі і горла. Ён аж хістануўся ўбок ад жаху, убачыўшы, што ў дзвярах з’явіўся той самы малады і абарваны, якога ён тады, даўно ўжо, траха не забіў жалезам па галаве. Цяпер ён быў яшчэ больш абарваны і больш быў падобны да абцягненага скурай шкілета, як да чалавека. Паліводскі працягнуў яму руку, а той дзіка азіраўся каля сябе.

— Я сын таго Акаловіча, які меў знаёмства з вамі многа год і да якога, пад Клецак, вы заязджалі…

— Ваш бацька быў самым блізкім мне чалавекам з усіх…

— Майго бацьку немцы павесілі, — сказаў з узнятасцю Акаловіч. — Я не маю дзе галаву прытуліць, за мною, як за воўкам, палююць, дзе б хто ні сустрэў мяне… Увесь свет цесны мне. Дзе ж тая вялікая Польшча? І малое яе няма! Хто мяне адарваў ад таго месца, дзе мне прасторна было?..

Ён задыхваўся. Нявада прыліп плячыма да сцяны. Паліводскі сеў к сталу і ўнурыў твар. Акаловіч пачаў калаціцца, як пасаджаны на пакуту. Паліводскі крыкнуў Няваду (відаць было, што раптам успомніў):

— Выйдзі! — І ўставіўся сухімі вачыма ў Нявадаў твар.

Нявада, ірвануўшыся з месца, бачыў, як Акаловіч затрапятаў рукой пад запазухай і двума крокамі апынуўся перад самым Паліводскім. Нявада застыў на месцы. Акаловіч ірвануў з нетраў дзіравае адзежы штосьці малое, цёмнае, чаго Нявада не мог разгледзець. Паліводскі сядзеў унураны. Акаловіч кінуў у яго бок сваю руку. Нявада не паспеў нічога ні падумаць, ні разгледзець. Траскучы гук і дым, і Паліводскі тузануўся ўніз і грунуўся аб падлогу, галавою пад стол. Акаловіч пераскочыў цераз яго і рынуўся ў акно, але адразу ўзаскочыць на падаконнік не мог, а паспеў яшчэ прыткнуць да сцяны крэсла і тады ўжо кінуцца на двор. Нявада не паспеў апамятавацца. Паліцай, утрапёны і перапалоханы, сыпануў у пакой кулямі, але ў самы пакой не ўбег і закрычаў. Нявада падбег да акна і толькі цяпер заўважыў, што рука ў Паліводскага адкінута з-пад стала па падлозе на праход паміж сталом і акном. Паліводскі быў мёртвы — толькі цяпер уцяміў Нявада. Ён шпарка апынуўся на акне і, трымаючыся за падаконнік, гупнуў нагамі на зямлю. Як у спёку смага, яго мучыла прага хутчэй аддаліцца ад гэтага месца, да якога ён ішоў цэлы месяц і якое стала яму цяпер страшным і агідным. Ён пабег куды вочы глядзелі і заўважыў, што пад нагамі ў яго мокрая трава. Задыхваючыся, ён бег у цемень ранняй ночы, чуючы, як бяда завязвае яму свет і смутак, большы яшчэ, як калі раней, цісне яго ў зямлю. Ён не меў пачуцця таго, ці многа ён прабег. Сэрца распірала яму грудзі. Ён пайшоў павальней, і кожная нага здалася яму стопудовай. Колькі жыў ён на свеце, ён яшчэ не быў у такім жаху. Гэта была яго апошняя думка. Ззаду пачалі зноў страляць. Штосьці падобнае на кулямётную чаргу пачало абзывацца за ім раз-поразу. Ён упаў на зямлю, перачакаў, устаў і зноў пайшоў. На пятым кроку зноў трэснула і стукнула ззаду. Яго тузанула ў спіне. Ён упаў у той жа момант адразу. Ён быў мёртвы ўжо ў момант, калі дакрануўся грудзьмі і тварам зямлі.