Няхай будуць праклятыя тыя мацяркі, што пад сэрцам насілі такіх вырадкаў, як Стральчук і Станкевіч. Толькі ж яны яшчэ дужыя. У аднаго з іх стралялі два разы, а ён, мярзотнік, жыве. Ці не пара нам лепш аб'яднацца супроць мацёрых ворагаў Радзімы і пальнуць па іх дружным залпам? Бо толькі тады мы зможам заткнуць ім паршывыя горлы.
Памыляюцца, вядома, і кіраўнікі, бо яны людзі. Толькі ж памылка кіраўніка надта дорага каштуе. Асабліва калі з-за чэсці мундзіра потым не хочуць яе прызнаваць. Тады яна ўжо робіць цэлы шэраг новых памылак.
Прашу прабачэння, што затрымаў вашу ўвагу і на асабістай справе, але што мне было рабіць? Звярнуўся б да кіраўніцтва СП БССР, яно са званнямі, уладай, аўтарытэтам — павінна было б абараніць, заступіцца за літаратара, адстаяць яго. На жаль, яно ў нас не такое. От, пазычыла б тры рублі, калі б не хапала на цягнік у Грод-на, мажліва, дало б нават машыну пад'ехаць на вакзал, калі б машына была свабодная. Нават маглі б выратаваць мяне, калі б я трапіў у выцвярэзнік. Але ж да такой справы яны не спрабавалі б нават падступіцца. Вось чаму ў нас розныя сходы, пленумы, нарады часамі насілі фармальны характар, набывалі форму нейкага рытуалу, параднасці.
Слухаючы ўчора выступленне Андрэя Макаёнка, я захапляўся ім і думаў: божа, няўжо наш урад і ЦК не бачаць, што ў нашым кіраўніцтве СП БССР даўно трэба памяняць таго-сяго месцамі,— гэта ж і вам самім, таварышы кіраўнікі, будзе лепш! Хацелася б, каб на V з'ездзе мы абралі сабе такое кіраўніцтва, якое было б прынцыповым памочнікам партыі і нават падказалі б, дзе трэба нам, мякка кажучы, халастыя стрэлы, а не чакалі б толькі, што зверху загадаюць рабіць. Але я ўжо адхіляюся ад тэмы, я забег наперад, прабачце, вяртаюся назад.
Дык я намаляваў, як цяжка жыць пісьменніку на перыферыі. Хоць ты ўнясі прапанову V з'езду зацвердзіць для такіх людзей медаль, як за цаліну: пражыве літаратар год у раёне ці вобласці і чапляй яму кругленькую цацку на грудзі. А літфонд няхай яшчэ кожнаму такому члену СП БССР, як у гарачым цэху, выдае па бутэльцы малака.
Як бачыце, вытрываў Анатоль Іверс. Не слабак і Васіль, вытрывае таксама. Вытрываю і я, нават сябе цешу, што ў мяне цяпер ёсць новы матэрыял «Маёй Джамалунгмы». Атрымаецца ледзь не так, як у таварыша Кажэўнікава («Щит и меч»): з сышчыкамі, шыфрамі, разведкай і контрразведкай. Толькі на мяне потым накінуцца кры-тыкі ды закрычаць: адкуль аўтар узяў такіх тыпаў?! Аднак і гэта я вытрываю. Разглядваючы намаляваныя тры выпадкі, як адну балячку, каб сказаць — ну, дакуль у нас будуць цягнуцца рэцыдывы мінулага ды практыкавацца звычай: раней збэсціць чалавека, затаптаць, а потым ужо разбірацца — вінаваты ён ці не.
Дарэчы, успамінаецца мне выпадак з даваеннага жыцця.
У маёй вёсцы жыў панскі даносчык Ёзік Госцік. Пасля 17 верасня 1939 года машынай КДБ прыехалі яго арыштоўваць. Спыталі ў цёткі, якая капала бульбу, дзе такі жыве. А ў нас было два Ёзікі Госцікі. Цётка не ведала, якога трэба, паказала іншага.
Так і забралі невінаватага чалавека ў ваўкавыскую турму.
Ну, здаецца, памыліліся, папрасі прабачэння ды выпусці чалавека. Дык не. Праз нейкі час забралі і другога. Абодва і прасядзелі да вайны, калі турма распалася. Між іншым, правакатар з польскіх часоў потым пачаў і немцам служыць...
У сярэднявечча жанчыпу, падазраваную ў вядзьмарстве, спачатку кідалі ў рэчку. Выплыве, значыць, ведзьма, зараза,— палілі на вогнішчы. Калі ж нешчаслівая ахвяра патанула, значыць, пакойніца невінавата — выбачайце, калі ласка! Я тут не раблю абагульненняў, не прыводжу паралеляў, толькі ўспамінаю гістарычныя і бытавыя факты. А нам не шкодзіла б, ой, як не шкодзіла б часцей звяртацца да гісторыі. Бо яшчэ вельмі нядаўна бралі людзей па прынцыпе — быў бы чалавек, а справа для яго знойдзецца. Панавала не марксісцкая логіка — лепш сто невінаватых няхай загіне, чым адзін вінаваты застанецца. Ці не пара нам стаць мудрымі?
Нашыя балячкі можна пералічваць без канца. Але я не ўпаўнаважаны тут ускрываць усе нашыя недахопы. Толькі на паасобных прыкладах хачу давесці, што, на жаль, побач з дасягненнямі яшчэ недахопаў шмат. Не ведаю, як хто, а я часамі лаўлю сябе на думцы, што падобнае нешта ўжо перажываў.
Перад вайной шчырыя савецкія патрыёты, якім не засціла вочы, бачылі, што ў нас і тое адстае, і гэта робіцца не па-гаспадарску, і іншае не па-ленінску, спрабавалі падказаць каму трэба, каб справу выправіць. Тады на іх наляталі ў брызентавых ботах і ў гімнасцёрках пад Сталіна крыкуны:
Ты што ўздумаў гаварыць? У нас рай, мы шчасліва жывём, ворага шапкамі закідаем, маўчаць!
I пачыналі пытацца ў суседзяў, колькі ў цябе гектараў, хто твае бабуля, дзед. Калі ж немцы адно стрэлілі, такія гарлахвацкія першыя далі драла, пакінуўшы сумленных людзей расхлёбваць кашу.
Цяпер не 1941-шы, мы ўжо не тыя, і свет даўно іншы. Але ж трапляецца, што і цяпер, калі скажаш праўду, на цябе накінецца іншы крыкун. Гэты ўжо нават у капронавым гальштуку і вузкіх нагавіцах. I энергічны. Адно не той, якому дарагая ісціна. У сваім чыноўнічым ірвенні ён гатовы перавыканаць любы загад зверху.
Няўжо вопыт для нас нічога не значыць? Ён жа дастаўся нам такім коштам.
Танечка памалявала на паперы Бармалея і ўстрывожана закрычала:
О-ей, я яго баюся, мама!
Гэтак і мы часамі па камандзе зверху нешта арганізуем, а потым і самі пачынаем верыць у створанае. Даволі ў нас было непаразуменняў у галіне сельскай гаспадаркі, калі ўсю краіну ператварылі ў эксперыментальнае поле, замест таго каб выдзеліць на доследы сто гектараў. Да чаго такі парадак прывёў, ведаем добра. Да-ядаліся, і сакратары ЦК перад святамі атрымліваюць па 2 кг мукі (будучы ў Эстоніі ў ЦК, сам бачыў!).
Выступаю я не за мяжой, дзе трэба было б дыпламатнічаць і гаварыць не тое, што думаеш, што ведаеш. Мы сабраліся на свой форум і калі ўжо і тут, паддаўшыся ачараванню юпітэраў, вазонам з кветачкамі, плюшавым занавесачкам, аксаміту мяккіх крэслаў, не будзем казаць сабе праўду, то як глянем сваім дзецям у вочы, вярнуў-шыся дадому. На лакіроўцы не паедзеш — нават і сучасным класікам не ўдаюцца раманы пра камуністычныя брыгады.
У нас таму няма «Рэвізораў», бо і Шолахаў выступае адно супроць міністра рыбнай прамысловасці, нібы студэнт на КВН, а пры яўных недахопах чаго большага, і ён тлумачыўся толькі ў «мужской любви». I гэта не яго віна, а бяда.
Рана, ой, рана выдаюць нам на пёры гумовыя наканечнікі!
Ужо настаў момант, каб ад асобных думак у літаратуры, ад смелых выступленняў на сходах мы пераходзілі да разважлівага і сумленнага разбору і праз творчасць таго, што старэйшае пакаленне перажыло. Пасля XX, XXII з'ездаў, дзякуючы клопатам партыі, у апошнія часы ідзе якаясьці гіганцкая мазгавая работа ў галовах нашых людзей, яны раптам як бы прачнуліся ды зірнулі на свой жыццёвы шлях па-новаму. Калі ты сумленны літаратар і працуеш не толькі для начальства і ганарару — прачынайся, бо толькі тады зможаш паказаць сучаснасць.
Партыя ад нас патрабуе быць прынцыповымі, не абмяшчань-вацца і быць шукальнікамі ісціны. Баязлівае маўчанне пра адмоўнае — шкоднае. Гэта брахня, што крытыкаваць лягчэй. Кранаць балячкі не лёгка і не беспакаральна. Адвечная барацьба дабра са злом патрабуе сілы і адвагі, як слушна сказаў дэлегат XXIII з'езда КПСС Міхаіл Дудзін. Калі мы кажам, што літаратура вучыць людзей, то вучыць павінна мужнасці. Эстафета мужнасці — бесканечная. Мы, будаўнікі новага грамадства, павінны вытрымаць і несці яе, як у муках яе няслі пакаленні папярэднікаў.
Дык няхай нас не асляпляюць дасягненні тэхнічныя: машыны — не літаратура і душы чалавечай не ўзнімаюць. Ведаю выпадак, калі на суд мешчанін прывалок магнітафон з запісанай на плёнцы бруднай лаянкай суседкі па кухні. Але ж завідкі бяруць, гледзячы на дасягненні нашай касманаўтыкі, хіміі, фізікі, якія выходзяць на пер-шыя месцы ў свеце. Некалі рускі вынаходнік паравую машыну выдумаў першы, але паравоз людзям даў Стэфенсан, бо развіццё Захаду да таго часу дасягнула такога ўзроўню, калі вынаходніцтва Стэфенсана магло быць рэалізавана. Памятаючы гэта, гледзячы на дасягненні нашых вучоных, тэхнікаў, хочацца звярцуцца да некага з пераканаўчай просьбай: